Карона для першай прыгажуні — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Карона для першай прыгажуні

13 февраля 2018 - Administrator
article3737.jpg

  Тры нашы зямлячкі прэтэндуюць на тытул “Міс Беларусь-2018”

На мінулым тыдні ў Брэсце прайшоў абласны этап адбору нацыянальнага конкурсу прыгажосці “Міс Беларусь-2018”. Дарэчы, тур у нашым абласным цэнтры  сабраў рэкордную колькасць дзяўчат ­– больш за 80. Прыемна, што ў ім прымалі ўдзел шасцёра прыгажунь, якія прадстаўлялі Івацэвіччыну, а трое з іх прайшлі далей – на рэспубліканскі этап.

Крытэрыі адборачных этапаў «Міс Беларусь» не адрозніваюцца ад іншых конкурсаў прыгажосці: запрашаюцца дзяўчаты ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў, з добрымі знешнімі дадзенымі і ростам не ніжэй за 174 см. У канкурсантак не павінна быць пірсінгу і татуіровак. Прэтэндэнтка павінна мець не толькі добрыя знешнія дадзеныя, але і быць таленавітай, не баяцца паказаць сябе і свае здольнасці. Удзельніцам неабходна было прайсці некалькі этапаў кастынгу. Спачатку знаёмства з адборачнай камісіяй, у якую ўваходзілі тэлевядучыя Дзяніс Кур'ян і Іван Падрэз, а таксама дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Алена Троіцкая, «Міс Беларусь-2008» Вольга Хіжынкова і іншыя. Яны задавалі нечаканыя пытанні і заданні. На разважанні – ні секунды. Пры гэтым дзяўчаты не павінны былі забываць аб міміцы, ім трэба было трымаць выправу, усміхацца. Журы вырашала, хто з прыгажунь праходзіць далей, і запрашала іх на дэфіле ў купальніку, а потым на фотасесію. Брэст, Пінск, Ганцавічы, Баранавічы, Столін – гэта далёка не ўся геаграфія ўдзельніц кастынгу. Прыйшлі  змагацца за тытул першай прыгажуні краіны фінансісты і будаўнікі, бухгалтары і маркетолагі, настаўнікі і рэжысёры, і нават супрацоўнік следчага камітэта. 

Івацэвіцкі раён на кастынгу прадстаўлялі рэжысёр народнага тэатра Целяханскага ЦКіВЧ Вікторыя Наліўка; студэнтка Мінскага медыцынскага каледжа Марыя Марціновіч; настаўніца англійскай мовы, якая працуе ў Мінску, Хрысціна Грыпіч; выпускніца Нацыянальнай школы прыгажосці, студэнтка БДЭУ Марыя Ванэка; выпускніца школы мадэляў Сяргея Нагорнага Вікторыя Горбач, супрацоўніца Ганцавіцкага раённага следчага камітэта і наша зямлячка Марыя Собка, якая прадстаўляла горад Ганцавічы.  Для ўдзелу ў конкурсе будуць адабраныя 80 прэтэндэн-
так з усёй Рэспублікі Беларусь, толькі 30 з якіх у выніку змогуць прыняць удзел у фінале Нацыянальнага конкурсу прыгажосці, які пройдзе ў Палацы Рэспублікі ў маі 2018 года. 30 паўфіналістак на працягу прыкладна трох тыдняў будуць рыхтавацца да конкурсу, шліфаваць свае ўменні і навыкі, набываць новыя, у тым ліку мадэльныя і акцёрскія, працаваць з дыетолагамі, фітнэс-трэнерамі, удзельнічаць у дабрачынных мерапрыемствах. Шанец апынуцца ў ліку гэтых прыгажунь атрымалі Вікторыя Горбач, Марыя Собка і Марыя Ванэка.

Мы папрасілі ўдзельніц расказаць, як праходзіў кастынг, і падзяліцца сваімі эмоцыямі. На жаль, некаторыя з іх не могуць каментаваць свой удзел у шоу па доўгу службы, некаторыя чакаюць вынікаў рэспубліканскага кастынгу і пакуль не хочуць заглядваць наперад. Але асобныя меркаванні мы ўсё ж такі пачулі.

У адной з першых троек канкурсантак выходзіла на сцэну Марыя Ванэка, яе канкурэнткі па тройцы – са Століна і Маладзечна. У сваёй візітоўцы Марыя расказала, што ў дзяцінстве наведвала шмат секцый і гурткоў па інтарэсах, дзе навучылася танцаваць, шыць і вышываць. На пытанне журы: якое хобі адрознівае вас ад іншых канкурсантак, Марыя адказала, што піша вершы і захапляецца кулінарыяй. І ў пацверджанне сваіх слоў пачаставала членаў журы рагалікамі ўласнага прыгатавання. Журы таксама адзначыла высокую якасць фотапартфоліо Марыі.

– Я ведала, што кожную ўдзельніцу будуць пытацца аб талентах. Але мала гаварыць – трэба дэманстраваць і, як у маім выпадку, дэгуставаць. Таму я падрыхтавалася загадзя, – расказала Марыя. – Я іду да сваёй мэты і спадзяюся, што мае намаганні не дарэмныя. Але пакуль што рана аб гэтым казаць, трэба чакаць рэзультатаў. Увогуле, любы конкурс прыгажосці – гэта не пра дабрыню і дружбу, гэта выпрабаванне, дзе кожны сам за сябе, як выявілася. Было шмат слёз у тых, хто не прайшоў. Гэты конкурс – добры старт для прафесійнай кар’еры мадэлі, але не трэба ставіць кропку, калі ты не прайшла. Ёсць іншыя шляхі рэалізаваць сябе ў мадэльным бізнэсе.

Марыя Марціновіч з аграгарадка Гошчава не прайшла ў далейшы этап, але ніколькі не пашкадавала, што ўсё ж такі вырашыла прыняць удзел у кастынгу.
– Я б шкадавала больш, калі б зусім не паспрабавала свае сілы. Усё ж такі гэта вялікі вопыт. Было цікава бачыць, як выглядае шоу знутры і быць яго часткай. Нягледзячы на тое, што гэта конкурс, дзяўчаты былі ветлівыя, дапамагалі адна адной, падказвалі, як правільна прадэфіліраваць, як перамагчы хваляванне і лепш выступіць перад журы. Спачатку, калі сказалі, што чакаюць праз два гады, я вельмі засмуцілася. Зараз я разумею, што гэта быў бясцэнны вопыт. І калі я вырашу яшчэ раз паўдзельнічаць у кастынгу, я ўжо буду ведаць, куды я іду, выпраўлю былыя памылкі, буду больш падрыхтаваная і смелая. Бо ўсё, што ні адбываецца, да лепшага. Гэта была цікавая і поўная эмоцый прыгода. Мне 18 гадоў, і яшчэ ёсць час на работу над сабой, хто ведае, можа, праз два гады я зноў пайду на кастынг “Міс Беларусь”.

Вікторыя Наліўка адна з тых канкурсантак, якія вельмі ўпэўнена трымаліся на сцэне, а такіх было няшмат, што адразу заўважылі члены журы.
– Я ехала на кастынг за новымі эмоцыямі і ўражаннямі. І я іх спаўна атрымала. Хочацца адзначыць, што арганізаваны кастынг быў на вышэйшым узроўні. Усё добра распланавана, нас сустрэлі, прывялі на рэгістрацыю, расказалі, што і за чым, у якім парадку будзе ісці, – расказала Вікторыя. – Журы вельмі ветліва сустракала канкурсантак. Але пад канец кастынгу было бачна, што яны стаміліся, нават пытанняў менш задавалі. Пытанні былі розныя, у залежнасці ад таго, як ты сябе прэзентуеш. Дзяўчыну, якая была са мной у тройцы, папрасілі расказаць пра родны горад – Івацэвічы – на англійскай мове, бо яна настаўніца англійскай мовы, у мяне запыталіся, што мяне радуе ў паўсядзённым жыцці. Канешне, у журы ўжо навостраны погляд, яны шмат дзяўчат бачылі ў розных гарадах. Таму адразу ж ацэньваюць твае параметры, здольнасці, уменне трымацца на сцэне. Пасля кастынгу члены журы сказалі, што мне трэба на іншы кастынг – у тэлевядучыя, бо я выявілася адной з тых, хто не баіцца сцэны. Гэта было вельмі прыемна пачуць. Было цікава назіраць за тым, як дзяўчаты рыхтаваліся, якая атмасфера была ў зале чакання. Некаторыя падтрымлівалі адна адну, некаторыя трымаліся асобна. А што рабілася пасля кастынгу і расказаць не магу, гэта трэба бачыць. Хтосьці крычаў ад радасці, хтосьці рыдаў. Я ніколькі не пашкадавала, што наведала адборачны тур. Гэта вялікі досвед для мяне. Прыемна было пазнаёміцца з новымі людзьмі і атрымаць пахвалу журы. Хто ведае, можа, сапраўды паспрабую свае сілы на кастынгу тэлевядучых.

Жадаем нашым прыгажуням поспеху і спадзяёмся, што зможам пабачыць іх у фінале конкурсу “Місс Беларусь-2018” і аддаць свой голас менавіта за іх.
Ганна Ільяшэвіч, 
фота з ютуб-канала “АНТ”.
на здымку: (злева направа) Хрысціна Грыпіч, Вікторыя Наліўка і Марыя Марціновіч.
Комментарии (0)
Добавить комментарий