Ігрой юных целяханскіх баяністак захапляліся і паслы розных краін — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Ігрой юных целяханскіх баяністак захапляліся і паслы розных краін

12 декабря 2017 - Administrator
article3600.jpg

 З 29 лістапада па 2 снежня для вучаніцы Целяханскай ДШМ Яўгеніі Крываль і яе настаўніка Анжалікі Алегаўны Тысевіч, а таксама юнай баяністкі Вольгі Касіян і яе настаўніка Вадзіма Леанідавіча Галоўчыка (на здымку) адбылася вельмі яркая і важная падзея – удзел у прэстыжным Міжнародным конкурсе «Kaunas Sonorum 2017» г. Каунас, Рэспубліка Літва. Каб прыняць удзел у конкурсе такога высокага ўзроўню, для настаўнікаў і іх выхаванцаў патрэбен быў не адзін год складанай і карпатлівай працы, а таксама мноства ўдзелаў і перамог у конкурсах розных узроўняў (рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных). І толькі прайшоўшы гэты нялёгкі творчы шлях, яны змаглі «замахнуцца» на конкурснае спаборніцтва такога высокага ўзроўню.


Ужо не першы год гасцінны Каўнас збірае самых яркіх сольных выканаўцаў з розных краін, каб падзяліцца музычным досведам розных нацыянальных школ і паказаць сваё майстэрства. У гэтым годзе ў «Kaunas Sonorum 2017» прынялі ўдзел прадстаўнікі з 14 краін: Літвы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі, Польшчы, Беларусі, Расіі, Украіны, Румыніі, Партугаліі, Галандыі, Чэхіі, Славакіі і Харватыі. І ў такой складанай конкурснай барацьбе навучэнцы з беларускай глыбінкі Яўгенія Крываль і Вольга Касіян годна прадставілі нашу рэспубліку і выступілі разам з самымі вядучымі школамі розных краін. 

Яўгенія Крываль стала пераможцай конкурсу, ёй было прысвоена ганаровае званне Лаўрэат Міжнароднага конкурсу III ступені. Яўгенія была ўзнагароджана дыпломам з медалём пераможцы конкурсу і каштоўнымі прызамі. Вольга Касіян заваявала ганаровае званне Дыпламант Міжнароднага конкурсу і ўзнагароджана дыпломам пераможцы конкурсу. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу праходзіла 2 снежня ў канцэртнай зале Каўнаскай Дзяржаўнай філармоніі, у прысутнасці паслоў розных краін. У іх ліку быў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літве Аляксандр Міхайлавіч Кароль, які адзначыў у сваёй прамове, што ён адчувае гонар за яркае выступленне і перамогі яго суайчыннікаў у конкурсе такога высокага міжнароднага ўзроўню. 

Гарачымі апладысментамі нашых пераможцаў вітала публіка, у склад якой уваходзілі слухачы розных нацыянальнасцяў. Для Вольгі Касіян і В. Л. Галоўчыка – гэта ўжо другая перамога ў конкурсах міжнароднага ўзроўню за адзін месяц. З 3 па 5 лістапада гэтага года ў г. Рэчыца прайшоў першы Міжнародны конкурс баяністаў-акардэаністаў «AccoPremium – 2017». Больш за 250 удзельнікаў з шасці краін у I туры конкурсу (Беларусь, Украіна, Расія, Літва, Латвія, Польшча, Кітай) і 94 удзельнікі з чатырох краін у II туры выступілі ў самых разнастайных намінацыях. Радуе тое, што вучаніца дзіцячай школы мастацтваў г. п. Целяханы Вольга Касіян годна прадставіла нашу рэспубліку ў сольна-інструментальным выкананні (баян). 

У выніку паспяховага выступлення Вользе было прысвоена высокае званне Лаўрэат II ступені Міжнароднага конкурсу з уручэннем каштоўнага прыза. Радуе і тое, што дзіцячая школа мастацтваў г. п. Целяханы бярэ арыенцір на сучаснае развіццё адукацыі. За гэты год у школе было праведзена мноства сольных канцэртаў з удзелам вядомых беларускіх прафесійных дзеячаў, сярод якіх ёсць такія яркія імёны, як Уладзіслаў Плігаўка, Трафім Анціпаў, Раман Кудзін, а таксама прадстаўнікі замежнай школы: Сервер Абкерымаў, Віталь Заяц. Усімі імі быў адзначаны высокі прафесіяналізм настаўнікаў школы і не па гадах яркае выканальніцкае майстэрства навучэнцаў. 

Да прыкладу, ганаровы госць школы кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Кіеўскай Нацыянальнай кансерваторыі ім. П. І. Чайкоўскага з Украіны Віталь Заяц, пасля працы з навучэнцамі школы мастацтваў г.п. Целяханы ў рамках майстар-класа ў кнізе ганаровых гасцей школы адзначыў сваё «захапленне майстэрствам» нашых вучняў. 

У мінулым годзе вучаніца дзіцячай школы мастацтваў г. п. Целяханы Кацярына Маляўка (настаўнікі А. А. Тысевіч) спрабавала свае сілы ў праекце Беларускага Нацыянальнага тэлебачання «Талент краiны». У гэтым годзе ўжо дзве вучаніцы гэтай школы тройчы паспяхова выступалі на сцэнах у рамках музычна-адукацыйнага праекта «БЕЛАРУСЬ ТУР». У рамках яго беларускі спявак і кампазітар, лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, залаты акардэон Беларусі Ігар Квашэвіч наведаў 120 гарадоў Беларусі з мэтай выяўлення адораных дзяцей Беларусі. 
У рамках праекта «БЕЛАРУСЬ ТУР” 14 лістапада 2017 года вучаніцы Целяханскай ДШМ  Вольга Касіян і Яўгенія Крываль выступілі на сцэне сваёй роднай школы разам з Ігарам Квашэвічам і Серверам Абкерымавым і былі адабраны для ўдзелу ў гала-канцэрце адораных дзяцей Рэспублікі ў г. Брэсце 15 лістапада. Праз тры дні, 19 лістапада, дзяўчынкі ўжо прымалі ўдзел у заключным гала-канцэрце ў г. Мінску, які праходзіў на сцэне Беларускай Дзяржаўнай Акадэміі музыкі. У выніку Вольга Касіян і Яўгенія Крываль былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. 
Прыемна чуць, што ў сваіх інтэрв'ю для Беларускіх Нацыянальных каналаў, Ігар Квашэвіч не аднойчы адзначае, што «Целяханская школа мастацтваў з нядаўніх часоў стала культурным цэнтрам і вядучай школай баяннай музыкі ў Брэсцкай вобласці». Відавочна, што за такім высокім вынікам стаіць велізарная праца настаўнікаў, Вадзіма Леанідавіча Галоўчыка і Анжалікі Алегаўны Тысевіч. Менавіта дзякуючы іх прафесіяналізму і неабыякавасці да музычнага мастацтва, дзеці нашага раёна сталі на адну прыступку з выхаванцамі вядучых школ замежных краін і з годнасцю заявілі пра сябе на міжнародным узроўні. 
Падрыхтавала Валянціна Бобрык.
Комментарии (0)
Добавить комментарий