Прышчэпкам ад грыпу цвёрдае “Так!” — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Прышчэпкам ад грыпу цвёрдае “Так!”

1 октября 2014 - Administrator
article1269.jpg

 Нашы дзеці і дарослыя ўжо даўно не пакутуюць ад такіх інфекцыйных захворванняў, як натуральная воспа, поліяміэліт, слупняк, адзёр. Да адзінкавых выпадкаў знізіліся захворванні краснухай, коклюшам, вірусным гепатытам «В». Тлумачэнне таму толькі адно: гэтым інфекцыйным хваробам пастаўлены заслон, дзякуючы прафілактычным прышчэпкам. Вакцына для прафілактыкі закупляецца за мяжой, часцей за ўсё ў Францыі, Расіі, Швейцарыі, Кітаі. Эфектыўнасць іх бясспрэчная.

Усё радзей хварэюць людзі на грып, дзякуючы штогадовым супрацьгрыпозным прышчэпкам, якія ў гэтым годзе сталі абавязковымі ў календары прафілактычных прышчэпак для пэўных катэгорый людзей. Некалькі пазіцый у спісе прысвечаны найбольш схільнаму да гэтай інфекцыі дзіцячаму насельніцтву краіны. Агульны ахоп вакцынацыяй у сёлетнім плане складае больш за 40 працэнтаў насельніцтва, дзіцячаму насельніцтву ў гэтым пытанні – увага асаблівая. Прышчапіць неабходна не менш за 75 працэнтаў выхаванцаў і школьнікаў.

–  Аднак трымацца “на хвалі” такіх лічбаў з кожным годам усё цяжэй, – адзначыла загадчыца педыятрычнага аддзялення паліклінікі Марыя Васілеўская. – У век тэхналогій і інтэрнэту бацькі лічаць сябе вельмі адукаванымі ў медыцынскіх пытаннях. Давяраючы чуткам і небыліцам, мамы і таты пішуць “адказныя” ад прышчэпак замест таго, каб задаць усе пытанні педыятрам. Ды і самі дзеці, асабліва старшакласнікі, пабойваюцца невялікага болю падчас вакцынацыі і просяць бацькоў даць адмову. У выніку, у некаторых установах адукацыі сёння ахоп імунізацыяй не перавышае 20-30 працэнтаў ад агульнай колькасці вучняў. Каб выправіць сітуацыю, мы праводзім інфармацыйныя гадзіны, рыхтуем лекцыі, кансультуем бацькоў, шукаем асабісты падыход да кожнага з іх. І трэба сказаць, гэта праца не безвыніковая. На 23 верасня мы ўжо прышчапілі 1808 дзяцей (44 працэнты да плана), а ёсць і такія ўстановы адукацыі, дзе прышчэпкі ўжо атрымалі больш за 50 працэнтаў выхаванцаў. Гэта ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”, дзіцячы сад №7 “Каласок” г. Івацэвічы, амаль такія ж лічбы і ў дзіцячым садзе №3 “Церамок” г. Івацэвічы. Да наступлення эпідсезона вакцыну “Флюваксін”  павінны атрымаць яшчэ каля трох тысяч дзяцей.

Галоўныя “страхі” бацькоў найчасцей звязаны са складам вакцыны. Многія памылкова лічаць, што вакцына ўтрымлівае жывы вірус грыпу, які можа выклікаць захворванне ў дзіцяці з нізкім імунітэтам. Але з 2010 года ў нашай краіне карыстаюцца інактывіраваннай або “нежывой” вакцынай “Флюваксін” пераважна замежнай вытворчасці. У складзе такой прышчэпкі толькі нежывыя вірусы або іх асобныя часціцы. Зразумела, такая “нежывая” вакцына сама па сабе выклікаць захворванне не можа. Іншая справа, калі прышчапляецца хворае дзіця. У гэтым выпадку  нават нежывы вірус можа быць небяспечным. Папярэдзіць такія выпадкі дапамагае медыцынскі агляд урача з абавязковай тэрмаметрыяй. Яшчэ адно, як кажуць, набалелае пытанне тычыцца пабочных эфектаў, што могуць узнікнуць пасля ўвядзення вакцыны. Гэта можа быць неістотнае павышэнне тэмпературы, пачырваненне скуры або невялікі сверб вакол месца праколу. Але такія пабочныя эфекты хутка праходзяць, ды і сустракаюцца яны, па словах педыятраў, вельмі рэдка. 

Так сталася, што вакол прышчэпак заўсёды вітае шмат чутак. І ў кожнага на гэты конт свае меркаванні і свае аргументы “за” і “супраць”. Але, на мой погляд, вырашальным аргументам павінна стаць розніца статыстыкі захворванняў прышчэпленых і непрышчэпленых дзяцей на грып і разнастайныя ВРІ. Так, напрыклад, у мінулы эпідсезон з дыягназам “востры бранхіт” у стацыянары УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” трапілі 189 дзяцей, 160 з іх (або 84,6 працэнта) непрышчэпленыя, а са 148 маленькіх пацыентаў з ВРІ “забылі” прышчапіцца 117 чалавек (або 79 працэнтаў).
Гутарка з урачом:
 На самыя балючыя пытанні бацькоў у рубрыцы “Гутарка з урачом” адказала ўчастковы ўрач-педыятр Ірына Жыгар.

Пытанне 1. Калі неабходна прышчапляць дзіця?
– Стойкі імунітэт да віруса фарміруецца ўжо праз два-тры тыдні пасля вакцынацыі і захоўваецца ў арганізме на працягу года. Таму, каб падрыхтавацца да эпідпад’ёму  захворванняў, прышчапіцца неабходна ў верасні-кастрычніку.

Пытанне 2. Якія гарантыі дае супрацьгрыпозная прышчэпка?
– Канешне, 100-працэнтнай гарантыі ад захворвання вам ніхто не дасць. Аднак той факт, што вакцынацыя з’яўляецца самым эфектыўным сродкам барацьбы з грыпам і іншымі ВРІ – бясспрэчны. А калі выпадак захворвання прышчэпленага ўсё ж такі сустракаецца, то хвароба, як правіла, праходзіць у лёгкай форме і без ускладненняў. 

Пытанне 3.  Як дзейнічае вакцына “Флюваксін” у арганізме майго дзіцяці?
– Пасля таго, як у арганізм чалавека трапляе інакцівіраваны вірус або яго часткі,  пачынаецца выпрацоўка антыцелаў (абарончых спецыфічных бялкоў) рознага тыпу. Усе яны скіраваны супраць узбуджальніка захворвання. Дастатковая колькасць абарончых антыцелаў у арганізме чалавека якраз і робіць яго неўспрымальным да вірусу.

Пытанне 4. З якога ўзросту можна прышчапляць дзіця? І ці варта праводзіць вакцынацыю, калі дзіця яшчэ не наведвае дзіцячы сад і большасць часу праводзіць дома?
– Вакцынай “Флюваксін” мы прышчапляем дзетак ужо з шасцімесячнага ўзросту, больш за тое, па інструкцыі супрацьгрыпозную вакцыну дазволена ўводзіць у адзін дзень з іншымі планавымі прышчэпкамі. Гэтай магчымасцю карыстаюцца многія маладыя бацькі. А што датычыцца другой часткі пытання, то адказ адназначны: прышчапляцца неабходна ўсім дзецям, бо дзіцячы сад – не адзінае месца распаўсюджвання віруса. Разам з дзіцём бацькі наведваюць магазіны, царкву, прыходзяць на планавы медыцынскі агляд у паліклініцы, у рэшце рэшт, вірус у дом могуць прынесці і самі бацькі ці госці. 

Пытанне 5. Навошта прышчапляць дзіця, калі імунітэт можна падтрымаць народнымі сродкамі і прадуктамі харчавання?
– Існуюць паняцці спецыфічнага і неспецыфічнага імунітэту. Што датычыцца апошняга, то гэта – збалансаванае харчаванне, сон, прыём полівітамінаў і неабходных мікраэлементаў, здаровы лад жыцця і іншае. Аднак, неспецыфічны імунітэт не дае дастатковай абароны ад віруса. Лепшай гарантыяй ад захворвання на грып стане спецыфічны імунітэт, выпрацаваны дзякуючы супрацьгрыпознай прышчэпцы. 
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Комментарии (3)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев