Знайсці работу… — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Знайсці работу…

29 декабря 2014 - Administrator
article1423.jpg

 Замест уступа

Выказаны ўслых непакой Прэзідэнта аб тым, што не адна сотня тысяч працаздольных нашых грамадзян не ўносяць свой унёсак у агульны дабрабыт праз выплату падаходнага падатку і адлічэнняў у пенсійны фонд, выклікаў нямала размоў. І, трэба сказаць адразу, не толькі размоў. Сёння многія мужчыны задумаліся над не такой і аддаленай магчымай перспектывай трымаць адказ на пытанне: дзе вашы адлічэнні ў бюджэт, вы ж карыстаецеся ўсімі выгодамі сацыяльнай дзяржавы, і вы ж звернецеся у свой час і ў бальніцу, і па пенсію? 

Калі рэальна глянуць на сітуацыю, дык акажацца, што ў раёне ў нас не так і мала тых мужчын, якія ці не два дзесяцігоддзі працуюць за межамі краіны, у той час застаючыся наёмнымі работнікамі без аніякага афіцыйнага афармлення. І калі словы Прэзідэнта аб тым, што ў 2015 го-

дзе пэўныя меры супраць такіх асобаў будуць прынятыя і  стануць рэальнай справай, то многім давядзецца, прама скажам, не салодка. 

Але тут жа ўзнікае іншае пытанне: а ці так лёгка і проста сёння знайсці работу мужчыне? 


“Легенда”

Легендай лічыцца сярод тых жа разведчыкаў прыдуманая біяграфія з усімі неабходнымі данымі для наладжвання новага жыцця. Таму ад пачатку мы стварылі легенду з улікам менавіта існуючай сітуацыі.

Дык вось, на нейкі час я раблюся тым самым мужчынам, працоўны стаж якога прайшоў на прасторах суседняй Расіі. Пры гэтым у мяне ёсць сям’я, мне ўжо – за 50, ёсць нейкія там праблемы і са здароўем (радыкуліт, халера на яго) і няма ніякай рабочай прафесіі, ніякай спецыяльнасці. 

Менавіта з-за свайго радыкуліту брыгады былых маіх паплечнікаў перасталі браць мяне з сабой на заробкі, бо, як кажуць, не цягну: там трэба немалая фізічная сіла і вынослівасць, а мне ж не 30 і не 40 ужо. Як ні круці, а трэба шукаць тут якую працу…


Куды пайсці і дзе шукаць?

Першае – друкаваныя сродкі масавай інфармацыі – там спрабуем знайсці сваё патэнцыйнае месца работы. І тут нас чакае расчараванне. Калі яшчэ гадоў пяць таму ў раёнцы друкавалася па 10-15 аб’яў аб вакансіях  для такіх, як я, рабочых, то цяпер за два тыдні сустрэлася толькі чатыры аб’явы на такую тэму. Да таго ж, патрабуюцца не рабочыя, а спецыялісты, ды яшчэ пажадана з вопытам работы, якія маюць вышэйшую адукацыю. Не відаць аб’яў ад сельгаспрадпрыемстваў…

Застаецца прайсціся да будынка, многім вядомага ў райцэнтры як цэнтр занятасці, а сёння – аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Вывучэнне стэнда аб адкрытых вакансіях вялікай радасці не прыносіць: патрабуюцца, нават у сельгаспрадпрыемства, спецыялісты: вадзіцелі, механізатары, вальшчыкі лесу, ветурачы, леснікі, зваршчыкі…


Ідзем у сам будынак. Тут у фае нас чакае добрая навінка – электроннае табло, дзе вельмі зручна і проста прадстаўлена ўся інфармацыя аб вакансіях у раёне. І абноўленая да цяперашняга дня. Шукаем, ці трэба каму простыя рабочыя, падсобныя, паляводы… Ёсць такія! Але вось што прыкра: такія месцы зарэзерваваны для ўладкавання на працу асоб, якія маюць запазычанасць перад дзяржавай за выхаванне сваіх дзяцей у дзяржаўных установах.


А калі навучыцца?

Самае пільнае вывучэнне інфармацыі на электронным табло кажа: без хоць нейкай спецыяльнасці, без самага малога ўмельства ў нейкай сферы ты сёння практычна нідзе не патрэбны. І тут здзіўляцца няма чаму: любая сучасная вытворчасць патрабуе кваліфікацыі, ведаў у той ці іншай ступені.

Але тут пытанне паўстае: мне ж не 30 гадкоў! Мне – за 50, хто мяне возьме куды вучыцца? Тым больш, давялося пачуць, 

што сёння ў такім узросце ты і цэнтру занятасці не патрэбны, і работадаўца ад цябе адхрысціцца. Якое там у цябе здароўе пасля “шабашак” будзе?


З гэтымі пытаннямі заходзім да спецыяліста. І адразу атрымліваем падтрымку маральную: мяне могуць адправіць на вучобу! Я магу вывучыцца на вадзіцеля, механізатара, пячніка, вальшчыка лесу, стропальшчыка, муляра, тынкоўшчыка…

І ўзрост мой не перашкода: на вучобу могуць адправіць нават у самым перадпенсійным узросце – да 58 гадоў мужчыну.

Але маленькае “але” застаецца: у любым выпадку мне патрэбна прайсці медыцынскую камісію на прадмет годнасці майго здароўя да абранай спецыяльнасці. І ўжо не будзе на каго дакараць, калі раптам урачы вынесуць свой цвёрды адмоўны вердыкт. 

Некага можа засмуціць тэрмін: вучоба паўгода, групы фарміруюцца паступова, з улікам патрабаванняў. Ёсць і нюансы: пасля вучобы будзе 3-4 разрад, а многія работадаўцы, як ужо было сказана, шукаюць сабе спецыялістаў з высокім разрадам і вопытам работы. Аднак трэба ўлічыць 

і той факт, што хоць нейкая стыпендыя выплачваецца, сама вучоба бясплатная ды яшчэ прадстаўляецца жыллё.


Адкрыць сваю справу? 

Гэта таксама – выйсце, калі ў вас ёсць жаданне і адчуванне ў сабе ўпэўненасці, ёсць мэта і кірунак дзейнасці. Свая справа – гэта выхад для многіх, хто ўжо мае нейкую спецыялізацыю, мае веды, няхай і без патрэбнай адукацыі, атрыманыя жыццёвым вопытам.

Цэнтр занятасці пойдзе насустрач. Пры гэтым дапамога будзе куды як рэальнай. Па-першае, вас чакаюць двухтыднёвыя курсы ў Брэсце. На тых курсах вы атрымаеце безліч карыснай інфармацыі з самых розных сфераў. І па планаванні свайго бізнесу, пра стратэгію развіцця, найбольш – пра выкананне заканадаўства, каб не парушаць законы, у тым ліку і падаткаабкладання, з-за свайго невуцтва. Як правіла, з Брэста жадаючыя адкрыць сваю справу прыязджаюць з гатовымі бізнес-планамі. І цяпер маюць усе шансы атрымаць бязвыплатную субсідыю ў памеры 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Калі ж дзейнасць запланавана ў сельскай мясцовасці, то лічба сягае да 15 БПМ. На сёння 1 БПМ – 1 млн 396 тысяч 20 рублёў. Згадзіцеся, гэта рэальная падтрымка. Да прыкладу, адзін грамадзянін для свайго бізнесу на гэтую субсідыю набыў усю неабходную аргтэхніку з камп’ютарам.


Варта мець на ўвазе адно: найперш разглядаюцца жаданні мець сваю справу ў вытворчасці тавараў, у аказанні розных паслуг, у апошнюю чаргу – жаданне заняцца гандлем.


Каментарый 

начальніка аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людмілы Куцко:

– На самай справе, вы гэта маглі адзначыць: колькасць мужчын сталага ўзросту, якія сталі звяртацца да нас, у апошні час вельмі ўзрасла. Усё ж, чаканні будучых змен вымушаюць людзей задумацца аб сваім працаўладкаванні.

Найперш хачу сказаць, што каб атрымаць ад нас дапамогу ў працаўладкаванні, трэба быць зарэгістраваным беспрацоўным афіцыйна. І вось тут наступае адзінцікавы момант. Беспрацоўны – гэта, проста кажучы, чалавек працаздольнага ўзросту, які не мае работы. Але ў гэтую катэгорыю не могуць патрапіць, скажам, ваенныя пенсіянеры. Так, мужчыне няма і 50-ці гадоў, але ён атрымлівае пенсію. Таму з нашага боку яму не можа быць аказана ніякая дапамога. Ні накіраванне на вучобу, ні выдача субсідыі.


На сёння ў нас зарэгістравана 152 беспрацоўных. Павялічылася колькасць зарэгістраваных беспрацоўных мужчын.

У апошнія гады рынак працы ў нашым раёне больш-менш стабілізаваўся. Вядомыя падзеі ў Расіі і Украіне ўнеслі пэўную сумяціцу. Вы самі заўважылі, што пошукі работнікаў праз СМІ, да прыкладу, скараціліся. Заўважу, што немалы ўплыў на апошняе аказалі мігранты з той жа Украіны. Яны сёння працуюць у многіх сельгаспрадпрыемствах раёна. Так што нашым мужчынам, якія сёння хочуць 

афіцыйнага працаўладкавання, трэба, што называецца, пашавяліцца.

У ранейшыя гады мы накіроўвалі на вучобу да 150 чалавек, а вось у гэтым – толькі 50. Спадзяюся, у наступным годзе жадаючых будзе больш. У бягучым годзе адзінаццаць чалавек захацелі заняцца сваёй справай і атрымалі субсідый на агульную суму больш за 130 мільёнаў рублёў.


На пачатак гэтага года ў раёне было 285 адкрытых вакансій. Летам, што зразумела, колькасць вакансій узрасла да 360, а вось на сённяшні дзень маецца ўсяго 204 вакансіі.

Чалавек можа знаходзіцца ў статусе беспрацоўнага да трох гадоў, пры гэтым, зразумела, ён мае пэўную сацыяльную абарону. Але калі ён адмовіцца ад двух прапаноў работы або вучобы, якія яму падыходзяць, будзе зняты з уліку. Беспрацоўны – чалавек, які шукае работу і гатовы рэальна да яе прыступіць пры магчымасці.


Хачу падкрэсліць: з боку дзяржавы робіцца ўсё магчымае, каб працаздольны мужчына знайшоў афіцыйнае месца працы. Канешне, на жаль, далёка не ўсюды заробкі могуць задаволіць нашых мужчын, асабліва пасля працы ў Расіі. Але, з другога боку, трэба мець у сабе і часцінку грамадзянскага сумлення: калі вы не ўдзель-

нічалі ў стварэнні сацыяльных даброт сваёй краіны, а гэтымі дабротамі карысталіся і самі, і вашы дзеці, ці не прыйшоў час вярнуць колькі доўгу? Магчымасць ёсць…

На працу спрабаваў уладкавацца Валерый ГАПЕЕЎ.

Комментарии (7)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев