Інвестыцыі ў цяплічны комплекс — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Інвестыцыі ў цяплічны комплекс

2 марта 2018 - Administrator
article3792.jpg

 Калектыў ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас”, якім кіруе Вікенцій Койпаш, ужо другі год запар прызнаны пераможцам у раённым спаборніцтве за дасягненне лепшых паказчыкаў па выкарыстанні інвестыцый у асноўны капітал сярод арганізацый усіх сфер вытворчасці і форм уласнасці. Падчас правядзення ўрачыстага сходу па падвядзенні вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2017 год калектыву ў асобе кіраўніка былі ўручаны Ганаровы пераходны сцяг, грамата Івацэвіцкага райвыканкама і грашовая прэмія ў памеры дзесяці базавых велічынь. На днях мы накіраваліся ў Івацэвіцкі лясгас.


У рамках рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы  2016 года лясгасам прыцягнена было 1091 тыс. руб. інвестыцый у асноўны капітал. Тэмп росту да папярэдняга года склаў 417,4 працэнта. За ўласныя сродкі, якія зарабілі лесагаспадарчай дзейнасцю, у той год арганізацыя набыла праполачны механізм “Фобра”, які выкарыстоўваецца пры вырошчванні пасадачнага матэрыялу для стварэння новых лясоў, абнавіла машынна-трактарны парк, купіла сартыментавоз для вывазу драўніны, аўтамабіль “Ніва”, спецыяльныя матацыклы для арганізацыі наземнага патрулявання ў мэтах аховы лесу, некалькі эфектыўных сістэм відэаназірання, мотапомпы і іншае абсталяванне для папярэджвання і тушэння лясных пажараў. Для работы ў рубках догляду купілі бензапілы, кустарэзы і іншы інструмент. У лесапаляўнічым комплексе для развіцця экатурызму пабудавана лазня з більярднай. Праведзена рэканструкцыя Арлянскага лясніцтва, пабудаваны гаражы для тэхнікі Козіцкага лясніцтва. 

Прыцягненне інвестыцый – адзін з асноўных кірункаў дзейнасці лясгаса і ў 2017 годзе. Для правядзення работ у лесе набываецца новая тэхніка і абсталяванне, а самае галоўнае – Івацэвіцкі лясгас стаў першай пляцоўкай у краіне, на якой рэалізуецца інвестпраект па будаў-ніцтве комплексу па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай. Магутнасць яго – 2 мільёны 330 тысяч сеянцаў. Згодна з дзяржаўнай галіновай праграмай па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай, якая будзе дзейнічаць да 2020 года, у трох лясгасах краіны: Івацэвіцкім, Глыбоцкім і Шчамыслінскім – сёлета адбудзецца ўвядзенне новых комплексаў па вырошчванні пасадачнага матэрыялу на аснове фінскага вопыту арганізацыі лесакарыстання, у наступныя гады па такім комплексе павінна з’явіцца ў кожнай вобласці краіны. Галоўная мэта – вырошчванне якаснага пасадачнага матэрыялу.

І вось мы на тэрыторыі Івацэвіцкага лесанасеннага цэха, дзе вядзецца будаўніцтва новага комплексу ў рамках праекта па развіцці ляснога сектара Беларусі за кошт сродкаў з пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця і гранта Глабальнага экалагічнага фонду. Чатыры цяпліцы, накрытыя двайной плёнкай з функцыяй абагрэву, стаяць у чаканні запаўнення іх касетамі з сеянцамі. Цяпліцы абсталяваны аўтаматычным зацямненнем, вентыляцыйнай сістэмай і аўтаматычным палівам. Насупраць іх – палі дарошчвання, якія таксама абсталяваны сістэмай аўтаматычнага паліву. Для таго, каб комплекс функцыяніраваў, як таго патрабуюць новыя тэхналогіі, у склад яго ўвайшло ўзвядзенне халадзільнай устаноўкі, рэзервуара для вады, помпавай станцыі. У памяшканнях лесанасеннага цэха вядзецца рэканструкцыя. Будзе абсталявана аператарская, адкуль будуць задавацца параметры работы цяплічнага комплексу і ўпраўленне працэсам вырошчвання сеянцаў, новы выгляд атрымалі кабінет аховы працы і клас па ахове працы, лабараторыя, бытавыя памяшканні. У хуткім часе пачнецца мантаж аўтаматычнай лініі па запаўненні касет субстратам і высевам насення. У рамках праекта, які блізкі да завяршэння ў Івацэвіцкім лясгасе, прадугледжана абсталяванне для ўнясення пазакаранёвых падкормак на палях загартоўвання, лінія з абсталяваннем па мыцці і дэзынфекцыі касет, міні-метэастанцыя.

Нягледзячы на маразы, на комплексе вядуцца аддзелачныя работы ў памяшканнях будынка лесанасеннага цэха. Час прыспешвае, і не за гарамі ўрачыстае адкрыццё новага сучаснага комплексу па вырошчванні лесапасадачнага матэрыялу. 
Валянціна БОБРЫК. 
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий