"Летні патруль" на вадаёмах — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


"Летні патруль" на вадаёмах

9 августа 2016 - Александра Джежора
article2623.jpg

 Да канца жніўня прадоўжацца ў  раёне мерапрыемствы ў рамках акцыі “Летні патруль”. Яе галоўная мэта – фарміраванне ў грамадстве культуры бяспечнасці жыццядзейнасці.

            Паколькі на змену праліўным дажджам прыйшло сонечнае, нават спякотнае надвор’е, то берагі вадаёмаў зноў запоўнілі адпачываючыя. Таму і прайшло чарговае сумеснае патруляванне   месцаў купання і адпачынку  каля берагавой тэрыторыі  азёраў “Яглевічы-1”, “Яглевічы-2”, “Чамялоўскае”. У складзе “летняга патруля” на гэты раз былі інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзеоа па НС Арцём Галавач, старшыня Івацэвіцкай раённай  арганізацыі таварыства  выратавання на водах Любоў Пішчык і актывісты раённага аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных Даніла Лемяшэўскі (“ДУА №3 г. Івацэвічы”) і Кірыл  Коцік (ДУА “СШ№1 г. Івацэвічы) . 

Адпачываючых у той пятнічны дзень каля вады было нямала. Асабліва на Чамялоўскім возеры. З тых, з кім давялося пагутарыць, не было нікога з Івацэвіцкага раёна: найбольшая частка – жыхары суседняга Баранавіцкага раёна.  Людзей шмат, нехта прыехаў на ўсе выхадныя сем’ямі, прыхапіўшы палаткі. Магчыма нехта плануе правесці час каля вады з ужываннем спіртнога. Каля барага ў вадзе ў адным месцы боўтаюцца пяцёра дзяцей, усе – дзяўчынкі, самай старэйшай не болей за 10 гадоў, самай малодшай – гады тры. На ўскрайку лесу распалены мангал і прыгатаваны стол, тут жа двое мужчын і жанчына. Як высветлілася, сярод дзяцей, што боўталіся ў вадзе і яе дзеці. Маці кідае заўвагі дзецям наконт не лезці далей у ваду здалёк,  прама ад стала, пры гэтым нават не бачачы іх.  Заўважыўшы нас вырашыла падыйсці да дзяцей. Робім заўвагу, канстатуючы, што нельга пакідаць дзяцей без нагляду і трэба такіх малых наогул трымаць на адлегласці выцягнутай рукі. “Будзяце мяне яшчэ выхоўваць!” – гнеўна абураецца жанчына, але тым не меней расцілае пакрывала і кладзецца на беразе ў некалькіх кроках ад вады і нават не звяртае на запрашэнне тых двух мужчын да стала. Але ці надоўга?

У ходзе гэтых рэйдаў  адпачываючым каля вады прадстаўнікі “патруля” настойліва напаміналі ў чарговы раз правілы бяспечных паводзін на вадзе, тлумачылі, як правільна аказаць першую дапамогу пацярпеламу, гаварылі аб неабходнасці пастаянна сачыць за паводзінамі малых дзяцей і не пакідаць  іх  адных. Многа было сказана аб катэгарычнай забароне купання ў тых месцах, дзе яно афіцыйна забаронена і маюцца адпаведныя таблічкі-указальнікі. У прыватнасці, на вадаёме “Яглевічы-1”. Найменш парушэнняў рэйдавая група выявіла на другім Яглевіцкім возеры. Магчыма таму, што тут абсталяваны пост выратавальнікаў і яны сістэматычна заклікаюць адпачываючых да парадку і бяспекі.

            Усім адпачываючым актывістамі маладзёжнага руху выратавальнікаў-пажарных былі ўручаны тэматычныя лістоўкі і памяткі, які прапагандуюць бяспечны адпачынак каля вады і ўвогуле вучаць асцярожнасці і абачлівасці і дарослых, і дзяцей.

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий