“Магазін” у інтэрнэце: грошы заплаціў – тавару няма — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


“Магазін” у інтэрнэце: грошы заплаціў – тавару няма

5 марта 2018 - Administrator
article3795.jpg

 Пра гэта папярэджваюць і радыё, і тэлебачанне, і газеты: купля-продаж рэчаў праз розныя “куфары-барахолкі” прыцягвае рознага кшталту махляроў, падманшчыкаў, якія ловяць на сваю вуду даверлівых людзей. У раёнцы ўжо расказвалася пра тое, як прайдзісветы з Баранавічаў “прадавалі” будматэрыялы “па вельмі нізкіх цэнах”. Пакупнікі, у тым ліку і з нашага раёна, пералічвалі немаленькія сумы грошай, пасля чаго гора-прадаўцы дзесьці знікалі...


Чымсьці падобным вызначыўся “бізнес” грамадзяніна Ч. – 38-гадовага мужчыны, які праз сусветную павуціну прапаноўваў тэлефоны, блокі сілкавання да камп’ютараў, відэа-карты… Тавар прапаноўваўся па нізкіх цэнах, Ч. пры гэтым прасіў, каб перадаплату перакідвалі яму на банкаўскую картку. Чаму не поштай? Чаму не накладным плацяжом? Ну, дык пошта бярэ за паслугі працэнты, а так будзе без лішніх страт.
І пайшло-паехала. Ч. атрымаў грошы ад некалькіх дзясяткаў самых розных людзей з розных гарадоў і вёсак Беларусі. Пра тое, каб накіраваць ім тавар ён не думаў – ды ці мог ён адправіць тое, чаго ў яго не было? Ч. дзейнічаў часам нават цынічна: знаходзіў на гэтых барахолках прыкладна такі ж тавар, але па нізкай цане і з характарыстыкамі, якія не адпавядаюць таму, што прапаноўваў, пасля чаго напраўляў пакупніку. Пацярпелі ад гэтага інтэрнэт-махляра і жыхары Івацэвічаў. Адзін з іх, П., менавіта так вырашыў купіць сучасную відэа-карту, пералічыў больш за 600 рублёў і… 
Ні прадаўца, ні тавару.

Як стала вядома, Ч. інкрымінуецца болей за 30 падобных махлярскіх эпізодаў. Узбуджана крымінальная справа.
Колькі слоў маралі. Інтэрнэт-гандаль дае шэраг пераваг, але ў сусветнай павуціне хапае дзялкоў, якім не дае спакою, што грашовыя патокі ідуць міма. Яны шукаюць даверлівых, неабачлівых… А гандаль толькі тады мае сэнс, калі вы атрымліваеце тавар накладным плацяжом: атрымалі, упэўніліся – і заплацілі. А перакідваючы грошы невядома каму на банкаўскую плацёжную картку “пад чэснае слова”, вы ствараеце цудоўныя магчымасці для махляра, які завалодае грашыма, а вось выканаць свае абяцанкі забудзе.
Дзяніс ВАЛОШЧЫК, старшы следчы Івацэвіцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.             
Комментарии (0)
Добавить комментарий