Пачасціліся крадзяжы мабільных тэлефонаў — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Пачасціліся крадзяжы мабільных тэлефонаў

13 августа 2018 - Administrator
article4115.jpg

 Фактычна кожная крымінальная справа, звязаная з крадзяжамі мабільных тэлефонаў-смартфонаў, раскрываецца следчымі і оперупаўнаважанымі аддзялення крымінальнага вышуку раёна. Пра гэта мы рэгулярна паведамляем. Тым не меней, пастаянна фіксуюцца факты крадзяжоў дарагіх “цацак”. 

Нібы магніт прыцягвае людзей безгаспадарны тэлефон!

У адным з магазінаў Быцені мужчына, які на лета з Баранавічаў прыехаў у свой дом у Прыбараве, пакінуў мабільнік. Паклаў на паліцу непадалёку ад касы – і забыў пра яго, пасля сеў на веласіпед, паехаў дамоў. Пакупнікі праходзілі міма тэлефона, ніхто да чужой рэчы не дакрануўся. Але вось у магазін наведваецца жыхарка Мінска, у якой ёсць дом у Быцені. Падчас разліку ў магазіне яна кладзе тавар на гэтую ж паліцу, дзе ляжыць чужая рэч, а пасля ўсё “грамадой” скідвае сабе ў сумку і забірае дамоў.

На вуліцы жанчына націснула на кнопку выключэння, тэлефон “змоўк”. У хуткім часе мужчына вяртаецца ў магазін, прадаўцы толькі рукамі развялі – не бачылі! Але параілі: прыходзьце заўтра, будзе магчымасць праглядзець відэа (у гандлёвай кропцы ўстаноўлена сістэма відэаназірання). На наступны дзень пацярпелы сам правёў расследаванне: праглядзеў відэа, дакладна ўбачыў, хто забраў з паліцы яго тэлефон, патэлефанаваў у міліцыю. Пакуль прыехала следча-аператыўная група, мужчына сам знайшоў дом, дзе пражывае падазраваемая, зайшоў у двор і запатрабаваў, каб жанчына вярнула яго мабільнік. Жанчына вярнула тэлефон, але тут у яе двор наведаліся яшчэ і супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Узбуджана крымінальная справа.

ХХХ
Штосьці падобнае адбылося ў Аброве, дзе ў адным доме некалькі дзён бавілі час, ужываючы моцныя напоі, мясцовы жыхар 1969 г. н. і яго 28-гадовая сяброўка, таксама жыхарка Аброва. Трэба адзначыць, што дадзеная жанчына, нягледзячы на адносна малады ўзрост, мае нялепшую рэпутацыю – толькі вызвалілася з лячэбна-працоўнага прафілакторыя, мае судзімасць. 

Мужчыне ў адзін з дзён спатрэбілася ісці на работу, сваю сяброўку ён пакінуў дома. Тая, прачнуўшыся і ўбачыўшы тэлефон гаспадара, забрала яго сабе і пайшла “галівудзіць”. Яе знайшлі аж у Целяханах, забралі ўкрадзены тэлефон. І тут таксама ўзбуджана крымінальная справа.
Дзяніс ВАЛОШЧЫК, старшы следчы райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, 
Аляксандр ЖУРКО, старшы следчы райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.   
Комментарии (0)
Добавить комментарий