Жыві, “Целяханскі бічаўнік”! — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Жыві, “Целяханскі бічаўнік”!

23 июля 2015 - Administrator
article1832.jpg

 Усё цудоўнае пачынаецца з нераўнадушных людзей. З іх цікавасці да гісторыі роднага краю, з любові да месца народзін. А калі неабыякавыя людзі аб’ядноўваюцца ў сваіх намаганнях, тады нараджаецца годная справа. Вось і 18 ліпеня на фестывальнай пляцоўцы ля возера Вулька-Целяханскае адбылося шчыра выняньчанае адраджэнне некалішняга любімага народнага гуляння, якое жыхары Целяханшчыны называлі “Целяханскі бічаўнік”.


 Ад бурлакоў... 

Ідэя адраджэння свята “Целяхан-скі бічаўнік” выношвалася Целяханскім ЦКіВЧ пад кіраўніцтвам Наталлі Бінкевіч даўно. Капаліся ў гістарычных звестках, шукалі: чаму называлася гулянне менавіта бічаўнік. Чуткі пра тое, што работа пайшла, разнесліся па Целяханах, і падключыліся да гэтай справы мясцовыя энтузіясты. Рамуальда Пархута напісала да свята цудоўны пралог з гістарычнай і тэатралізаванай часткамі. Віктар Дзямянчык, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Палескага аграрна-экалагічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, мясцовы краязнаўца і аўтар кнігі “Выганашчанская фартэцыя”, расказаў, што бічаўнік – гэта сухапутная дарога ўздоўж берага канала, прызначаная для буксіроўкі людзьмі і коньмі на канаце (бічаве) грузаў на плытах і судах. З часам, калі патрэба ў бічаўніку на Агінскім перастала быць актуальнай, калі па канале пайшлі ў два бакі параходы, і месца гэтае стала страчваць сваё эканамічнае значэнне, але пачало станавіцца папулярным у народзе ў плане адпачынку. За Целяханскім інтэрнатам захавалася пляцоўка з маленькім азярцом, якая была напачатку месцам развароту судоў, і менавіта тут пачалі ладзіцца народныя святы…

Старажыл Целяхан На-дзея Ільніцкая расказвала:
– На параходзіках ла-дзіліся прагулкі да Выганашчаў і назад. Прыгажосць, 
музыка, сонца… У Целяханах на бічаўніку каля азярца па вечарах гуляла з гітарамі моладзь, граў гармонік, парачкі закаханых на захадзе сонца… І паненкі з парасонамі ў прыгожых капелюшах і сукенках прагульваліся…

Магніты...
Сапраўднай фішкай свята сталі магніцікі, якія мацуюць падарожнікі на халадзільнікі. Таццяна Сакалоўская, якая пражывае ў Мурманску, у групе на “Аднакласніках” аб’явіла конкурс “Целяханскі сувенір” на лепшы эскіз першага целяханскага магніта. Пераможцам стаў эскіз магніта Валянціны Абрамчук. Эскізы Іны Вярэніч і Наталлі Фядковіч раздзялілі адпаведна наступныя прыступкі пераможцаў, яшчэ да свята разляцеліся. Яны адправіліся ў Прыбалтыку, Амерыку, Расію, Мінск і іншыя гарады Беларусі. І, вядома, частка засталася ў Целяханах. Сувенір вельмі прыйшоўся даспадобы гасцям свята. І ў бліжэйшы час вырашана ажыццявіць яшчэ адзін падобны праект. 
Іна Вярэніч, якая стварыла групу “Целяханы: жыццё і летапіс”, аб’явіла вынікі інтэрнэт-конкурсу  фотаздымкаў “Маё шчаслівае дзяцінства”.

Таленты...
Запрашаліся на свята самадзейныя артысты Выганашчаў, Горталя, Целяханскай дзіцячай школы мастацтваў з віртуозам-баяністам Вадзімам Галоўчыкам, выступаў народны сямейны ансамбль Макарскіх. Ладзілася багатая выстава работ народных умельцаў. Выстава  прадукцыі былога Целяханскага завода па вырабу шкла з музея Целяханскай СШ хоць і ўмясцілася на адзін стол, але вельмі зацікавіла гасцей свята. Людміла Арцюшэнка прынесла вазу і амаль захаваную шкляную газавую лямпу.
Бібліятэкары ладзілі выставу старых фотаздымкаў, некалішніх артыкулаў пра Целяханы з “Савецкай Беларусі”, кніг пра Целяханскі край. Роўна, гладка вялі аповед вядучыя: Наталля Сігневіч і Анатоль Грэчны. А ансамблі Целяханскага ЦКіВЧ – фальклорны “Прасніца”, жаночы “Надзея”, мужчынскі “Спяваючыя сэрцы”, дзіцячыя “Сугучча” і “Гармонія” – запальвалі публіку сваімі душэўнымі і вясёлымі песнямі, гарэзлівымі танцамі. Ладзіліся спартыўныя спаборніцтвы, працаваў гандаль.

Капялюшыкі...
Вельмі спадабаўся жыхарам Целяхан конкурс капялюшыкаў. Журы працавала ў натоўпе, вышукваючы самыя цікавыя экземпляры. А Алена Чырко з куфра дастала адзенне 50-х гадоў: беленькія шкарпэткі, туфелькі “лодачкі”, капялюшык. Яна і стала пераможцай конкурсу. Былі жанчыны ў капелюшах з вэлюмам і шалікамі. А потым у народ выйшлі касцюміраваныя персанажы – дзве сямейныя пары. Уладзімір і Людміла Мялік былі апрануты: ён у фраку з жабо, з цыліндрам і сігарай у руках, яна – у шыкоўнай сукенцы з парасонам і ў пальчатках. Другая пара – Леанід і Таццяна Лукша, у сурдуту з капелюшом, а яна ў сукенцы з бантам, капелюшы і з рыдыкюлем. Сфатаграфавацца разам госці свята найбольш жадалі з сямейнымі парамі,  выказвалі свае захапленні. 

...І эстрадна-джазавы аркестр
Прыемна было адчуваць, што віктарына “Ці ведаеш ты?” прайшла з цікавасцю. Гледачы актыўна ўдзельнічалі і, трэба прызнаць, адказалі на ўсе пытанні. Гэта сведчыла, што край свой людзі любяць і ведаюць. А прыемнай знаходкай свята стала выступленне эстрадна-джазавага аркестра “Кавертон” з Ганцавічаў. Пад жывую музыку выканаўцаў-аматараў, пад заварожваючыя гукі саксафона пары танцавалі, а потым усе гледачы дзячылі крыкам “брава”. 
Удзельнікі раённага семінару работнікаў культуры далі свой канцэрт.
Свята завяршылася дыскатэкай. Яно атрымалася і дзякуючы спонсарскай фінансавай дапамозе мясцовых прадпрымальнікаў. Усім дзякавала Наталля Бінкевіч. Здаецца, “Целяханскаму бічаўніку” лёс стаць брэндам гэтага краю.
Валянціна БОБРЫК.  Фота Таццяны Сакалоўскай.
 
Комментарии (6)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев