За Аброўскі касцюм – узнагарода — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


За Аброўскі касцюм – узнагарода

2 марта 2018 - Administrator
article3791.jpg

 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, у Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры ладзілася абласное свята беларускай мовы “Жывыя вытокі”. Удзел у ім прынялі лепшыя фальклорныя і мастацкія калектывы і асобныя выканаўцы фальклорнага мастацтва вобласці. Наш раён на абласным свяце матчынай мовы і культурных традыцый прадстаўляў Аброўскі ЦКіНТ.


У рамках свята надзіва жыва і маляўніча глядзеўся этнаграфічны канцэрт-паказ касцюма “Модны стыль – народны тэкстыль” з удзелам фальклорных калектываў вобласці, які ўвайшоў у цыкл абласнога этнапраекта “Рух Зямлі”. Канцэрт-паказ стаў цэнтральнай дзеяй і своеасаблівай кропкай адліку прэзентацыі фотакаталога “Рэгіянальныя асаблівасці традыцыйнага касцюма Брэстчыны” і выстаўкі адноўленых і стылізаваных строяў. 

– Гэта быў сапраўдны цуд – чуць чыстую родную беларускую мову з вуснаў паэтаў і пісьменнікаў Брэстчыны, і бачыць прыгажосць і вялікасць разнастайнасці і самабытных каларытаў народных касцюмаў, строяў, якія захаваліся ў кожным раёне вобласці, – казала метадыст ДУК “Івацэвіцкая раённая клубная сетка” Алена Цітова. – У кожным з 15 калектываў, якія ўдзельнічалі ў дэфіле касцюмаў, быў свой вобраз, свой адзіны і непаўторны почырк, свая закончаная тэатралізаваная пастаноўка. Тут дэманстраваліся святочныя і сямейна-бытавыя абрады: калядкі, Купалле, провады ў войска, уваходзіны, сватаўство, радзіны… Прымалі ўдзел у паказе калектывы і па 25 чалавек, і па 10, удзельнічалі як дзеці з пяцігадовага ўзросту, так і 70-80 – гадовыя бабулі. Яскравая, насычана фарбамі дзея, глядзець на якую было адно задавальненне і рос у душы гонар, што ў нас бацькоўская спадчына захавалася, што не даём мы ёй знікнуць, зысці ў нябыт.

Марына Клімец і Рыта Галінская, старшакласніцы ДУА “Аброўская СШ” дэманстравалі на канцэрце-паказе разнавіднасць Палескага строю – Аброўскі касцюм.  Апранутыя ў касцюмы, якім больш за сто гадоў, дзяўчаты паказвалі абрад жніва на полі. 

– Пад шчымлівую народную песню “Шырокая ніва” ў выкананні салісткі Святавольскага СДК Алены Квашэвіч дырэктар Аброўскага ЦКіНТ Антаніна Сагановіч чытала радкі вершаў пра сонца, хлеб і хлебную ніву, а дзяўчаты у белых тканых сарочках з чапцамі на галовах (такіх, дарэчы, больш нідзе не толькі ў вобласці, у краіне не сустрэць) з жытнёвымі снапамі, бы лябёдкі, плылі і жалі сапраўднымі сярпамі спелыя каласы на хлебнай ніве, – расказвае Алена Анатольеўна. – Іх выхад заварожваў, здавалася, адчуваўся ў паветры пах спякоты, шамаценне каласоў, і адначасова зыходзіла прахалода ад белай льняной саматканай сарочкі і дзявочай тонкай белай скуры. Не толькі я ўлюбілася ў нашых дзяўчат, а і журы было зачаравана. У выніку дзяўчаты былі ўзнагароджаны на абласным свяце Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама за захаванне і папулярызацыю народных строяў. 

У рамках абласнога свята “Жывыя вытокі” праходзіў таксама абласны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Ад нашага раёна ў лік лепшых выканаўцаў ўвайшла Вольга Гарчакова, настаўніца Дзіцячай школы мастацтваў г. Івацэвічы. І гэта больш, чым перамога, бо гэта яшчэ адзін крок да захавання моўнай разнастайнасці свету і культурных традыцый.
…Кажуць, што паводле даследаванняў ААН, наша мова ўваходзіць у шэраг моў, якія хутка знікнуць. Як можа знікнуць такая прыгожая мова, а з ёю такая непаўторная прыгажосць і цеплыня матчыных рук у вышыўках і іншых работах? Упэўнена, свет страціць шмат, калі такому стацца. Не, не дай Божа, стацца ніколі…
Валянціна БОБРЫК. 
Фота з архіва ДУК “Івацэвіцкая клубная сетка”.
Комментарии (0)
Добавить комментарий