Турнір па стрытболе стане традыцыйным — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Турнір па стрытболе стане традыцыйным

28 февраля 2018 - Administrator
article3779.jpg

 21 лютага, у спартыўнай зале УА “Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” прайшоў турнір па стрытболе сярод  маладзёжных каманд прадпрыемстваў і навучальных устаноў раёна. Арганізатарамі спартыўнага свята выступілі раённы камітэт ГА “БРСМ”, а таксама аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Сваім выступленнем распачаў турнір танцавальны ансамбль Дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Хрысціны Пражэнік. 


У турніры прынялі ўдзел 9 каманд з раёна: II асобнага стралковага батальёна вайсковай часткі 7404, папраўчай калоніі №5,  ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы”, “Даманаўская СШ”, “Любішчыцкая СШ”, УА “Івацэвіцкі ДПЛСВ”, УП “ПМК-11”, Івацэвіцкага раёна газазабеспячэння ВУ “Бярозагаз”, Івацэвіцкага філіяла ААТ “АСБ Беларусбанк” і прыватнага прадпрыемства “КАМ-торг”.
Стрытбол – вулічны баскетбол, які зара-дзіўся ў ЗША ў сярэдзіне 50-х гадоў. Ад звычайнага баскетбола адрозніваецца колькасцю ігракоў – іх трое, і зонай гульні – палова баскетбольнага гульнявога поля.

Гульня атрымалася цікавай, напружанай і відовішчнай. На кожнай гульнявой пляцоўцы разгарнуліся сапраўдныя спартыўныя баі – з прыгожымі кідкамі і ўпартай барацьбой. У сяброў-скай і прыемнай атмасферы ўдзельнікі турніру ў чарговы раз даказалі, што спорт яднае. Кожны фінт, падбор і дакладны кідок у кальцо суправаджаўся воклічамі і апладысментамі шматлікіх аматараў.  У фінале апынуліся лепшыя з лепшых. Як зазначылі ўдзельнікі, спаборніцтвы па стрытболе – гэта заўсёды вялікая хваля адрэналіну. 
У выніку напружанай барацьбы лідарства ў турніры заваявала каманда “КАМ-торгу”,  срэбра ў каманды Івацэвіцкага раёну газазабеспячэння ВУ “Бярозагаз”, трэцяе месца атрымала каманда ДУА “Даманаўская СШ”. 

Узнагароджваючы пераможцаў, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Саюк адзначыў, што на гэты раз турнір па стрытболе сабраў шмат каманд, якія выказалі жаданне пазмагацца на спартыўным полі, што не можа не радаваць. Ён падкрэсліў, што гэтае спартыўнае свята стане традыцыйным, а калі і далей будзе карыстацца такой папулярнасцю сярод моладзі – будзе праводзіцца два разы на год.
Выконваючая абавязкі першага сакратара раённага камітэту ГА “БРСМ” Аляксандра Гардзейка таксама падкрэсліла важнасць правя-дзення такіх мерапрыемстваў сярод моладзі, бо яны фарміруюць матывацыю здаровага ладу жыцця.
Пераможцы атрымалі ўзнагароды і памятныя падарункі. 
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий