"Летні патруль" на вадаёмах — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


"Летні патруль" на вадаёмах

article3319.jpg

 На працягу ўсяго лета ў раёне прадоўжыцца рэспубліканская акцыя “Летні патруль”, накіраваная на фарміраванне ў грамадстве культуры бяспечнасці жыццядзейнасці.

Работнікі Івацэвіцкага райаддзела па НС і без таго рэгулярна праводзяць у летні купальны перыяд маніторынгі  найбольш папулярных у грамадзян  месцаў адпачынку ля вады.

 На гэты раз  старшы інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі Аляксандр Міскевіч, старшы інспектар прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Валерый Молаш разам з юнымі памочнікамі – актывістамі раённага аддзялення Берарускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, старшакласнікамі ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” Мікітай Ігнатавым і  Аляксандрам Дзядком наведалі  зоны адпачынку каля азёраў “Яглевічы-1”, “Яглевічы-2” і Чамялоўскага возера.

Надвор’е у той дзень усталяваляся не проста спякотнае – стаяла нясцерпная духата. Людзі пацягнуліся да вады. Калі на першым Яглевіцкім возеры было нешматлюдна, то на другім толькі легкавых аўтамабіляў налічылі болей за два дзясяткі. У большасці тут купаліся – загаралі сем’ямі, альбо назіраліся гурткі маладых хлопцаў. Тут жа абсталяваны і пост выратавальнікаў, інфармацыйны шчыт і надпісы на вагончыку заклікаюць адпачываючых захоўваць правілы бяспекі на вадзе і не пакідаць дзяцей адных. Што тычыцца непасрэдна малалетніх дзяцей, то ўсе яны на возеры адпачывалі разам з бацькамі, калі ўваходзілі ў ваду, то толькі з татам ці мамай. Гэта пахвальна. Тым не меней,   з усімі дарослымі выратавальнікі палічылі неабходным пагутарыць наконт небяспекі на вадзе. І дарослыя, і дзеці атрымалі ад юных выратавальнікаў-валанцёраў тэматычныя буклеты, памяткі, брашуры.

Маладыя хлопцы спрабавалі ныраць у ваду, падкідваючы з рук адзін аднаго. Так рабіць нельга. Аб гэтым і пагутарылі з імі. Хлопцы зразумелі сваю памылку.

Значна болей адпачываючых пабачылі на Чамялоўскім возеры. Пэўная іх колькасць размясціліся за столікамі і заняліся прыгатаваннем шашлыкоў. Міжволі ўзнікае трывожнае пытанне: ці абыдзецца тут без спіртных напояў.

На пясчаным берагу пляжу адпачывалі дзве жанчыны з малымі дзецьмі: чацвёра з іх школьнага ўзросту, а самаму малому – крыху болей 1 года і матуля не выпускаля яго з рук. Праўда, час ад часу апускала малое ў ваду, трымаючы на паверхні. Жанчын папярэдзілі наконт кантролю за паводзінамі ў вадзе дзяцей. Як высветлілася, яны прыехалі адпачываць з суседняга Баранавіцкага раёна. Варта зазначыць, што тут многа месцаў, дзе купанне ўвогуле забаронена.

Бавячы час каля вады кожнаму трэба быць гатовым да любых нечаканасцяў: як фізічных, так і псіхалагічных. Важна навучыцца кантраляваць сябе ў непрадбачаных абставінах, не дазваляць страху авалодаць сабой. Важна навучыць гэтаму і дзяцей, бо жыццё трэба берагчы і за яго часам неабходна змагацца. Пагаварыце са сваімі дзецьмі аб правілах паводзінаў на вадзе і выконвайце іх самі.

Калі ж вы адпачываеце разам з дзецьмі каля вады, то праверце, каб дно вадаёма было чыстым і неглыбокім, без водарасляў і іла. Агледзьцеся, ці няма на беразе бітага шкла, вострых каменняў і іншых небяспечных прадметаў. Распалагайцеся ў цені, пазбягаючы прамых сонечных праменняў, абавязкова надзеньце на дзіця галаўны ўбор з лёгкай тканіны светлага колеру. Назірайце за свімі дзецьмі, калі яны гуляюць на беразе, не выпускайце іх з віду. З дзіцём заходзьце ў ваду паступова, бо рэзкае пагружэнне можа справакаваць збой сэрцабіення, спазмы. Не дазваляйце дзецям ныраць з агароджаў, імкніцеся спыняць свавольствы дзяцей на вадзе.

Не дапускайце пераахалоджання – чаргуйце гульні на беразе з купаннем. Абавязкова растлумачце дзецям, што іх бяспека залежыць ад іх жа саміх, а значыць трэба быць асцярожнымі і абачлівымі: плаваць можна толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах. Растлумачце, што нельга  хваліцца перад сябрамі майстэрствам плаваць і ўстройваць спаборніцтвы. Раскажыце аб небяспецы на вадзе: нельга хапаць у вадзе за ногі, “тапіць”, падаваць падманныя сігналы аб дапамозе. Навучыце, што калі нехта тоне, то трэба неадкладна выклікаць ратавальнікаў.

Паважаныя бацькі! Падлеткі, асабліва, малалетнія дзеці, не павінны знаходзіцца ў вадзе без нагляду дарослых, бо гэта з’яўляецца асноўнай прычынай іх гібелі.  Памятайце, што дзіця ў вадзе павінна знаходзіцца  ў шагавай даступнасці ад бацькоў і ўвогуле дарослых. Беражыце сябе і жыццё сваіх дзяцей!

Настойліва рэкамендуем рыбакам заўсёды мець выратавальны  безрукаўнік, асабліва, калі рыбачыце з маламерных суднаў.

Раённая служба МНС папярэджвае аб небяспецы купання ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама ў неўстаноўленых і забароненых месцах. Небяспечна ўваходзіць у ваду стомленым.

Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий