"Дзень бяспекі" ў "Церамку" — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


"Дзень бяспекі" ў "Церамку"

article1135.jpg

 

Дзіцячае прафілактычнае і павучальнае мерапрыемства пад назвай “Дзень бяспекі” правялі з сваімі выхаванцамі работнікі дзіцячага садка №3 “Церамок” райцэнтра.

Спачатку да рабят прыбегла Баба Яга (выхавацель Алена Гладун) з просьбай аб дапамозе вярнуць ёй яе Хатку на курыных лапках, а потым Дамавы Кузя (памочнік выхавацеля Наталля Козел) паведаміў рабятам, што збегла хатка з-за таго, што Баба Яга пастаянна парушае правілы пажарнай бяспекі: то прас забудзе выключыць, дзверку печы не зачыніць, а калі што і загарыцца, дык Баба Яга не ведае, што рабіць. Вядучы (кіраўнік фізічнага выхавання Галіна Равенька) стварыў дзве каманды па 6 чалавек у кожнай і рабяты ў форме спаборніцтваў, павучальных эстафет і гульняў вырашылі навучыць Бабу Ягу пажарнай бяспецы.

     Нарэшце лясная госця ўсё зразумела і ўсяму навучылася. Тут і яе Хатка на курыных лапках прыбегла да гаспадыні. І пачалі яны весяліцца, абдымацца і танцаваць. Іх вяселле раздзялілі і рабяты. На заканчэнне ўсе ўдзельнікі каманд атрымалі ад райаддзела па надзвычайных сітуацыях прызы: дыскі з мультфільмамі и маляванкі.

  Арганізаванае мерапрыемства прайшло не ў музычнай ці спартыўнай зале, як гэта заўсёды было раней, а на свежым паветры: на гульнёвай пляцоўцы ўнутранага дворыка, абсталяванага пад пляцоўку для вывучання правілаў пажарнай бяспекі і правілаў дарожнага руху.  А яшчэ сёлета ў “Церамку” зноў запрацаваў гурток “Юны пажарны”, дзе за сімвалічную аплату 15 малых выхаванцаў дасканала праз гульні вывучаюць правілы пажарнай бяспекі пад кіраўніцтвам вопытнага выхавацеля Алены Іванаўны Гладун.

  “Дзень бяспекі” прайшоў у рамках рэспубліканскай акцыі “Канікулы без дыму і агню”, якая доўжыцца на працягу ўсяго лета і павінна паспрыяць папярэджанню пажараў ад дзіцячага свавольства з агнем у гэты перыяд.

 

Валерый МОЛАШ, старшы інспектар ГПіН райаддзела па НС.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий