"У цэнтры ўвагі - дзеці!" — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


"У цэнтры ўвагі - дзеці!"

31 августа 2016 - Александра Джежора
article2657.jpg

 У Івацэвіцкім раёне працягваюцца мерапрыемствы прафілактычнай рэспубліканскай акцыі “У цэнтры ўвагі – дзеці!”, якая накіраваная на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы траўматызма і гібелі дзяцей ад пажараў у выніку пакідання іх без нагляду дарослых. Акцыя прысвечана  пачатку новага навучальнага года і Дня ведаў.

            Мерапрыемствы першага этапу акцыі Івацэвіцкія выратавальнікі правялі разам з актывістамі БМГАВП з ліку старшакласнікаў ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” у магазінах райцэнтра, якія спецыялізіруюцца на продажы тавараў для дзяцей і школьнікаў. Гэта найперш магазіны Івацэвіцкага райста : “Культтавары”, “Дзіцячы свет”, “Спорттавары”, “Кнігі”, а таксама спецыялізаваныя гандлёвыя палаткі і магазін “Канцлер”.  Падчас акцыі ўвага была сканцэнтравана найперш на  дарослых, бо менавіта ад іх пільнасці, уважлівасці і абачлівасці і залежыць бяспечнасць дзяцей. Усе прафілактычныя размовы выратавальнікаў і іх юных памочнікаў суправаджаліся ўручэннем тэматычных буклетаў і брашур.

            У полі зроку заставаліся і малыя пакупнікі. Ім нагадвалі аб той небяспецы, якую тоіць у сабе агонь, аб дзеяннях, якія  неабходныя для выкнання ў выпадку вогненай небяспекі. А яшчэ былі традыцыйныя пытанні, якія найперш тычыліся алгарытму дзеянняў пры пажары. Кожны, хто даў правільны адказ, атрымоўваў прыз: буклет “Азбука бяспекі” ці “Памятка школьніку”. А вось самыя маленькія атрымлівалі тэматычныя размаляванкі і часопісы “Зайкава школа” проста так, як напамінак аб прыемнай сустрэчы з выратавальнікамі.

            Акрамя таго ў магазінах “Дзіцячы свет” і “Культтавары” былі абсталяваны часовыя вугалкі з таварам для дзяцей, пакінутых без нагляду. Тут месцяцца пажарная каска, вогнетушыцель і апавяшчальнік, а таксама цацачныя пажарныя машыны і набор для гульні “Выратавальнік”. У наяўнасці такіх часовых куточкаў ёсць пэўная доля іроніі, недзе нават гумару, але каля іх спыняліся амаль кожны дарослы пакупнік гэтых магазінаў. А ў Івацэвіцкай кнігарні была арганізавана выстава дзіцячай тэматычнай літаратуры проціпажарнай тэматыкі, дзе кожны жадаючы мог атрымаць у падарунак упадабаны буклет альбо брашуру.

            Акцыя пажарна-прафілактычнага накірунку складаецца з трох этапаў і прадоўжыцца да 23 верасня. За гэты перыяд выратавальнікі нагадаюць аб вогненай небяспецы падчас выступленняў на агульнашкольных лінейках 1 верасня, на пачатку новага навучальнага года аб пажарнай бяспецы зноў пойдзе гаворка выратавальнікаў з педагагічнымі калектывамі і тэхнічным персаналам устаноў адукацыі, бацькамі школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў на бацькоўскіх сходах. Выратавальнікі правядуць “Урокі бяспекі” для першакласнікаў і іншых школьнікаў адпаведна ўзроставай катэгорыі. Падчас такіх сустрэч не абыйдзецца без прагляду тэматычных фільмаў, правядзення віктарын і конкурсаў.

Валерый   Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий