Новы мост — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Новы мост

30 июля 2018 - Administrator
article4089.jpg

  злучыў вуліцу Набярэжную Вулькі-Целяханскай і сядзібу Целяханскага лясгаса

21 ліпеня адбылася радасная для жыхароў Вулькі-Целяханскай падзея – адкрыццё новага шырокага моста, па якім і людзям хадзіць, і аўтамабілям рухацца, як па самым кароткім шляху, каб трапіць у Целяханы праз Агінскі канал. 

Набалелую праблему будаўніцтва моста (бо папярэдні прыйшоў у нягоднасць) настойліва ўзнімала стараста вёскі Вулька-Целяханская Лідзія Юркевіч. Яна прыклала шчырыя намаганні і не адзін месяц не давала справе “патануць” у моры іншых паўсядзённых клопатаў і праблем Целяханскага краю. І вось – мост праз канал Агінскага, шырокі і надзейны, зноў злучыў вуліцу Набярэжную Вулькі-Целяханскай з сядзібай Целяханскага лясгаса. “Мост патрэбен быў найперш нашым вяскоўцам, бо гэта самы кароткі шлях у Целяханы і для пешаходаў, і для аўтамабілістаў, – казала Лідзія Фёдараўна. – Актыўна карысталіся і цяпер будуць карыстацца ім і работнікі целяханскіх прадпрыемстваў і арганізацый, і зручна і іншым жыхарам пасёлка, ды проста ўсім людзям, каму трэба ў бок нашых лясоў ці возера”. 

Стараста вёскі і жыхары Вулькі-Целяханскай выказваюць удзячнасць найперш кіраўніцтву Целяханскага лясгаса (былому дырэктару Аляксандру Лабачэўскаму, які выдзеліў спонсарскую дапамогу ў выглядзе будаўнічага матэрыялу, і сённяшняму дырэктару Юрыю Лінкевічу, які выдзяляў тэхніку на будаўнічыя работы), а таксама шчырая падзяка гучала ў адрас намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Рэгеса, які трымаў на кантролі і дапамагаў “рухаць” арганізацыйныя моманты пытання; Целяханскаму сельвыканкаму і вяскоўцам, якія прымалі непасрэдны ўдзел у будаўнічых работах. Найперш гэта мясцовы дэпутат Віктар Лукашэвіч, жыхары вёскі Васілій Місюра, Васілій Сліж, бацька і сын Леанід і Юрый Валчкевічы, Уладзімір Кудрашоў, Ігар Навіцкі, Павел Мялік, Сяргей Струнеўскі, Вячаслаў Піпко і іншыя.

25 ліпеня жыхары вёскі зноў сабраліся ля новабудоўлі – на царкоўнае яе асвячэнне. Мост асвяціў айцец Васілій, настаяцель Целяханскай царквы.
Валянціна БОБРЫК.

 

 
Комментарии (0)
Добавить комментарий