“Агеньчык” з СШ №3 г.Івацэвічы – пераможца фіналу — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


“Агеньчык” з СШ №3 г.Івацэвічы – пераможца фіналу

article1068.jpg

 

Адбыўся двадцаты юбілейны раённы конкурс юных знаўцаў пажарнай справы сярод вучняў пачатковых класаў сярэдніх школ. Удзельнікамі заключных спаборніцтваў сталі шэсць  каманд –  пераможцы  папярэдніх адборачных занальных тураў конкурсу. Пяць каманд маюць аднолькавую  назву “Агеньчык” ( ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”, ДУА “Амяльнянская СШ”, ДУА “Запалянскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”, ДУА “Стайкаўская СШ”, ДУА “Даманаўская СШ”)  і каманда чацвёртакласнікаў з ДУА “Гортальская СШ” пад назвай “101”.

Конкурсная праграма фіналу складалася з конкурсаў “Прывітанне” і “Гумарэска”, конкурсу капітанаў, эстафеты “Патушы пажар”, удзельнікі каманд павінны былі вызначыць празрыстыя вадкасці, налітыя ў прабіркі, на пах, ведаць сімвалічнае абазначэнне і прызначэнне знакаў пажарнай бяспекі, скласці апцечкі медыцынскай дапамогі з прапанаваных медыкаментаў, а яшчэ загадзя падрыхтаваць фотавітрыны ці сценгазеты, якія б выразна паказалі дзейнасць дадзенай каманды ў сваёй школе і населеным пункце ў рамках  правядзення прафілактычнай работы.

З адрывам у болей за пяць балаў першае месца журы аднагалосна прысудзіла камандзе “Агеньчык”  ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” у складзе чацвёртакласнікаў Валерыі Бысік  (капітан каманды), Андрэя Лета, Стаса Ратахіна, Крысціны Паўлоўскай, Кірыла Лінцэвіча і Насці Карачун. На другім месцы каманда “Агеньчык”, якую склалі вучні Амяльнянскай СШ Даша Куратнік (капітан каманды), Сярожа Вакульчык, Ваня Барысевіч, Таня Домась, Даша Наўроцкая і Ксенія Хаміцэвіч. З трэцім рэзультатам  прыйшлі да фінішу раённых спаборніцтваў рабяты з каманды Даманаўскай СШ: Марыя Гадухіна, Павел Кліменка, Глеб Стружко, Аліна Курленя, Ілля Канановіч і Аляксандра Хоанг.

Усе каманды-пераможцы ўзнагароджаны Граматамі, а кожны прадстаўнік каманды атрымаў індывідуальны каштоўны падарунак. Не засталіся без прызоў і тыя каманды, якія не ўвайшлі ў тройку лідэраў. А яшчэ падарункі і граматы атрымалі Валерыя Бысік з каманды СШ №3 г. Івацэвічы ў намінацыі “Лепшы капітан каманды” і Глеб Стружко з  Даманаўскага “Агеньчыка”, як самы артыстычны ігрок.

Быў яшчэ і галоўны прыз спаборніцтва. Гэта вяртанне каманды-пераможцы ў сваю школу на сапраўдным пажарным аўтамабілі.

Арганізатарамі спаборніцтваў на працягу 20 гадоў нязменна з’яўляюцца раённы  аддзел па надзвычайных сітуацыях,  аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, аддзел  ідэалагічнай работыі, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы, а таксама РК  ГА “БРСМ”.

Арганізатары фінальных спаборніцтваў выказваюць падзяку калектыву Івацэвіцкага ГДК за дапамогу ў іх правядзенні.

Валерый МОЛАШ, старшы інспектар ГПіН раённага аддзела па НС.

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий