Прыгожай быць не забароніш! — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Прыгожай быць не забароніш!

29 января 2014 - Administrator
article843.jpg

 Год назад у раёнцы з’явілася аб’ява аб тым, што на базе Лядовай арэны г. Івацэвічы ствараецца клуб фітнесу. За справу ўзяліся інструктар па фітнесу ВСУ “ДЮСШ Івацэвіцкага раёна” Андрэй Васюковіч і група падтрымкі – актывісткі з Івацэвічаў, маладыя і прыгожыя жанчыны і дзяўчаты, для якіх жаданне быць любімымі і жаданымі – святая неабходнасць.

– Радуе, што знайшліся ў Івацэвічах ініцыятыўныя дзяўчаты, займацца фітнесам з імі адно задавальненне, – расказвае Андрэй Васюковіч. – У многіх з іх, так бы мовіць, кабінетная работа, а стаць прыгожай, падцягнутай і пластычнай немагчыма, калі большую палову сутак ты толькі сядзіш за сталом. Значыць, трэба рухацца. І практыкаванні, якія мы выконваем у зале харэаграфіі Лядовай арэны, дазваляюць адчуваць сябе здаровай, дабіцца стройнасці і падцягнутасці.
 

– Прабачце, але кожная з гэтых дзяўчат магла б падобныя практыкаванні выконваць і дома…

– Калі ты трэніруешся ў складзе групы, то шансаў “філоніць” або не выконваць “непрыемнае” практыкаванне няма… Дадам, у аснове нашай работы – самыя сучасныя накірункі фітнесу. Улічвайце і той факт, што практыкаванні і нагрузку я падбіраю ў залежнасці ад стану здароўя, асаблівасцяў фігуры маіх падапечных. Усе практыкаванні – я рыхтую праграмы і раблю акцэнт на гнуткасць і эластычнасць – найбольш скіраваны на групы мышц, ад якіх у першую чаргу залежыць стройнасць жанчыны… Асноўная частка заняткаў будуецца менавіта на расцяжцы.

 

– Якія гэта практыкаванні?

– Сэнс слова аэробіка, думаю, зразумелы многім, але мы выкарыстоўваем яшчэ тры праграмы: ёга і пілатэс – сістэма трэніровак, накіраваных на аздараўленне арганізма, фізічную вынослівасць і душэўны спакой; стэп-аэробіка – трэніроўкі, якія дазваляюць мець прыгожыя ногі і ягадзіцы; прэс-ягадзіцы – комплекс практыкаванняў, якія дазваляюць зрабіць падцягнутымі вышэйзгаданыя часткі цела... Думаю, вы зразумелі, на якія групы мышц і на якія часткі цела мы робім упор. Хаця, канешне, у ходзе трэніровак задзейнічаем-загружаем усе групы мышц.

 

– Ці хапае ў вашых падапечных цярпення – хадзіць на заняткі па 2-3 разы на тыдзень?

– Створаны касцяк групы, у складзе яе дзяўчаты, якія жадаюць быць яшчэ больш прыгожымі і ведаюць, як гэтага дасягнуць. Яны бачаць вынікі сваёй работы, а гэта цудоўны стымул... Запрашаю жыхароў Івацэвічаў і раёна – далучайцеся! Прыгожая і стройная жанчына радуе не толькі сваё акружэнне, але і сябе!

 

А вось як ацэньваюць карысць ад заняткаў у групе па фітнесу пастаянныя наведвальнікі Юлія Міхневіч і Наталля Еўтух:

– Штодзённая шматгадзінная праца за камп’ютарам часта з’яўляецца прычынай кепскага самаадчування, стомленасці, дыскамфорту і нават боляў у спіне. А заняткі фітнесам дазваляюць не толькі зняць боль, але і палепшыць настрой, прывесці сябе ў добрую фізічную форму. Адчуваеш сябе цудоўна!

Гэты эфект дасягаецца дзякуючы цудоўнаму характару і педагагічным здольнасцям нашага трэнера Андрэя Васюковіча. Ён вельмі таленавіты чалавек.

Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ 

(фота аўтара).

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий