Помнік ад удзячных нашчадкаў — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Помнік ад удзячных нашчадкаў

article3940.jpg

Беларуская зямля нарадзіла шмат таленавітых і ўнікальных людзей, годных шанавання і глыбокай павагі. Адно з самых пачэсных месцаў адведзена нашаму славутаму земляку Тадэвушу Касцюшку. І вельмі сімвалічна, што знакавая падзея – устаноўка і адкрыццё помніка Тадэвушу Касцюшку ва урочышчы  Марачоўшчына – адбылася ў Год малой радзімы.

На адкрыццё помніка ў гэты сонечны суботні дзень 12 мая прыехалі ганаровыя госці: старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11 Анатолій Ткачук, першы сакратар пасольства ЗША ў Беларусі Элізабет Льюіс, часова павераны ў справах Рэспублікі Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас, кіраўнік консульства Украіны ў Брэсце Анатоль Дзядзенка, генеральны консул консульства Расіі ў Брэсце Ігар Канякін, загадчык сектара ЗША і Канады Міністэрства замежных спраў Беларусі Павел Лычкоўскі, скульптар помніка Генадзь Лойка, ініцыятар ідэі стварэння помніка Глеб Лабадзенка, многія іншыя шаноўныя госці.

Ганаровае права адкрыць помнік Тадэвушу Касцюшку прадстаўляецца старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандру Грыцуку і аўтару помніка, скульптару Генадзю Лойку… Гучыць гімн Рэспублікі Беларусь. Слова бярэ старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук:

 – Сёння тут, на івацэвіцкай зямлі, у Марачоўшчыне,  мы адкрываем першы ў Беларусі помнік яе славутаму сыну – Андрэю Тадэвушу Касцюшку. Ён увайшоў у гісторыю некалькіх дзяржаў і краін. Сама гісторыя ніколі не магла і не можа быць ацэненай справядліва толькі з аднаго боку. І сёння мы лічым:  з перажытага мінулага нам трэба браць тое, што можа зрабіць нас лепшымі, што можа быць нам прыкладам. Асоба Касцюшкі – гэта прыклад  адданасці сваёй Радзіме, святой любові да роднай зямлі…

Шчыра дзякую ад сябе асабіста і ад усіх жыхароў раёна тым многім сотням неабыякавых людзей, якія адгукнуліся на заклік сабраць сродкі на помнік. Ведаю, што патрэбная сума  была сабрана нашымі людзьмі так хутка, што многія іншыя проста не паспелі паўдзельнічаць у зборы.

Хачу сказаць, што раённая ўлада была і будзе заўсёды адкрыта да прапаноў, падтрымае тыя ініцыятывы і праекты, якія па-сапраўднаму скіраваны на росквіт нашай малой радзімы, і ў прыватнасці, на пераўтварэнне Марачоўшчыны ў турыстычны аб’ект асаблівай прыцягальнасці і значнасці.

Слова браў ініцыятар стварэння помніка Глеб Лабадзенка, які адзначыў важнасць яго ўстанаўлення, падзякаваў кіраўніцтву музея-сядзібы, кіраўніцтву райвыканкама, аблвыканкаму, міністэрствам Беларусі і ахвярадаўцам; выступілі таксама вядомы беларускі гісторык Уладзімір Арлоў, былы міністр культуры Беларусі Анатоль Бутэвіч, намеснік згуртавання беларусаў у Швейцарыі Алесь Сапега, аўтар помніка, скульптар Генадзь Лойка, архітэктар Уладзімір Казакоў. Былі ўручаны падарункі музею-сядзібе.

Да помніка ўскладаюцца кветкі – ад кіраўніцтва Івацэвіцкага райвыканкама і Прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, ад дыпламатычнага корпуса, ад удзельнікаў мерапрыемства. Для гасцей урачыстасцяў была падрыхтавана канцэрт-
ная праграма, працавалі кропкі грамадскага харчавання, ішоў продаж сувенірнай прадукцыі, праводзіліся экскурсіі; у касцёле Святой Тройцы ў Косаве прайшла ўрачыстая імша.

Аляксандр ГОРБАЧ,

Валерый МІСКЕВІЧ (фота).

Комментарии (0)
Добавить комментарий