Купалінка, Купалінка, цёмная ночка… — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Купалінка, Купалінка, цёмная ночка…

9 июля 2018 - Administrator
article4046.jpg
Народнае свята “Купалле” прайшло ў Быцені 6 ліпеня і сабрала больш за паўтары тысячы чалавек, сярод якіх толькі артыстаў было некалькі дзясяткаў.

Задумвалася і анансавалася свята як раённае. Правядзенне яго не ў райцэнтры цалкам апраўданае. Няма сёння вялікіх праблем жадаючым патрапіць у любую кропку раёна, гэта адно. Другое: трэба, каб і перыферыя раёна мела свае “брэндавыя”, як кажуць сёння, святы. Быценскае “Купалле”, забягаючы наперад, мае ўсе шансы стаць такім. Бо свята атрымалася, нягледзячы на многія складанасці і сумненні перад яго правядзеннем. 


Мяркую, не аднаго мяне хвалявала пытанне: як яно будзе? Чым напоўнена? Якім сэнсам і духам?

Ні разу не жадаючы браць на сябе ролю эксперта ў пытаннях правядзення масавых культурных мерапрыемстваў, выкажуся як больш-менш дасведчаны шараговы яго ўдзельнік, якому давялося раней пабыць на падобных святах у некаторых іншых мясцінах. Так што параўнаць ёсць з чым.

Пытанні  наконт духу свята і яго скіраванасці зніклі ў першы ж момант, ледзь мы пабачылі імправізаваны “кантрольна-прапускны пункт” на святочную пляцоўку. Гасцей сустракалі вясёлыя жанчыны ў вянках, сустракалі жартамі, прыпеўкамі і патрабавалі пэўную плату за ўваход: ці спець, ці станцаваць, ці загадку загадаць… А ўзнагародай былі вяночкі кожнаму. Дарэчы, вяночкі можна было сплесці самому – тут былі сталы з нарванымі лугавымі кветкамі, можна было ўзяць ужо сплецены. Далей можна было пачаставацца дамашнімі прысмакамі – выпечкай ды напоямі з траў (чым і карысталіся госці-падлеткі з вялікай ахвотай). Такім чынам, скіраванасць на пазітыў госці атрымлівалі з першых сваіх крокаў. І свята ад уваходнага “КПП” выяўляла сваю сутнасць як менавіта народнага, як свята ўслаўлення квітнеючай прыроды.

 
 
 
Крыніцай сапраўднай беларускай духоўнасці і культуры стаўся шматгадзінны канцэрт, які пачаўся з відовішчнага пралогу.
 
 
Сам канцэрт – гэта яскравае суквецце  народных і аматарскіх калектываў: “Іванічы”, “Гарталянка”, “Каланянка”, “Спадчына”, “Ліра”, “Медуніца”, “Крынічанька”, у выкананні якіх прагучалі ці не ўсе вядомыя купальскія песні і іншыя. А яшчэ свае выступленні дарылі гледачам вакальная група Быценскага СДК і больш за два дзясяткі артыстаў-выканаўцаў. 

 
Адзначу: цягам усяго канцэрта вядучыя не стамляліся знаёміць прысутных з гісторыяй Купалля, яго адметнасцямі і асаблівасцямі ці то ў форме віктарыны, ці караценькіх інфармацый. Не абышлося, вядома ж, без ведзьмаў у канцэрце, забаў ды частушак. І як ніколі і нідзе арганічна, прыгожа гучала на народным свяце родная мова – і з вуснаў вядучых, і ў песнях выканаўцаў, падкрэсліваючы і ўслаўляючы самабытнасць нашага народа.
 
 
Колькі слоў пра саму арганізацыю свята. Пляцоўка была выбрана амаль бездакорна. Прадумана і кампактна размясціліся і палаткі райста з шашлыкамі (гэта страва ў той вечар карысталася найбольшай папулярнасцю) і напоямі, і сталы для частавання,  і дзіцячы гарадок з атракцыёнамі (была нават карусель), і цэнтральная сцэна, і вогнішча, і зусім блізка – рачулка з мастком (які, дарэчы, быў падрамантаваны да свята). З двух бакоў агароджаная дрэвамі месца ўдавала на лясную паляну, дзе было і ўтульна, і вольна нават для вялікай колькасці людзей. Адкрыем невялікую таямніцу: месца для правядзення свята шукалі не адзін дзень, паглядзелі розныя варыянты…

 
Даволі збіты ўжо выраз – ішлі цэлымі сем’ямі, але тут яго не ўжыць нельга: сапраўды, свята найбольш радасці падарыла дзецям, якіх тут было ўсіх узростаў, пачынаючы ад месячнага. Дарэчы, гэта яшчэ адна перавага ў правядзенні свята такога ўзроўню па-за межамі райцэнтра: вясковыя дзеці і іх бацькі, дзядулі ды бабулі таксама вартыя нашай увагі. Моладзь “тусавалася” ў розных месцах, недзе прама на траве, знайшліся ахвотнікі і паганяць мяч.

 
Чаго не хапіла святу? Ну, удасканальвацца можна бясконца, гэта вядома, і арганізатары самі пабачылі тыя моманты, якія патрабуюць увагі ў наступны раз. А мы адзначым пытанні інфарматыўнасці непасрэдна на святочнай пляцоўцы. Асобныя гульнявыя месцы ды конкурсы варта было б пазначыць, ці абвясціць пра іх праз мікрафон, запрасіць да ўдзелу. Напрыклад, шпурлянне мужчынамі і юнакамі звычайнай мятлы не сабрала досыць многа ўдзельнікаў толькі з-за гэтага – адсутнасці інфармацыі. Добра папрацавала дзіцячая забаўляльная пляцоўка, але і тут дзяцей магло быць на парадак больш. Падпальванне кастра  магло б прайсці асобнай тэатральнай дзеяй, як гэта атрымалася з пусканнем вяночкаў у рачулку: за маладымі дзяўчатамі з вянкамі ішлі жанкі – удзельніцы “Спадчыны” і спявалі купальскія песні, у тым ліку і пра вяночак. І цалкам дзея на масточку, да якой далучыліся госці-дзяўчаткі, атрымалася па-сапраўднаму жывой і захапляльнай. Але, як кажуць, усё адразу не схопіш, тым больш, улічым і магчымасці арганізатараў і рэжысёраў, дзе абмежаванні ў рэсурсах ды людзях – рэч, на жаль, звычная. 
 

…Палала купальскае вогнішча, атуленае з усіх бакоў удзельнікамі свята, на сцэне з’яўляліся новыя выканаўцы, гучала музыка… Яшчэ б адно адзначыў – добразычлівасць усіх, шчырую гасціннасць быценцаў і іх адчувальны ў той вечар гонар – яны прымаюць раённае свята. Трошкі ведаючы пра закулісны бок, нельга не адзначыць вялікую работу арганізатараў. І шматдзённую карпатлівую працу рэжысёра гэтага свята – Алены Цітовай, якая сёння ведае пра Купалле, можа, найбольш за ўсіх у раёне. Бо без ведаў сапраўднага не атрымаецца.
У нас – атрымалася. 
 
 
 
 
Валерый ГАПЕЕЎ, 
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий