Працуем, ушаноўваем, чакаем новых дасягненняў — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Працуем, ушаноўваем, чакаем новых дасягненняў

23 февраля 2018 - Administrator
article3762.jpg
 21 лютага ў зале Івацэвіцкага гарадскога Дома культуры адбыўся ўрачысты сход па падвядзенні вынікаў сацыяльна-эканімічнага развіцця раёна за 2017 год.

Традыцыйна ў гэты час праводзіцца такое мерапрыемства, на якім не проста падводзяцца вынікі, а ўзнагароджваюцца лепшыя калектывы ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі раёна, называюцца перадавікі, чые імёны і прозвішчы будуць занесены на Дошку гонару раёна з уручэннем ім узнагарод. Лепшыя калектывы ўзнагароджваюцца Граматамі райвыканкама з уручэннем пераходных сцягаў і вымпелаў. Так было і на гэты раз.
Прыемна, што сярод узнагароджаных сустракаюцца тыя калектывы, што не аднойчы называліся пераможцамі за апошнія гады ў падобных справаздачах, – значыць, не здаюць пазіцыі. Прыемна, калі сярод узнагароджаных – новыя калектывы, значыць, ідзе жывое спаборніцтва, ідуць змены, і прызнаных лідараў “цясняць” у адкрытым спаборніцтве іншыя.

Задоўга да пачатку сходу было шматлюдна ў фае ГДК. Удзельнікаў мерапрыемства сустракала жывая музыка, а ў танцавальнай зале размясціліся сталы Івацэвіцкага райста, здзіўляючы не толькі багаццем асартыменту, але і цудоўнай фантазіяй пекараў – выпечка прыемна ўражвала сваім багаццем.
Мерапрыемства ў вялікай зале пачалося кранальным і яскравым пралогам. 
Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Вядучыя – Вадзім Грынчык і Жанна Кулецкая запрашаюць на сцэну старшыню Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандра Грыцука.

У сваім выступленні  Аляксандр Барысавіч найперш прывітаў прысутных у зале, а ў іх асобе – усіх працаўнікоў раёна. Далей ён коратка спыніўся на асноўных выніках работы народнай гаспадаркі раёна, акцэнтаваў увагу на асобных момантах задач, якія стаяць найперш перад рэальным сектарам эканомікі ў 2018 годзе.
Эканоміка раёна за мінулы, 2017 год, у асноўным выканала пастаўленыя перад ёй прагнозныя паказчыкі. Гэта дало магчымасць, у сваю чаргу, выканаць задачы па сацыяльна-культурным развіцці. Так, не ўсё ўдалося здзейсніць, былі і аб’ектыўныя прычыны, такія як надвор’е і зменлівая сітуацыя на сусветным рынку. Так, ёсць на сёння ў нас тры прадпрыемствы, чыё фінансавае становішча запатрабавала распрацоўкі плану спецыяльных мерапрыемстваў па іх аздараўленні і вяртанні ў становішча прыбытковай работы. Разам з тым, ёсць асноўныя кірункі, якія павінны быць засвоены рэальным сектарам эканомікі. Найперш – распрацоўка і вытворчасць інавацыйнай прадукцыі. Сёння прадукцыя нашых прадпрыемстваў пастаўляецца ў 35 краін свету (у тым ліку – Кітай, Бахрэйн, Узбекістан…), сваю прадукцыю на экспарт пастаўляюць сельгаспрадпрыемствы. Дыверсіфікацыя рынку збыта – пашырэнне экспартных адрасоў – у многім гарантуе абарону нашай эканомікі ад аб’ектыўных сусветных пературбацый. Таму важна пашыраць свой рынак, адначасова ніяк не губляючы месцы на ўжо засвоеных.

Стаіць задача ў 2018 годзе павялічыць рознічны тавараабарот у гандлі, а гэта ў першую чаргу прадугледжвае стабільную работу прадпрыемстваў і своечасовую выплату заработнай платы.
У нашым раёне, пры створаных умовах, актыўна развіваецца малы і сярэдні бізнес. Толькі фермерскіх прадпрыемстваў налічваецца больш за паўсотню. З улікам наёмных рабочых у малым і сярэднім бізнесе раёна на сёння занята каля шасці тысяч чалавек – гэта чвэрць ад занятага насельніцтва.

Не можа не радаваць паляпшэнне спраў у вытворчасці сельгаспрадукцыі. І няхай збожжа мы ў мінулым годзе недабралі, затое добры ўраджай дала кукуруза, вырасла валавая вытворчасць малака, яго таварнасць, надой ад каровы. Ёсць аптымізм і ў вытворчасці мяса.
У бягучым годзе плануецца ўвесці 16 тысяч квадратных метраў жылля, з якіх больш за чатыры тысячы – у шматкватэрных дамах. Пры гэтым будзе максімальна задзейначана сацыяльная дапамога шматдзетным сем’ям, малазабяспечаным з выкарыстаннем існуючых сістэм крэдытавання і субсідзіравання.

Вельмі годна выглядае наша раённая медыцына сярод іншых – УЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” заняла па выніках года трэцяе месца ў вобласці. Актыўна ўкараняюцца новыя тэхналогіі – электронныя карткі атрымалі каля шасці з паловай тысяч чалавек, па іх выдадзена больш за 9 тысяч электронных рэцэптаў. Для бальніцы былі закуплены 34 адзінкі новага абсталявання. На кожнага чалавека ў раёне было аказана ў сярэднім медыцынскіх паслуг на 16,6 рубля – найлепшы паказчык у вобласці. І няхай пакуль не пераломлена цалкам дэмаграфічная сітуацыя, мы маем рэальнае зніжэнне смяротнасці, а галоўнае – зніжэнне смяротнасці сярод працаздольнага насельніцтва.
Больш годна, чым у 2016 годзе, паказала сябе ў 2017 годзе наша адукацыя –палепшыліся вынікі ўдзелу вучняў і навучэнцаў у алімпіядным руху. Для падвозу дзяцей у школы было набыта ў мінулым годзе тры аўтобусы і мікрааўтобус “Газэль”.
Мы адкрылі ў 2017 годзе новы спартыўны аб’ект – стадыён. Цяпер, разам з іншымі аб’ектамі, мы можам разлічваць на істотны экспарт паслуг у гэтай сферы.

Прыемна, што дзейнасць нашых раённых работнікаў культуры высока ацэнена на абласным узроўні – мы ў тройцы лепшых у вобласці (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама заняў 2-ое месца ў абласным спаборніцтве). Цяжка нават пералічыць усе культурныя мерапрыемствы, нават толькі знакавыя. На нашых аб’ектах пабывала 43 тысячы турыстаў, што на 13 працэнтаў болей.
Падводзячы вынік, старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук падкрэсліў галоўную на сёння думку:  у нас ёсць неабходная база, у нас ёсць адказныя работнкі, ёсць план дзеянняў, значыць, сумеснымі намаганнямі цалкам рэальна рэалізаваць усе пастаўленыя задачы, каб жыў далей і развіваўся наш раён, павышаўся дабрабыт людзей, прыгажэла наша зямля…



Пасля пажаданняў Аляксандра Грыцука ўсім жыхарам раёна добрых перамен, духоўнай моцы, здароўя і поспехаў, пачалася працэдура ўзнагароджвання пераможцаў працоўнага спаборніцтва.



Пасля быў святочны канцэрт, пра які гэтым разам хочацца сказаць некалькі слоў больш.
Першае, што, верагодна, уразіла многіх, – мультымедыйная сцэна. Па сутнасці, за спінай артыстаў быў экран, толькі такі, што ніякага ценю ад  артыстаў на ім не было. І вось на гэтым экране кожнае выступленне суправаджалася відэа-падборкамі, разам ствараючы суцэльнае дзейства з музыкі, выступлення артыста і каляровай выявы.


 
На гэты раз у канцэрце ўдзельнічалі  многія артысты, якія займелі ўжо перад сваімі прозвішчамі “рэгаліі” лаўрэатаў і пераможцаў. Для ўдзельнікаў свята спявалі Пётр Крышталь, Алена Каліноўская, Аляксандр Савіцкі, чароўныя “Сяброўкі” і Алег Зыбайла (колькі зухаватай весялосці было тут!), віхур танца падарыў дзіцячы калектыў “Сузор’е” дзіцячай Школы мастацтваў – неверагодна, як столькі дзяцей на сцэне змаглі не заблытацца, а па-май-стэрску выканаць пастаўлены танец). Парадавала майстэрствам спявачкі і створаным вобразам шчымлівая Таццяна Гарун, уразіў  сваім майстэрствам баяніста-віртуоза  Вадзім Галоўчык. Думаецца, асабліва былі захоплены гледачы рамантычна-пачуццёвым выступленнем калектыву выкладчыкаў Школы мастацтваў з кампазіцыяй “Я цябе малюю”,  атрымлівалі асалоду ад чыстых галасоў Крысціны Ісакавай, Кацярыны Юдзік, Кірыла Кучынскага. Ну, а выступленне Ганны Суханосік была настолькі эмацыйна-ўзрыўным, прафесійна падрыхтаваным, што наўрад ці каго пакінула раўнадушным. Ад артысткі яе ўзроўню і чакаеш ужо асабліва-незвычайнага.

І ў фінале гэтага выдатнага канцэрта выступіў госць з Гродна – віртуоз-балалаечнік  Аляксандр Варанішча. Што ён вырабляў на сцэне з простай балалайкай, якая, аказалася, здольная сыграць любую – ад народнай да рок-музыкі – тое трэба было чуць. Канешне, ён атрымаў самыя шчырыя апладысменты ўдзячнай залы.

Застаецца дадаць, што ўсё мерапрыемства – ад першых яго хвілін і да апошняй, ад асвятлення і парадку цырымоніі ўручэння ўзнагарод да відэараду на сцэне падчас выступленняў падрыхтавалі рэжысёры Зінаіда Булатая і Валянціна Калмыкова, дапамагаў ім з відэа Дзмітрый Казляк і гукааператар Міхаіл Лазюк. Выдатна! 
Завяршыла канцэрт пранізлівая песня ў выкананні хору выкладчыкаў Школы мастацтваў з салісткай Алай Груздзевай.
 
 
І гэта цалкам суадносіцца з усім мерапрыемствам: мы падводзім вынікі, мы ўшаноўваем лепшых, мы будуем рэальныя планы і верым у іх здзяйсненне.
 



Дзякуй за работу!
Валерый Гапееў, фота Ганны Ільяшэвіч і Аляксандра Горбача.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий