Народнаму майстру ткацтва і вышыўкі Ніне Тысевіч – 80 — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Народнаму майстру ткацтва і вышыўкі Ніне Тысевіч – 80

16 января 2018 - Administrator
article3656.jpg

 Ганаровы статус і пасведчанне “Народны майстра ткацтва і вышыўкі” атрымала Ніна Мікалаеўна Тысевіч з в. Аброва ў 2009 годзе. Яна была першай ў нашым раёне вышывальшчыцай і адзінаццатай ў Брэсцкай вобласці, хто атрымаў такое высокае званне. Але не дзеля ўзнагарод і прызнання крыжыкі і гладзь борздзенька кладуцца на тканіну непаўторным узорам, вышыўка – гэта стан душы жанчыны, пры якім рукі яшчэ шыюць кветку на адным ручніку, а вочы прыглядаюць ужо новыя дэталі ўзору для наступнага… Душа яе жыве яскравымі фарбамі і жаданнямі дарыць радасць людзям. Мо, таму жанчына застаецца энергічнай і ў свае 80 і “дасць фору” маладым у многіх справах. 


Нарадзілася Ніна Мікалаеўна 1 студзеня 1938 года. А на Каляды вяскоўцы ўшаноўвалі сваю знакамітую зямлячку ў Аброўскім ЦКіНТ ва ўрачыстай абстаноўцы. Вядома, як на любое мерапрыемства, так і на гэты раз, была арганізавана выстаўка ручнікоў народнага майстра. Павіншаваць з юбілеем Ніну Мікалаеўну прыехалі метадысты Івацэвіцкай клубнай сеткі на чале з Ірынай Дука, якія прывезлі ёй падарунак і ўручылі грамату аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама.  Старшыня Аброўскага сельвыканкама Зінаіда Шалюціна таксама прыйшла на свята з падарункам ад мясцовай улады і зычыла юбілярцы здароўя, творчасці і даўгалецця. Суседкі і сяброўкі  народнага майстра, салістка Святлана Цымбаліст Аброўскага ЦКіНТ, самадзейныя артысты вакальнай групы “Абраўчанка”, фальклорнага калектыву пад акампанемент Васілія Віктаровіча (а ўсіх гасцей са сваякамі было паўсотні) дарылі віноўніцы ўрачыстасці свае лепшыя песні і словы прызнання яе таленту і чалавечым якасцям. А пяцёра дзяцей, унукі і праўнукі Ніны Мікалаеўны заказалі любай маме, бабулі і прабабулі на юбілей вялізны торт і выступленне цыганскага ансамбля, які прыязджаў спецыяльна з гэтай нагоды з Пінска. 

Усё жыццё Ніна Мікалаеўна Тысевіч працавала ў родным калгасе. То ў паляводстве, то на ферме, а муж Іван працаваў трактарыстам, быў і брыгадзірам трактарнай брыгады. Разам яны крыху не дажылі да брыльянтавага вяселля. Выгадавалі пяцёра дзяцей. Старэйшая дачка Вольга жыве ў Саратаве, Галіна – у Магілёве, Алена – у Мінску, а сыны Васіль і Мікалай – у Аброве. Мікалай жыве з маці, дапамагае па гаспадарцы, але хуткая Ніна Мікалаеўна ніводнага дня не сядзела без работы. Ва ўсіх справах яна – агонь.

Пляменніца Святлана казала, што яе цётка Ніна – самая энергічная жанчына ў Аброве. Колькі ягад і грыбоў яна штогод прыносіць з лесу, ёй няма роўных у гэтым захапленні. А ручнікі, абрусы, навалачкі, прасціны – колькі вышыта іх яе рукамі! Колькі саткала яна “вясёлак”, палавікоў, ручнікоў! Безліч. На гэта трэба і шмат часу, і жаданне. І жадала пляменніца цётцы, каб яе жыццёвая энергія і сілы яшчэ доўга былі з ёю. 
Не была б то Ніна Мікалаеўна – ганаровым гасцям яна дарыла свае ручнікі. 
Валянціна БОБРЫК. Фота з архіва сям’і.
Комментарии (0)
Добавить комментарий