Новыя прыступкі поспеху целяханскіх баяністаў — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Новыя прыступкі поспеху целяханскіх баяністаў

article3962.jpg

Юныя целяханскія баяністкі проста пужаюць канкурэнтаў сваім паспяховымі выступленнямі на значных музычных конкурсах, а землякоў не перастаюць уражваць. Здаецца, тут талентамі зямля дыхае: адны вырастаюць і распраўляюць крылы за межамі Целяханаў і краіны, а другія падрастаюць і становяцца годна на іх месца.

Так, на ІІІ Міжнародным конкурсе-фестывалі “Баян. Акардэон. Гармоніка”, які адбыўся напрыканцы красавіка ў Маскве і праводзіўся з прадастаўленнем гранта Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі на развіццё грамадства з Фонду прэзідэнцкіх грантаў, баяністка Яўгенія Крываль, вучаніца Анжалікі Алегаўны Тысевіч, педагога ДУА “Целяханская дзіцячая школа мастацтваў”, заняла 3-е месца. Ёй уручаны дыплом з прысваеннем звання лаўрэата Міжнароднага конкурсу і каштоўны прыз, які быў выраблены ў Італіі спецыяльна для пераможцаў конкурсу. Гэта вялікая перамога, бо Яўгенія была лепшай сярод 250 удзельнікаў і саступіла па майстэрстве толькі навучэнцам г. Масквы: першае месца – у вучня з музычнай школы Расійскай акадэміі музыкі ім. Гнесіных, а ў вучня заслужанага настаўніка Расійскай Федэрацыі – 2 месца. Адкуль толькі не прыехалі на гэты конкурс удзельнікі: Масква і Маскоўская вобласць, Саратаў, Курган і вобласць, Уладзімірская вобласць, Луганск, Башкартастан, Даўгаўпілс (Латвія), Пензенская вобласць, Самара, Казань, Сургут, Белгарад, Стаўрапаль, Чабаксары, Архангельская вобласць, Цюмень, Тамбоў, Екацерынбург…

Для дзяўчынак Целяханскай школы мастацтваў паездка на конкурс стала сапраўдным святам музычнага мастацтва. Яны атрымалі магчымасць заявіць аб сабе, аб сваім творчым патэнцыяле і аб сваёй малой радзіме – Целяханах – на ўвесь свет. Яскравы талент быў заўважаны і ацэнены высока. Бясцэнны вопыт – не хвалявацца – атрымала і Вольга Касіян, імя якой у турнірнай табліцы конкурсу стаяла таксама даволі высока. А яшчэ дзяўчынкі мелі магчымасць падчас паезд-
кі пазнаёміцца з Масквой, з яе гістарычнай архітэктурай, пабываць на Краснай плошчы і ў іншых знакамітых месцах.

Па дарозе дадому, прама з Масквы, юная баяністка Вольга Касіян, вучаніца Вадзіма Леанідавіча Галоўчыка, педагога  Целяханскай ДШМ, стала пераможцай самага важнага для маладых музыкантаў рэспубліканскага конкурсу імя І. І. Жыновіча – 3-е месца. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты. Конкурс праводзіцца адзін раз у тры гады па намінацыях “Баян”, “Акардэон”, “Цымбалы” і інш.

Галоўны рэспубліканскі конкурс праходзіў у Мінску ў Акадэміі музыкі ў тры этапы. Тут ужо Вольга паказала ўсё, на што была здольная, не даючы разбегу для хвалявання. Скажу шчыра, для любога дзіцяці гэта вельмі няпроста ў любой больш-менш важнай сітуацыі, а калі конкурс такой значнасці, то трэба валодаць жалезнай воляй і сілай. Перамога ў VІІІ Рэспубліканскім адкрытым конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя І. І. Жыновіча – гэта адназначна небывалы поспех для раёна.

Валянціна БОБРЫК.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий