Мадэрнізацыя ААТ “Косаўскае МВА” завершана — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Мадэрнізацыя ААТ “Косаўскае МВА” завершана

16 марта 2018 - Administrator
article3826.jpg

 Гісторыю ААТ “Косаўскае МВА” можна падзяліць на “раней” і “пасля”. Сем гадоў назад на камунальным аўкцыёне інвестар – прыватная кампанія “Гандлёвы дом “Лагуна” – купіў болей за 80 працэнтаў акцый ААТ “Косаўскае МВА”, і ў прадпрыемства пачаўся новы этап актыўнага развіцця. Косаўскае мэблевае прадпрыемства ў разы павялічвала з году ў год аб’ём вытворчасці на тых жа вытворчых плошчах, абнаўляла абсталяванне, закупляла высокапрадукцыйныя станкі і дрэваапрацоўчыя цэнтры, а ў апошнія гады яшчэ і пашырыла вытворчыя магутнасці. Побач з цэхамі былі пабудаваны ангары-склады для матэрыялаў і гатовай прадукцыі. Праведзена на пляцоўцы прадпрыемства маштабная рэканструкцыя будынка, у якім цяпер месцяцца кабінеты спецыялістаў і адміністрацыі заводакіравання, а таксама і сучасныя бытавыя памяшканні для працуючых.

– На сённяшні дзень мадэрнізацыя прадпрыемства практычна завершана, – кажа намеснік па агульных і эканамічных пытаннях ААТ “Косаўскае МВА” Аляксандр Белякоў. – Прадаўжаецца толькі працэс замены абсталявання на больш прадукцыйнае. У нас ёсць нямецкія, італьянскія, кітайскія дрэваапрацоўчыя, кромкаабліцавальныя, свідравальныя  станкі, раскройныя цэнтры, што дазваляе прадпрыемству выпускаць шырокую лінейку мэблевай прадукцыі: ад мэблі для жылых пакояў, спальняў, гасціных да асобных шафаў і камодаў. 
 
На сённяшні дзень на прадпрыемстве працуе 248 чалавек. Сярэднямесячны аб’ём вытворчасці прадукцыі складае 1 млн. 200 тыс. рублёў. 
– Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі  – 15 працэнтаў, – кажа начальнік планава-вытворчага аддзела Ганна Худзякова. – Чысты прыбытак – 2 300 тыс. рублёў. 
 
І хоць год бягучы пачаўся цяжка, у мінулым месяцы аб’ёмаў выпуску прадукцыі дадалі на 30 працэнтаў ў параўнанні з лютым мінулага года. Узрасла ў параўнанні з мінулым годам і сярэднямесячная зарплата. Яна складае 576 рублёў. Улічваючы той факт, што абсталяванне сучаснае і высокапрадукцыйнае, прадпрыемства зацікаўлена ў кваліфікаваных кадрах. Калі кваліфікацыі не дастаткова, то ёсць магчымасць за сродкі прадпрыемства павучыцца ў Баранавіцкім цэнтры. Ёю скарысталіся, напрыклад, некалькі выпускнікоў Івацэвіцкага прафліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці.
Перспектыва павелічэння заработнай платы ёсць, бо прадпрыемства нарошчвае аб’ёмы вытворчасці. Сярод сацыяльных “бонусаў” прадугледжаны падвоз на работу, або кампенсацыя за праезд. Ёсць магчымасць іншагародняму работніку атрымаць месца ў пакоі інтэрната прадпрыемства. Згодна з калектыўным дагаворам, работнікам выплачваюцца сацыяльныя выплаты і матэрыяльная дапамога да святаў і ў іншых жыццёвых выпадках. Члены калектыву маюць магчымасць удзельнічаць у культурна-масавых, спартыўных і аздараўленчых мерапрыемствах.
 
 
 
Рэалізуецца прадукцыя Косаўскага мэблевага аб’яднання па Беларусі. Створана тавараправодзячая сетка “Амі-мэбля”, якая стала буйнейшым сеткавым праектам на мэблевым рынку краіны. У склад яе ўваходзяць болей за 280 магазінаў, размешчаных у роўных прапорцыях па абласцях і г. Мінску. Мэблевы магазін “Амі-мэбля” ёсць і ў Косаве, месціцца ён у былым будынку заводакіравання. З нядаўняга часу “Лагунай” пачалося асваенне рынкаў Расіі і Казахстана. Але беларускі рынак – галоўны.


Прадукцыя карыстаецца попытам, таму што тэхнолагі прадпрыемства, пад кіраўніцтвам галоўнага тэхнолага Святланы Ганчар, у кароткі тэрмін распрацоўваюць топавыя мадэлі корпуснай мэблі, якія сертыфіцыруюцца і ставяцца на лінейку вытворчасці. Пакупнік аддае перавагу мэблі вытворчасці Косаўскага МВА па прычыне даступнасці цаны, якасці і гнуткай сістэмы зніжак і новых акцый. Да прыкладу, акцыі на мэблю да Дня жанчын былі са зніжкамі да 50 працэнтаў. 
Прадпрыемства мае рэсурс для паслядоўнага зніжэння затрат за кошт аўтаматызацыі вытворчасці, скарачэння нізкакваліфікаванай долі працы. “Сучаснае абсталяванне дазваляе павялічыць вытворчасць працы, палепшыць якасць прадукцыі, знізіць сабекошт і, як вынік, цану тавару”, – кажа Аляксандр Белякоў. 
Прадпрыемства ўваходзіць у лік бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў Івацэвіцкага раёна.


З галоўным тэхнолагам Святланай Ганчар, начальнікам планава-вытворчага аддзела Ганнай Худзяковай, начальнікам цэха корпуснай мэблі Максімам Карніеўскім мы накіроўваемся на вытворчасць. У складскіх памяшканнях ішла выгрузка фурнітуры і пліты – матэрыялаў для вытворчасці мэблі. Святлана Аляксееўна зазначыла, што пліту прадпрыемства закупляе не толькі вытворчасці ААТ “Івацэвічдрэў”, а і прыватнай кампаніі  “Кронаспан”. Са склада матэрыялаў пліта паступае на станкі. Падача аўтаматычная. Затым задаецца праграма, і матэрыял распілоўваецца на дэталі патрэбнага памеру. На працягу змены два фарматна-раскроечныя цэнтры могуць перапраграміравацца некалькі разоў, у залежнасці ад таго, якія заказы паступілі да выканання. 



Далей мы накіроўваемся на ўчастак абліцоўкі і свідравання дэталяў. Тут працуе ў змену 60 чалавек. Пры двухзменным рэжыме аб’ём выпускаемай прадукцыі – на 60 тыс. рублёў у суткі. На асноўным участку працуюць свідравальна-прысадачныя станкі з аўтаматычнай падачай дэталяў на прысадку і свідравання іх па пэўных памерах. Усе дэталі праходзяць праз участак упакоўкі.
 
Камплектоўшчыкі фарміруюць у пакеты пэўныя наборы дэталяў той ці іншай мэблевай пазіцыі. На гэты ўчастак была закуплена ўпакавальная машына, коштам 42 тыс. долараў, якая аўтаматычна ўпакоўвае дэталі ў плёнку.  На наступным участку – камплектоўка фурнітуры. Спецыялісты прадпрыемства зазначылі, што абсталяванне ўнікальнае, такога няма больш нідзе ў рэспубліцы. Працуе на гэтым участку чатыры чалавекі, і яны фарміруюць наборы шурупаў, фурнітуры ў асобныя пакеты для кожнага віду корпуснай мэблі. Улічваючы, што асартымент прадукцыі пастаянна абнаўляецца, трэба быць уважлівым пры камплектаванні фурнітуры. 



На ўчастку раскрою і шліфоўкі люстраў і шкла працуе пяць чалавек у змену. Акрамя раскрою, вядзецца шліфоўка люстраных і шкляных дэталяў і аўтаматычнае іх мыццё. У складзе гатовай прадукцыі таксама назіраецца рух: прадукцыя –  даступная мэбля, якая мае аптымальныя суадносіны цаны і якасці, адгружаецца, не залежваецца.
Валянціна БОБРЫК. 
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

 
Комментарии (0)
Добавить комментарий