Каханне з “крыміналам” закончылася шлюбам — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Каханне з “крыміналам” закончылася шлюбам

14 декабря 2017 - Administrator
article3604.jpg

У мінулы аўторак, 12 снежня, у Івацэвіцкім ЗАГСе праведзена рэгістрацыя шлюбу паміж 21-гадовым маладым чалавекам Е. і 15-гадовай дзяўчынай К., якія пражываюць у Івацэвічах. Гэты факт здзіўляе не толькі тым, што нявеста надзвычай маладая, але і тым, што ў адносінах да жаніха… узбуджана крымінальная справа.

Але аб усім па парадку.

 

Некалькі тыдняў назад у жаночую кансультацыю УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” звярнулася 15-гадовая дзяўчына, навучэнка прафліцэя сельгасвытворчасці. Скардзілася на недамаганне, на тое, што яе нудзіць, сталі невыноснымі некаторыя пахі.

Агляд урача даў адназначны адказ: у дзяўчыны першая цяжарнасць тэрмінам у 9 тыдняў. Інфармацыю аб цяжарнасці любой асобы ва ўзросце да 16 гадоў урачы абавязаны паведамляць у міліцыю. У хуткім часе за тлумачэннямі да дзяўчыны наведаліся супрацоўнікі праваахоўных органаў, а яна і не хавала праўды: каля года сустракаецца з 21-гадовым мужчынам, у палавыя адносіны ўступілі па ўзаемнай згодзе, пра згвалтаванне не можа быць і гутаркі.

 

Тым не меней, у адносінах да Е. была ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт. 168 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Палавыя адносіны і іншыя дзеянні сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16 гадоў”.

Сумна, але яны абое не лічаць, што рабілі штосьці проціпраўнае, бо тлумачылі следству ў першыя дні пасля ўзбуджэння справы, што адносіны ў іх – сур’ёзныя, збіраюцца стварыць сям’ю, але нявеста настолькі маладая, што яшчэ і пашпарта не мае. Гэтае пытанне сёння ўладжана; і нявеста, і жаніх у ЗАГСе паведамілі, што кахаюць адзін другога, што будуць жыць у каханні і згодзе. Няхай, канешне, гарачае каханне суправаджае іх усё жыццё, але крымінальная справа ўзбуджана і жаніх хутка стане перад судом.

Вольга ЛІТВІНОВІЧ, следчы Івацэвіцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.    

Комментарии (0)
Добавить комментарий