З якасных кармоў пачынаецца вялікае малако — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


З якасных кармоў пачынаецца вялікае малако

30 января 2018 - Administrator
article3695.jpg

 – Сёння кожная планёрка ў сельгаспрадпрыемстве павінна пачынацца з пытанняў жывёлагадоўлі, а не так, як у некаторых гаспадарках, – па астаткавым прынцыпе, калі, здараецца, што і тэхніка на малочнатаварную ферму ідзе ў апошнюю чаргу. Так не павінна быць, бо жывём мы за малако, яно – падмурак нашага дабрабыту, – такімі словамі Аляксандр Грыцук, старшыня Івацэвіцкага райвыканкама, адкрыў практычны семінар па падвядзенні вынікаў у галіне жывёлагадоўлі за 2017 год з удзелам кіраўнікоў, заатэхнікаў і ветурачоў сельгаспрадпрыемстваў раёна. 

Мерапрыемства праходзіла на базе ААТ “Любішчыцы”.

Так, паказчыкі за 2017 год у сваёй большасці радуюць: упершыню раён па надоях пераадолеў паказчык у 5 000 кг малака ад каровы, выраслі і прывагі. Тым не меней, не можа быць і гутаркі пра заспакаенне, бо гэтыя паказчыкі на абласным узроўні выглядаюць, скажам прама, сціпла. Усім нам ёсць куды расці, падкрэсліў старшыня райвыканкама. У гэтай справе няма дробязей. Тая ж сіласная траншэя на МТФ “Сежныя”, дзе спыніліся ўдзельнікі семінара, як звярнуў увагу кіраўнік раёна, не накрыта кляёнкай, ідзе акісленне сіласу, ён траціць спажыўныя якасці. Дбайны гаспадар не дапусціў бы гэтага. 
А мы пры гэтым хочам мець высокія надоі і добрыя даходы, рэзюмаваў кіраўнік раёна.

Практычную частку семінара працягнуў Юрый Сазончык, галоўны заатэхнік ААТ “Любішчыцы”, які расказаў пра рацыён кармлення, пра надоі кожнай тэхналагічнай групы кароў. Група работнікаў МТФ прадэманстравала, як ідзе прыгатаванне кормасумясі на кормараздатчыку “гаспадар”. Удзельнікі семінара цікавіліся, як ідзе загрузка кармоў, як дабіцца належнага балансу кармоў і канцэнтратаў, каб мець дастойныя надоі, які рацыён кармлення распрацаваны для кожнай тэхналагічнай групы кароў.          
– У сельгаспрадпрыемствы раёна паступіла каля 20 сучасных кормараздатчыкаў, за іх набыццё заплачаны сур’ёзныя сродкі. Вельмі прашу, патрабую: шануйце тэхніку, яна каштуе значных сродкаў, – казаў Аляксандр Грыцук. – З другога боку, сачыце за дысцыплінай. Вось прыклад: звяртаецца да мяне адзін з маладых старшыняў сельгаспрадпрыемства на Целяханшчыне: маўляў, надоі “скачуць”, нібы крылатыя арэлі. Пагля-
дзеў па відэакамеры і бачыць, што кормараздатчык працуе па прынцыпе "абы хутчэй”, а пра тое, што каровы належным чынам не накормлены, механізатар – не думае… Ад такіх дробязей залежыць вельмі многае…   
        
Удзельнікі семінара – найперш заатэхнікі і ветурачы – здавалі своеасаблівы імправізаваны экзамен у гэты дзень, адказваючы кіраўніцтву раёна на пытанні, якія тычацца прыгатавання кормасумясяў, кансультаваліся, атрымлівалі парады… Якія неабходна прыняць меры па нарошчванні аб’ёмаў прадукцыі жывёлагадоўлі? Як павялічыць надоі малака і палепшыць ягоную якасць? Які патрабуецца падыход да захавання маладняку буйнарагатай жывёлы? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў ходзе пасяджэння ў Любішчыцкім СДК шукалі разам і кіраўніцтва раёна, і кіраўнікі гаспадарак разам са спецыялістамі. 

Аляксандр Грыцук спыніўся на кожным канкрэтным сельгаспрадпрыемстве раёна, ахарактарызаваў стан спраў у гаспадарцы ў галіне жывёлагадоўлі, давёўшы заданне на 2018 год кожнаму кіраўніку гаспадаркі і падкрэсліўшы, што асабліва строга спытаюць з работнікаў сучасных малочна-таварных комплексаў – там надоі не павінны быць ніжэй за 5 000 кг малака ад каровы за год. Гэта патрабаванне кіраўніцтва краіны. І выкананне яго – цалкам рэальная задача, дастаткова паглядзець на тое, як у 2017-м годзе змяніліся ў лепшы бок справы ў ААТ “Косава”. Вельмі важна захаваць і дынаміку росту колькасці галоў буйна рагатай жывёлы ў сельгаспрадпрыемствах раёна, ёсць рост таварнасці малака.
Слова перад прысутнымі таксама бралі Сяргей Джэжора, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, дырэктар Івацэвіцкай райплемянной ветстанцыі Яўген Маціёнак, галоўны ветэрынарны ўрач раёна Вераніка Карповіч, дырэктар Івацэвіцкага прафліцэя Міхаіл Дымовіч, які завастрыў увагу, што іх навучальная ўстанова праводзіць перападрыхтоўку механізатараў, таму кожны кіраўнік гаспадаркі можа скарыстаць гэту магчымасць. 

– Матэрыяльна-тэхнічная база гаспадарак раёна неблагая, кармы маюцца, зіма мяккая – усё спрыяе таму, каб паказчыкі ў галіне жывёлагадоўлі раслі, – такімі словамі завяршаў мерапрыемства старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук. – Разам з тым, мы не можам дазволіць сабе працаваць, як кажуць, па-старому, хаця многія з нас не могуць пераламаць стэрэатыпы мыслення. Але поспехі ў 21-м стагоддзі прыйдуць толькі да таго, хто мысліць і працуе сучасна.
Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).  
Комментарии (0)
Добавить комментарий