«Любоў да Айчыны захоўваючы…» — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


«Любоў да Айчыны захоўваючы…»

8 февраля 2019 - Дарья Вдовина
article4377.jpg

31 студзеня прайшоў раённы этап фестывалю-конкурсу песні ДТСААФ «Любоў да Айчыны захоўваючы…»

 

Упершыню фестываль быў арганізаваны на базе УА «Дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці».
На суд журы было прадстаўлена 25 творчых нумароў як ад устаноў адукацыі раёна, так і ад грамадскіх аб’яднанняў. У конкурсе змагаліся як вучні, так і настаўнікі. Акрамя жадання і таленту, галоўная умова для ўдзелу – быць членам ДТСААФ.
 
Гэты фестываль асаблівы тым, што праходзіў напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму тэматыка твораў была адпаведнай. Конкурс праходзіў у чатырох намінацыях: песні ваеннай і героіка-патрыятычнай тэматыкі, песні грамадзянскай тэматыкі, песні лірычнай тэматыкі, а ўдзельнікі фестывалю ва ўзросце да 12 гадоў выступалі ў намінацыі «Звонкая вясёлка».
 
Лепшых спевакоў абіралі  Аляксандр Арцюх, старшыня Івацэвіцкай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ; Міхаіл Дымовіч, дырэктар УА «Дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці»; Ірына Дука, дырэктар ДУК «Івацэвіцкая клубная сетка»; Галіна Яфрэмава, метадыст ДУК «Івацэвіцкая клубная сетка», рэжысёр масавых святаў і абрадаў; Святлана Свігло, інспектар па кадрах Івацэвіцкай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ.
 
Канцэрт доўжыўся амаль дзве гадзіны. Перш чым назваць імёны пераможцаў, старшыня Івацэвіцкай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Аляксандр Арцюх падзякаваў установам адукацыі за актыўны ўдзел у мерапрыемстве. Выказаў пажаданне навучэнцам з гонарам адслужыць у будучыні у шэрагах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і стаць надзейнай апорай і абаронцамі для сваіх будучых сем'яў і Радзімы.
 
Пераможцамі фестывалю-конкурсу ў розных намінацыях сталі – Надзея Грамічук (навучэнка УА «Дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці); Кірыл Нікалаенка (выкладчык англійскай мовы ДУА «Воленская СШ»); Ганна Рапінчук (навучэнка ДУА «СШ №4 г. Івацэвічы»); Валерыя Пытляк (навучэнка ДУА «СШ №1 г. Івацэвічы»).
 
Усе ўдзельнікі фестывалю атрымалі граматы ад Івацэвіцкай РАС ДТСААФ, а прызёры былі адзначаны дыпломамі і спецыяльнымі каштоўнымі падарункамі і салодкімі прызамі.
На абласным этапе фестывалю наш раён будзе прадстаўляць вучаніца ДУА «Любішчыцкай СШ» Аліна Мацко. Яна стала бясспрэчнай пераможцай раённага фестывалю-конкурсу песні ДТСААФ «Любоў да Айчыны захоўваючы..» (на здымку). 
 
Хочацца пажадаць усім удзельнікам фестывалю яркіх творчых перамог, адкрыццяў, поспехаў і натхнення!
 
Святлана Свігло, інспектар па кадрах Івацэвіцкай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ.