Лета, мора, адпачынак — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Лета, мора, адпачынак

26 мая 2014 - Administrator
article1077.jpg

 Што могуць прапанаваць нашым грамадзянам турыстычныя фірмы, якія займаюцца арганізацыяй адпачынку?

Цераз некалькі дзён настане лета – любімая пара дзяцей і дарослых, час працяглых канікулаў і масавых водпускаў. І, трэба адзначыць, за апошнія дзесяцігоддзі летнія арыенціры многіх нашых грамадзян змяніліся значна: не толькі паўднёвае ўзбярэжжа Крыма або родныя рэкі-азёры сталі любімым месцам адпачынку, але і Турцыя, Балгарыя, Чарнагорыя… Якія магчымасці для адпачынку маюцца зараз? Што могуць прапанаваць кожнаму з нас установы, якія займаюцца арганізацыяй адпачынку і падарожжаў у Івацэвіцкім раёне?


Убачыць Парыж і…


Муж і жонка Высоцкія з Івацэвічаў – пенсіянеры. Некалькі гадоў назад яны ўзялі за правіла абавязкова адзін раз у год з дапамогай прадпрымальніка Людмілы Калюта, якая ў нашых Івацэвічах займаецца аказаннем турыстычных паслуг, накіроўвацца ў падарожжа – у тыднёвы аўтобусны тур па Еўропе. Высоцкія ўжо наведвалі Рым, Мілан, Мюнхен, Амстэрдам, Берлін…

У якую суму абыходзіцца такое падарожжа? Як  расказвае Людміла Калюта, тур па Еўропе абыходзіцца мужу і жонцы Высоцкім прыкладна ў 680 еўра з улікам візы (340 еўра на кожнага), у гэтую суму ўваходзіць праезд, начлегі ў транзітных гасцініцах, снеданне (завтрак), уваходныя білеты ў музеі і на выстаўкі… Дорага? Магчыма, так. Але калі адкладваць грошы на адпачынак або калі дапамогу на гэтую прыемную справу аказваюць дзеці, то чаму б пенсіянерам не паехаць паглядзець на белы свет?


– Экскурсійны адпачынак – запатрабаваны від адпачынку. Чаму б не наведацца ў Германію, Францыю, Аўстрыю, Італію, Галандыю? – звяртае ўвагу Людміла Калюта. – Радуе, што становіцца больш людзей, якія жадаюць выехаць за межы Беларусі, у далёкае Замежжа, каб на другіх паглядзець, сябе паказаць. 

Вы не паверыце, але апошнія пяць гадоў да нас некалькі разоў на год звяртаецца мужчына, якому больш за 80 гадоў. Куды ён толькі ні ездзіў – падабаецца!..

 Дарэчы, многія прадметы і рэчы – упрыгожанні, якасную парфумерыю, сувенірную прадукцыю – у далёкім Замежжы  можна купіць па больш нізкай цане, чым прадаюць яе ў нас. 


Тур выхаднога дня


Дастаткова папулярным відам адпачынку застаецца тур выхаднога дня, хаця ў сувязі з апошнімі падзеямі ва Украіне гэты від адпачынку моцна “пацярпеў” – жыхары Івацэвіччыны з вялікім задавальненнем ездзілі ў Кіеў, Львоў, Адэсу, Чарнігаў, Хмяльніцкі, Закарпацце, а вось зараз… Шкада: прайграюць турфірмы, прайграюць і нашы грамадзяне.


Папулярным кірункам застаецца Расія, найперш Санкт-Пецярбург, а таксама Масква, Залатое кола Расіі, нават Карэлія. Людміла Калюта звярнула ўвагу на наступнае: такія падарожжы дастаткова выгадныя: так, калі ў той жа Санкт-Пецярбург ехаць цягніком, то можна моцна “ўляцець у капейку”, бо сёння кошт чыгуначных білетаў складае ледзь не ўвесь той кошт падарожжа з турфірмай. А ўлічвайце і тое, што ў дадзеным выпадку падарожнік будзе забяспечаны нумарам у гасцініцы, прадугледжаны сняданак, прадуманы маршрут наведвання музеяў, выстаў, гандлёвых цэнтраў. Застаецца дадаць, што кошт экскурсійнага маршрута ў Санкт-Пецярбург на пяць дзён (з дарогай) складае ад 135 еўра.


Пра Крым варта забыць, затое есць Балгарыя, Турцыя


Балгарскі турыстычны рынак крочыць наперад літаральна сямімільнымі крокамі. Дастаткова сказаць, што за апошнія два гады колькасць беларусаў, якія наведалі гэтую славянскую краіну на заходнім беразе Чорнага мора, вырасла амаль у пяць разоў. І трэба думаць, што гэты паток будзе толькі пашырацца, бо ехаць у такі папулярны ў папярэднія гады Крым па палітычных прычынах большасць з нашых землякоў не асмельваецца.

– Адпачынак у Балгарыі каштуе ад 400 еўра і больш, – звяртае ўвагу Людміла Калюта. – Гэта калі ехаць аўтобусам, а вось самалётам будзе прыкладна на 100 долараў даражэй, але так – больш зручна і прыемна. Балгарыя і Турцыя – самыя папулярныя краіны з ліку тых, куды накіроўваюцца нашы грамадзяне, каб адпачыць на беразе мора. Думаю, што цікавасць да гэтых краін будзе толькі павышацца. Так, з 1-га чэрвеня ўступае ў сілу пагадненне паміж урадамі Турцыі і Беларусі, паводле норм якога грамадзяне Беларусі змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі на працягу 30 дзён не афармляючы візы…


Мая суразмоўца таксама падкрэсліла, што ўзрастае папулярнасць камбінаваных тураў, калі спалучаецца і адпачынак, і экскурсіі. Напрыклад, тур у Чарнагорыю на 15 дзён абыдзецца прыкладна ў 500 еўра з чалавека, але падарожнікі не толькі будуць прымаць сонечныя ванны на беразе цудоўнага Адрыятычнага мора, але і па дарозе наведаюць шэраг славутых мясцін поўдня Еўропы.


Людміла Калюта звярнула ўвагу на яшчэ адзін важны момант: чамусьці бытуе ўстойлівае меркаванне, што цэны на турыстычныя паслугі ў Івацэвічах больш высокія, чым, да прыкладу, у турфірмах Мінска або Брэста. Але гэта не так: дастаткова выйсці на сайт такіх турфірм, каб упэўніцца: цэны – прынамсі на тыя паслугі, якія аказвае Людміла Калюта – не вышэй, чым у Мінску або ў Брэсце. Рабіце вывады!

І добрага вам адпачынку!

Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.

Комментарии (0)
Добавить комментарий