Івацэвічы далучыліся да “Пагаднення мэраў” — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Івацэвічы далучыліся да “Пагаднення мэраў”

20 декабря 2017 - Administrator
article3619.jpg

 13 і 14 снежня ў Мінску праходзіла рэгіянальная канферэнцыя “Пагадненне мэраў – Усход: сумесныя дзеянні ў вобласці клімату і энергіі”. Сярод болей 20 беларускіх гарадоў раённага маштабу былі з Брэсцкай вобласці Івацэвічы і Пружаны, якія ўпершыню далучыліся да еўрапейскай ініцыятывы “Пагадненне мэраў”. Прадстаўнікі ўлады гэтых гарадоў, ад Івацэвічаў гэта быў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Рэгес, падпісалі Пагадненне. 


Беларусь падпісала Парыжскае пагадненне па клімаце і ўзяла на сябе абавязацельства па скарачэнні выкідаў парніковых газаў да 2030 года на амаль 30 працэнтаў. Работа гарадоў на мясцовым узроўні знаходзіцца пад эгідай гэтага руху і будзе дапамагаць дасягненню пастаўленай мэты. Пасля цырымоніі падпісання Пагаднення новымі гарадамі мы сталі ўдзельнікамі міжнароднага праекта, – расказвае намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Рэгес. – Усе 20 раёнаў будуць распрацоўваць планы дзеянняў па паляпшэнні клімату. Праекты могуць быць звязаны з энергазберажэннем, экалогіяй, скарачэннем шкодных выкідаў у атмасферу, зніжэннем узроўню парніковых газаў СО2 да 2030 года на 30 працэнтаў у адносінах да 2010 года, павелічэннем устойлівасці да змянення клімату. 

Далучыўшыся да Пакта мэраў, мясцовыя, рэгіянальныя і нацыянальныя органы ўлады накладваюць на сябе абавязацельствы  па скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу шляхам развіцця “зялёнай эканомікі” і паляпшэння якасці жыцця насельніцтва. Беларускія гарады, якія плануюць ці ўжо далучыліся да добраахвотнай еўрапейскай ініцыятывы па энергіі і клімаце “Пагадненне мэраў”, атрымаюць падтрымку ў выкананні ўзятых на сябе абавязацельстваў. Падпісанты Пагаднення падчас прэс-канферэнцыі абмяркоўвалі тыя тэмы, якія з’яўляюцца значымымі для яго жыхароў. 
Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Рэгес падзяліўся задумкамі, якія хацелася б рэалізаваць у Івацэвічах. 

Нас найперш хвалюе кірунак па ўдасканаленні энергазберажэння, яго бяспекі. Мы азнаёміліся з падобнай ініцыятывай гарадоў, рэалізаваных у Італіі, у нас па такім шляху пайшоў Полацк, які з’яўляецца ўдзельнікам ініцыятывы Еўрапейскага Саюза “Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі”, – расказвае Андрэй Пятровіч. – І мы будзем рыхтаваць праект на будаўніцтва ліній электраасвятлення горадаўтваральных вуліц горада Івацэвічы з заменай на сто працэнтаў асвятлення іх па энергазберагальных тэхналогіях – на святлодыёднае асвятленне. Згодна з гэтай праграмай можна ўключыць у праект будаўніцтва веласіпедных дарожак ад горада да бліжэйшых населеных пунктаў, і такім чынам скараціць шкодныя выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу. Пачнём з раённага цэнтра, бо горад больш энергаёмкі, чым Целяханы, Косава ці Быцень. Паспрабуем замяніць электраасвятленне і палічым, наколькі вялікай атрымаецца эканомія. Гэта адна з тэм ініцыятывы ЕС. А наогул тэм для рэалізацыі прапануецца шмат, і калі вызначымся канчаткова, што будзем уключаць у свой праект, магчыма, прапрацуем нейкія прапановы па кацельнях, па палігоне, тады павязём яго на ўзгадненне. Важна разумець, што далучэнне да дадзенай ініцыятывы – гэта толькі пачатак шляху, які дае дастаткова вялікія перавагі для падпісантаў. Удзел у ёй дазваляе не толькі абазначыць праблемы, якія ёсць, але і далучыць да іх вырашэння міжнародныя крыніцы фінансавання.

Ва ўсім свеце да міжнароднай ініцыятывы Еўрапейскага саюза далучыліся болей сямі тысяч гарадоў. У Беларусі Пагадненне раней падпісалі болей 30 гарадоў, у ліку іх з Брэсцкай вобласці – Брэст, Бяроза, Кобрын.
Гэта не першая ініцыятыва ЕС, у рэалізацыі якой прымае Івацэвіцкі раён. У 2013 годзе кіраўніцтва раёна падпісала Пагадненне па экалогіі. Згодна з ім, у 2014 годзе быў распрацаваны “Мясцовы экалагічны план дзеянняў”, у якім прапісаны планы дзеянняў па абыходжанні з цвёрдымі бытавымі адходамі, па сістэмах водазабеспячэння і якасці пітной вады, па экалагічным навучанні дзяцей у школах і іншых напрамках. У той жа год Івацэвічы атрымалі грант на 60 тыс. еўра і вырашылі за гэтыя грошы набыць сучасны смеццевоз. Сёння ЕС пры рэалізацыі кліматычных і энергетычных мэт мае намер дапамагчы значна большымі грантамі і выгаднымі крэдытамі.
Валянціна БОБРЫК. 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий