Спорт яднае сем’і — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Спорт яднае сем’і

21 февраля 2018 - Administrator
article3758.jpg

 Па-сямейнаму весела і творча прайшло ў СШ №3 г. Івацэвічы спартыўнае свята “Мама, тата, я – алімпійская сям’я”. Прапаганда здаровага ладу жыцця, умацаванне здароўя дзяцей і іх бацькоў, папулярызацыя фізічнай культуры і спорту, умацаванне сямейных каштоўнасцяў і традыцый – вось галоўныя мэты і задачы мерапрыемства. Сямейна-спартыўнае свята арганізатары (кіраўніцтва СШ №3 г. Івацэвічы) прымеркавалі да адкрыцця XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане, каб паказаць, што спорт жыве не толькі на вялікіх спартыўных пляцоўках, а і ў сем’ях.

 

У спартыўным свяце прынялі ўдзел тры сям’і з паралелі другіх класаў. У кожнай камандзе было па чатыры чалавекі – бацькі і двое дзяцей. Сем’і павінны былі падрыхтавацца да спаборніцтваў загадзя – прыдумаць арыгінальную назву і дэвіз, а пасля праявіць свой спрыт, камандную работу і ўзаемавыручку ў розных выпрабаваннях – стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дартсе, кідку баскетбольнага мяча ў карзіну, скоках ў мяхах, рознага кшталту эстафетах. Гумарыстычныя эстафеты, якія для ўдзельнікаў падрыхтавалі настаўнікі фізічнай культуры, дазволілі ўдзельнікам спаборніцтваў не толькі прадэманстраваць выдатную спартыўную форму, але і ад душы павесяліцца. 
 
Каб заслужыць званне самай спартыўнай сям'і, трэба было пастарацца кожнаму члену каманды. Журы ацэньвала і добрую фізічную форму, і правільнасць выканання заданняў. Але самае важнае, адзначылі арганізатары, такім немудрагелістым спосабам замацаваць у разуменні кожнага ўдзельніка значэнне сямейнасці і згуртаванасці. 
 
Тон спаборніцтваў задавалі  бацькі – бадзёрыя, падцягнутыя і вынаходлівыя. Не адставалі і мамы, якія заўсёды падтрымлівалі баявы камандны дух. І, вядома, цудоўна справіліся з усімі заданнямі капітаны каманд – дзеці. Кожны новы конкурс быў на парадак цікавейшым, але і складанейшым за папярэдні. Удзельнікаў спаборніцтваў падтрымлівалі балельшчыкі, якія сваімі апладысментамі дапамагалі сем’ям скончыць конкурс і не падаць духам. Сапраўдным упрыгожваннем спартыўнага свята стала выступленне дзяўчат з гуртка “Чэрлідзінг”. Чэрлідзінг – гэта асаблівы від спорту, так называюць групы падтрымкі спартыўных каманд. Ён аб'ядноўвае ў сабе акрабатыку, гімнастыку, танцавальныя па, аэробіку. Дзяўчаты прадэманстравалі некалькі складаных падтрымак і нават адну акрабатычную піраміду.  
 
Складаная задача стаяла перад журы — каманды ні ў чым не саступалі адна другой. Па выніках конкурсу трэцяе месца атрымала сям’я Ганчаровых, другое месца – у сям’і Дзенісюк, пераможцамі спартыўных спаборніцтваў стала сям’я Лінцэвіч. Старшыня журы, намеснік начальніка Івацэвіцкага РАУС Ларыса Колбік, падзякавала бацькам за тое, што нягледзячы на хатнія справы, яны знайшлі час паўдзельнічаць ў гэтым конкурсе і на ўласным прыкладзе паказаць дзецям, што спорт павінен стаць неад'емнай часткай іх жыцця, і ўручыла сем’ям падарункі ад раённага камітэта ГА “БРСМ” і Івацэвіцкага РАУС.  Сям’я Таццяны і Аляксандра Лінцэвічаў, у якой выхоўваюцца трое сыноў, а малодшаму яшчэ няма і году, са спортам на “ты”. Старэйшыя сыны займаюцца плаваннем і футболам, а таксама наведваюць гурток па шахматах. 
 
– Гэта была цудоўная нагода правесці выхадны з карысцю. Упэўненыя, што ўсе сем’і выйдуць са спартыўнай залы з мацнейшым запалам станоўчых эмоцый,– адзначылі Таццяна і Аляксандр Лінцэвічы. – У такіх мерапрыемствах няма тых, хто прай-
граў. Сёння перамаглі сяброў-
ства, паразуменне і, вядома, спорт. Пэўна, у жыцці няма нічога важней умацавання сям'і. І здаецца, мы, як бацькі, паказалі дзецям, што спорт – вельмі важны ў сучасным жыцці. Ну, а тыя эмоцыі і адрэналін, дзеці, нам падаецца, запомняць на ўсё жыццё. 
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий