Падтрымка талентаў... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Падтрымка талентаў...

15 августа 2013 - Administrator
article528.jpg

 Дзве публікацыі ў нашай раёнцы, змешчаныя на нашым сайце http://ivatsevichy.by, выклікалі вялікі рэзананс у наведвальнікаў рэсурсу. Колькасць каментарыяў – як ні на адзін ранейшы матэрыял. Шчыра кажучы, не ўсе каментарыі і дапускаліся да публікацыі. Тут патлумачу, што сайт раёнкі зарэгістраваны як сродак масавай інфармацыі, і ў першую чаргу мы самі (і я, як адміністратар) нясем адказнасць за ўсё, што там з’яўляецца, у тым ліку і каментарыі. І калі ў іх ёсць элементы беспадстаўных абвінавачванняў, абразы – каментарыі не пройдуць, як іх аўтары ні крыўдуюць. Пішу гэта да ведама будучых каментатараў.

 

Размова ідзе пра публікацыі аб поспехах нашых юных музыкантаў і спевакоў: пра перамогі ў міжнародным фестывалі “Новая хваля ідэй” (Балгарыя) Ульяны Пешкавай; у міжнародным фестывалі “Вясёлая вясёлка-2013” (Украіна) Дзмітрыя Ляўчука і Юрыя Скакуна.
Каментарыі былі самыя розныя, але зводзіліся да трох асноўных тэм. Першая – віншаванні пераможцам.
“Ребята – молодцы! Так держать! Особенно это касается первоклассника – теперь эту планку придется держать – сил и удачи!!! Преподавателю респект! Сам занимался в музыкальной – это ж сколько сил и времени вложил человек в ребенка?!”
 
“Смотрела запись выступления и награждения – как красиво неоднократно звучали слова со сцены Одесской филармонии “награждается ... Республика Беларусь, г.Ивацевичи”, “выступает ... Республика Беларусь, г.Ивацевичи”! Это ТАКОЕ достижение для нашего города, что просто гордость распирает, что не подвели, смогли, подготовились, прорвались... Вы наша гордость, вот с кого надо брать пример. Ребятам ОГРОМНОЕ СПАСИБО!”
Другая: калі нашы таленавітыя землякі атрымалі перамогі ў такіх міжнародных конкурсах, то хіба яны не вартыя таго, каб у раёне паклапаціліся пра вылучэнне іх на стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі?
“Вот интересно, поддержит ли район ребят?! И вопрос редакции – есть ли в районе президентские стипендиаты??? Если нет, то вполне можно представить ребят на стипендию – по-моему, довольно заслужено!!!”.
Трэцяя: чаму ўдзельнічаць у такіх конкурсах юным талентам давялося за кошт сваіх родных і блізкіх? Няўжо наш раённы бюджэт не мог выдаткаваць колькі там грошай на гэта мерапрыемства? Хіба ж пераможцы не праславілі наш раён, наш горад? Уявіце толькі: у Балгарыі, у Адэсе гучала назва нашага райцэнтра. Як гэта прыемна павінна быць, як значна для нашага раёна і яго райцэнтра…
------------
Пра стыпендыю фонду падтрымкі таленавітай моладзі мы пакуль размаўляць не будзем. Абмяжуемся адно тым, што справа гэта не такая і простая, як падаецца на першы погляд. Калі паглядзець больш пільна на спіс стыпендыятаў, то пабачым, што большасць там – будучыя (ва ўсякім разе, менавіта такі разлік) вучоныя. І тут здзіўляцца няма чаму.
Пагаворым пра трэцяе: чаму раён не прафінансаваў паездкі нашых талентаў на фестывалі?
Давайце напачатку дамовімся абыходзіцца без асобаў. Гэта важна, каб нікога з нашых талентаў не пакрыўдзіць.
 
-----------------
А пачнём мы з простага пытання: чым ёсць сёння тыя самыя міжнародныя фестывалі?
Вы не задумваліся, чаму яны ладзяцца зазвычай у курортных мясцінах?
Правільна, дзеля прыцягнення турыстаў. Тут няма нічога заганнага. Але ж колькасць такіх фестываляў сёння – вялізная. Так, у іх арганізацыю ўкладваюцца грошы. Але (зноў жа – такая рэчаіснасць!) ад пачатку такія фестывалі маюць камерцыйны характар. Іх арганізатары разлічваюць на прыбытак. І яны яго маюць. Як правіла, удзел у фестывалях адбываецца толькі за лік саміх  удзельнікаў. Арганізатары фестываляў трацяць свае грошы на запрашэнні аўтарытэтнага журы, выступленні вядомых зорак, арганізацыйныя моманты.
 
Далёка не ўсе фестывалі маюць статус сур’ёзных конкурсных мерапрыемстваў, далёка не ўсе ўзнагароды фіналістаў пасля могуць быць аўтарытэтнымі дакументамі пры паступленні яго гаспадароў у розныя навучальныя ўстановы. Але, безумоўна, ёсць і адваротныя прыклады. Што тычыцца, да прыкладу, таго ж фестывалю ў Адэсе: акрамя  суддзяў у журы, на фестывалі працуюць (менавіта так – працуюць) прадстаўнікі самых розных устаноў з розных краін. Яны назіраюць, яны вывучаюць, яны пасля сыплюць прапановамі. Так, вось і аднаму нашаму земляку падчас фестывалю тут жа паступіла прапанова вучыцца ў адной з расійскіх кансерваторый.
Па сутнасці, фестывалі – кірмашы талентаў. Зноў жа, з аднаго боку нічога дрэннага ў гэтым няма для таленавітых удзельнікаў. Калі толькі не ўлічыць той момант, што купляць таленты можа найбольш той, у каго глыбокая кішэня з грашыма. Не толькі Беларусь, але шмат якія краіны пахваліцца такой кішэняй не могуць.
 
---------------
Уявім гіпатэтычную сітуацыю. Вось да раённай улады звяртаюцца не двое, а пяцёра чалавек, якія хочуць удзельнічаць у  фестывалі, скажам, у Балгарыі. Грошай на ўсіх няма, ды і, прызнаемся шчыра, калі ў гэтым годзе задаволіць патрэбы пяці, на наступны год прыйдзе па грошы дваццаць – гэта нават аспрэчваць не хочацца, бо гэта ў нас у крыві, кажу без жадання некага асабіста пакрыўдзіць.
Дык вось, ёсць пяцёра. А грошай – на аднаго. Каму даць? Рашэнне трэба прымаць з улікам ацэнкі, да прыкладу, школы мастацтваў ці Дома культуры. Гэта значыць, нейкаму выкладчыку трэба браць адказнасць за выступленне таго ці іншага кандыдата. Як вы думаеце, хіба тут абыдзецца без смяротных крыўд?
Гэта з аднаго боку. З другога: наша культура атрымлівае фінансаванне на ўдзел у фестывалях рэспубліканскага ўзроўню. І тлумачэнне тут простае – гэтыя фестывалі плануюцца заранёў, пра іх ведаюць работнікі культуры, ведаюць умовы правядзення, колькасць фестывальных дзён. Іншымі словамі, да такіх фестываляў можна падрыхтавацца і фінансава, гэта значыць – закласці ў расходную частку бюджэту грошы. Планавасць правядзення фестываляў і іншых мерапрыемстваў рэспубліканскага ўзроўню дае магчымасць і ўдзелу ў іх як мага большай колькасці навучэнцаў, скажам, школы мастацтваў. Калі ўтрыравана, то “сёння – ты, а ты – на наступны год”. І крыўды няма…
 
Удзел у фестывалях за мяжой запланаваць нельга. Сёння – Крым, заўтра – Адэса, пазаўтра – Туапсэ. Сёння пяцёра хочуць на фестываль у Польшчу, заўтра ужо дваццаць просяць фінансава забяспечыць удзел у Літоўскім фестывалі. І як быць? Каго адправіць, каго пакінуць на месцы, каго ашчаслівіць, каго пакрыўдзіць? І як угадаць, хто ўзыдзе на п’едэстал, а хто проста адпачне на моры?
Вось тут давайце задумаемся на момант, зноў жа, без крыўды: грошы укладваюць у сябе ці сваіх дзяцей толькі тыя, хто верыць у поспех сябе ці сваіх дзяцей.  А калі будзе магчымасць паўдзельнічаць у фестывалі на беразе Чорнага мора бясплатна, за кошт бюджэту, ведаем самі дакладна, з’явіцца не трое-чацвёра, а дзесяць жадаючых.
Зрэшты, каб былі тыя грошы ў такой колькасці, як патрэбна, то хіба б узнікалі якія пытанні? 
 
-------------
Удзел у замежных фестывалях – гэта праблема не толькі асобных творцаў, гэта галаўны боль і для ўстаноў культуры. Калі юны талент у сваім маладым жыцці звязаны з творчым працэсам праз навучанне, удзел у вялікіх і малых конкурсах, то справа з народнымі мастацкімі калектывамі выглядае нашмат складаней. Да прыкладу, тыя ж “Іванічы”. Калектыў развіваецца ў сваім майстэрстве тады, калі выступае, удзельнічае ў конкурсах. Для яго розныя фестывалі – жыццёва неабходныя. Бо не забываемся на тое, што ў народных калектывах – аматары, іх дзейнасць не звязана наўпрост з мастацтвам, яны не могуць штодзённа ці хоць два разы на тыдзень рэгулярна збірацца, ладзіць рэпетыцыі, працаваць над рэпертуарам. І калі прыходзіць у Івацэвіцкі ГДК запрашэнне на ўдзел у фестывалі патрэбнага кірунку недзе за мяжой – хоць плач. Бо калі і размяшчэнне за лік прымаемага боку, калі пражыццё аплацяць самі артысты, то як быць з транспартнымі выдаткамі, калі сума сягае за многія дзясяткі мільёнаў? Дзе знайсці тыя грошы, якія ж, да ўсяго, патрэбны тэрмінова?
 
-------------
Выхад адзін, і вы здагадваецеся, што я маю на ўвазе. Так, спонсары. Зрэшты, у адносінах да культуры мне б хацелася ўжыць не замежнае, а несправядліва забытае сваё – мецэнаты. Бо менавіта так раней называліся людзі, якія фінансава, добраахвотна падтрымлівалі мастакоў, спевакоў, паэтаў і пісьменнікаў. Адным словам – культуру. І пайшло гэта слова яшчэ ад Рымскай імперыі, калі заможны рымлянін Гай Мецэнат апекаваў культуру.
У Расіі рух мецэнацтва быў вельмі пашыраным, мецэнаты былі паважанымі людзьмі, шырока вядомымі. Адзін з першых прамыслоўцаў – Дзямідаў – аказваў падтрымку многім рускім пісьменнікам, мастакам. А вядомейшая ў свеце Траццякоўская галерэя? Просты маскоўскі купец Павел Траццякоў пачаў збіраць карціны мастакоў, як вядомых, так і зусім не вядомых. Заказваў карціны і скульптуры маладым, пачынаючым, плаціў ім грошы. І ўрэшце цалкам усю сваю галерэю перадаў у дар гораду – Маскве. Гісторыя мецэнатаў Расійскай імперыі налічвае сотні прозвішчаў.
 
І тое, чаго дасягнула навука і культура Расійскай імперыі, больш чым напалову заслуга менавіта мецэнатаў. Яны не толькі дапамагалі грашыма асобным талентам, але і адкрывалі школы мастацтваў, тэатры, навучальныя ўстановы, фінансавалі навуковыя экспедыцыі, выстаўкі.
Таму сёння абсалютна няправільна, на мой погляд, лічыць мецэнатства, падтрымку талентаў  заможнымі людзьмі як праяву слабых фінансавых магчымасцей дзяржавы. Гэта катэгарычна не так. Мецэнаты, апрача ўсяго іншага, гэта яшчэ і своеасаблівы паказчык таго, у якой ступені само мастацтва запатрабавана людзьмі, у якой ступені людзі зацікаўлены ў яго развіцці. Царская Расія здолела на дзяржаўным узроўні праз выданне спецыяльных законаў зрабіць мецэнацтва не толькі пачэснай справай, але і ў пэўнай меры выгаднай для саміх мецэнатаў. Няхай тое больш тычылася маральнага боку. Да прыкладу, вядомыя мецэнаты запрашаліся на прыём да цара, ім даваліся ганаровыя званні…
 
----------
Наш раён, заўважу з прыемнасцю, не бедны на людзей, здольных ахвяраваць на развіццё культуры. Самі заўважаеце, як пасля розных мерапрыемстваў з’яўляюцца ў нас публікацыі, дзе найчасцей сустракаецца пералік тых, хто фінансава дапамог у добрай справе. Ды і сам асабіста сутыкаўся з чулымі, спагадлівымі людзьмі. Выданне кніжкі вершаў Анатоля Галушкі – гэта дзякуючы мецэнатам.
 
Канешне, хацелася б большага. Хацелася б шырокай падтрымкі кожнага таленавітага расточка ў нашым раёне. Але для гэтага павінны і людзі жыць у нас багатыя, і іх павінна быць многа. Ды сёння вядома і іншая практыка. У адным з невялікіх расійскіх гарадоў прадпрымальныя заможныя людзі, якія не маглі заставацца па сваіх маральных і духоўных якасцях убаку ад культуры горада, стварылі свой савет мецэнатаў. У савеце акумуляваліся  самыя розныя ахвяраванні, адтуль жа фінансаваліся тыя ці іншыя мерапрыемствы ці асобныя дзеячы культуры, юныя таленты. Чым не прыклад для пераймання?
А завяршыць мне б хацелася каментарыем на сайце:
“А сутнасць усёй палемікі такая – усё будзе добра!! Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца! Па-іншаму і быць не можа, таму як мы – ня шэрая маса, і можам, і хочам дамагацца сваіх мэтаў. Гэта нам, дарослым, прыклад, і магчыма, на такіх прыкладах мы станем крыху лепш, мякчэй і дабрэй і будзем часцей усміхацца адзін аднаму” 
egor.
Валерый ГАПЕЕЎ.
 
Комментарии (40)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев