Падведзены вынікі мінулага года — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Падведзены вынікі мінулага года

29 февраля 2016 - Administrator
article2280.jpg

 Чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта адбылося сумесна з гаспадарчым актывам раёна 25 лютага ў вялікай зале райвыканкама. У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел Леанід Кавалевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11, Уладзімір Парашка, старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Брэсцкага аблвыканкама, члены райвыканкама, начальнікі аддзелаў, упраўленняў і службаў райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, старшыні гарсельвыканкамаў, прадстаўнікі розных працоўных калектываў раёна, якія па выніках мінулага года сталі пераможцамі раённага спаборніцтва ў розных намінацыях.


Што зроблена за мінулы год, якіх рэзультатаў удалося дасягнуцьва ўсіх сферах жыццядзейнасці раёна, як спрацавалі галіны народнай гаспадаркі, з якімі цяжкасцямі прыйшлося сутыкнуцца і што маем на сённяшні дзень, – пра гэта ішла гаворка падчас першай часткі пасяджэння, якое вёў старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук. Як адзначыў кіраўнік раёна, мінулы год выдаўся складаным для эканомікі раёна. Выканана шэсць і не выканана восем даведзеных раёну прагнозных паказчыкаў.

Забяспечана выкананне прагнозных паказчыкаў па экспарце паслуг, па энергазберажэнні, уводу ў эксплуатацыю жылых дамоў, стварэнні суб’ектамі малога прадпрымальніцтва новых працоўных месцаў, новых мікра- і макраарганізацый, запасах гатовай прадукцыі арганізацый мясцовага падпарадкавання. Не забяспечана выкананне паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і даве-
дзеных заданняў па экспарце тавараў, прамым замежным інвестыцыям, прамым замежным інвестыцыям на чыстай аснове, намінальнай сярэднямесячнай заработнай плаце, індэксу фізічнага аб’ёма прамысловай вытворчасці, валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі, рознічнаму тавараабароту, падрадным работам.

Менавіта аб прычынах невыканання заданняў, шляхах паляпшэння сітуацыі ва ўсіх галінах, канкрэтных мерах па выхадзе з склаўшайся сітуацыі ішла гаворка падчас абмеркавання двух першых пытанняў – “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Івацэвіцкага раёна за 2015 год” і “Аб выніках выканання бюджэту Івацэвіцкага раёна за 2015 год і задачах па забеспячэнні выканання бюджэту раёна ў 2016 годзе”. 
Усім кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна пастаўлены канкрэтныя задачы. Эканомія бюджэтных сродкаў, зніжэнне сабекошту прадукцыі, павелічэнне прыбытку, забеспячэнне належнай якасці кіравання прадпрыемствамі, росту і дыверсіфікацыі экспарту… Кожны кіраўнік павінен распрацаваць канкрэтны алгарытм дзеянняў па выкананні Указа №78 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лютага 2016 года “Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь”. Ва ўсім неабходны гаспадарчы падыход і своечасовае прыманне рашэнняў. 

Аб выкананні дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1, №2, №3 прысутным далажыў пракурор Івацэвіцкага раёна Ігар Колбік. Вынікамі работы і планамі на бягучы год з прысутнымі падзяліліся дырэктар ААТ “Даманаўскі ВГК” Святлана Масюк, старшыня Целяханскага сельвыканкама Трафім Дзям’янчык, дырэктар КУСП “Перамога” Уладзімір Ядала, дырэктар філіяла “Аўтамабільнага парка №14 г. Івацэвічы” Леонцій Зайка, дырэктар УА “Івацэвіцкі дзяржаўны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” Міхаіл Дымовіч. 
Затым слова ўзяў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір Парашка. У сваім выступленні Уладзімір Уладзіміравіч падзякаваў жыхарам раёна за працу. Зразумела, што сітуацыя ў эканоміцы складаная. Але гэта не значыць, што трэба апускаць рукі. З любымі цяжкасцямі можна справіцца. Галоўнае, разумна падыходзіць да вырашэння любога пытання, прадумваць кожны крок. Гэта тычыцца і даручэнняў  па выкананні Указа №78.

Урачыстым момантам стала цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў раённага спаборніцтва па выніках 2015 года. Ганаровыя пераходныя сцягі і вымпелы, Граматы раённага выканаўчага камітэта, а таксама пасведчанні аб занясенні на раённую Дошку гонару ўручыў старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук. Так, у розных намінацыях узнагарод былі ўдастоены: калектывы Стайкаўскага сельвыканкама, ААТ “Косаўскае мэблевае вытворчае аб’яднанне”, філіяла “Камбінат кааператыўнай прамысловасці” Івацэвіцкага райста, СВК “Святая Воля”, СВК “Аброўскі”, СВК “Квасевічы”, УП “Івацэвіцкая ПМК-18”, Івацэвіцкага раённага вузла паштовай сувязі Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта”,  паліклінікі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”, Івацэвіцкага ГДК дзяржаўнай установы культуры “Івацэвіцкая раённая клубная сетка”, ДУА “Яслі-сад №4 г. Івацэвічы”. Пасведчанні перадавікоў вытворчай і сацыяльнай сферы, чые прозвішчы заносяцца на раённую Дошку гонару, атрымалі: аператар цэха корпуснай мэблі ААТ “Косаўская мэблевая вытворчасць” В. К. Бялевіч, аператар машыннага даення СВК “Квасевічы А. А. Бурвіна, токар пятага разраду ўчастка механізаванай майстэрні ААТ “Даманаўскі ВГК” І. Д. Гегеня, аператар інерцыённых сепаратараў цэха па вытворчасці драўняна-стружкавых пліт-250 ААТ “Івацэвічдрэў” І. А. Гімпель, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы” А. А. Груздзева, старшы прадавец шостага разраду філіяла “Прыгарадны” Івацэвіцкага райста С. А. Кузьміч, старшыня СВК “Святая Воля” У. Р. Лубушак, загадчыца паліклінікі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” С. І. Маціеўская, ляснічы Крайскага лясніцтва ДЛГУ “Целяханскі лясгас” М. М. Папека, трактарыст-машыніст КУСП “Перамога” Д. М. Пунько, сталяр пятага разраду філіяла “ДЭУ №23” РУП “Брэстаўтадор” Э. А. Пырушкін, настаўнік вучэбнага прадмета “Фізічная культура і здароўе” ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” А. С. Рыжко, вадзіцель аўтамабіля ДУБП “Івацэвіцкая ПМК-11” М. Г. Туманік, слесар КІПіА участка па абслугоўванні і рамонту электрагаспадаркі, сродкаў цеплавой аўтаматыкі ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ” А. С. Хвясько. Таксама Ганаровай граматай Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь была ўзнагароджана Людміла Кульгавеня, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама.

Пасля цырымоніі ўзнагароджвання пачалася заключная частка пасяджэння, падчас якой было разгледжана яшчэ два пытанні: “Аб мерах па падрыхтоўцы сельскагаспадарчых арганізацый Івацэвіцкага раёна да вясенне-палявых работ, стварэнні моцнай кармавой базы” і “Аб рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы развіцця фізічнай культуры і спорту на 2011-2015 гады ў Івацэвіцкім раёне”.
Што тычыцца вясенняй пасяўной, то яна ўжо не за гарамі. Таму вельмі актуальнымі сёння для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў  застаюцца пытанні гатоўнасці тэхнікі да пасяўной, падрыхтоўкі глебы, назапашвання неабходнай колькасці мінеральных угнаенняў і насеннай базы, вывазу арганікі на палі. Старшыня райвыканкама не задаволены станам спраў у шэрагу гаспадарак. Ён заслухаў кіраўнікоў СВК, даўшы ім канкрэтныя даручэнні і вызначыўшы тэрміны для выпраўлення сітуацыі.

Канкрэтныя задачы былі пастаўлены і перад сектарам спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Сярод іх прыняцце мер па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання спартыўных аб’ектыў, укамплектавання трэнерскага саставу, прыцягнення ў спорт як мага больш дзяцей з сельскай мясцовасці, павышэнне майстэрства навучэнцаў спартыўных устаноў.
Па ўсіх разгледжаных пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.
Аляксандра ДЖЭЖОРА.
Фота Наталлі ГЕРБЕДЗЬ і Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (10)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев