"Урокі бяспекі" ад івацэвіцкіх выратавальнікаў — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


"Урокі бяспекі" ад івацэвіцкіх выратавальнікаў

24 октября 2016 - Александра Джежора
article2757.jpg

 Вялікую ўвагу івацэвіцкія выратавальнікі надаюць навучанню насельніцтва раёна “пажарнай грамаце”. І пачынаецца гэта навучанне з самага першага ўзроўня – дашкольнікаў. Менавіта з выхаванцамі дзіцячых садкоў праводзяць першыя “Урокі бяспекі” работнікі раённай службы выратавання.

Як правіла, форма навучання дашкольнікаў у асноўным гульнёвая. Напачатку  ў хлопчыкаў і дзяўчынак пытаюць, ці наогул патрэбен агонь чалавеку? Далей высвятляецца, дзеля чаго патрэбен агонь, у чым яго карысць і чаму ў адно імгненне агонь можа з надзёнага, вернага памочніка і сябра ператварыцца ў злога, бязлітаснгага ворага. Большасць дзяцей добра ведаюць нумары выкліку экстраных службаў дапамогі, найперш – службы выратавання, свае дамашнія адрасы. Радуе, што многія дзеці для  свайго ўзросту дастаткова добра могуць назваць прычыны ўзнікнення пажараў і сродкі барацьбы з імі, шляхі ратавання з памяшкання, дзе адбыўся пажар.

Вядома, толькі адных “Урокаў бяспекі”, праводзімых выратавальнікамі хоць і сістэматычна з дашкольнікамі было б недастаткова, калі б у дабавак не настойлівая праца ў дадзеным кірунку як асобных выхавацеляў, так і цэлых калектываў дзіцячых дашкольных устаноў адукацыі. І прыкладаў таму мноства.

Бадай, што кожны райцэнтраўскі  дзіцячы садок мае добра абсталявныя куточкі бяспекі для выхаванцаў. Недзе нават самі малыя называюць іх “пажарнай станцыяй”, як у ДУА “Яслі-сад №4 г. Івацэвічы”, дзе маецца для навучання дзяцей правілам перасцярогі і гульнёвая пляцоўка ў двары, дзесьці гэта “Пажарны пакой”, як у ДУА “Косаўскі яслі-сад”. Варты пераймання на сённяшні дзень вопыт работы ДУА “Целяханскі дзіцячы сад №3”, ДУА “Хадакоўскі дзіцячы сад”, дзіцячыя дашкольныя ўстановы адукацыі агр. Быцень, агр. Гошчава, в. Стайкі і некаторых іншых. А вось у ДУА “Зеленаборскі дзіцячы сад” з усяго афармлення дзіцячага куточка бяспекі ўсяго толькі два плакаты.

Сёлета выдатна аформлены “Востраў бяспекі” з’явіўся і ў ДУА “Аброўскі дзіцячы сад” (загадчыца  Галіна Папечыц). Тут сабрана ўсё неабходнае для навучання хлопчыкаў і дзяўчынак правілам бяспечнай жыццядзейнасці, улічваючы не толькі пажарную бяспеку, але і правілы дарожнага руху. У гэтым дзіцячым садку на выхаванні  24 дзіцяці, аднак выхавацелі прыклалі шмат намаганняў, каб для іх тут з’явіліся і манекен, апрануты ў баявое адзенне пажарнага, які дзеці назвалі дзядзькам Дзімам (на іх меркаванне: так завуць начальніка ПАВП агр. Аброва), і цацачныя мадэлі пажарных машын, мадэль пажарнага дэпо з вежай-каланчой. Тут ёсць мноства плакатаў розных памераў, памяткі і лістоўкі, накіраваныя на папярэджанне надзвычайных здарэнняў з удзелам дзяцей, розных дыдактычных гульняў, сцэнарыяў дзіцячых мерапрыемстваў.

А ў двары сёлетнім летам з’явілася “пажарная машына”, ак адзін з першых элементаў гульнёвай пляцоўкі. Да яе навыперадкі бягуць дзеці на прагулцы, каб хутчэй заняць месца ў кабіне і ва ўвесь голас аб’явіць сябе вадзіцелем пажарнай машыны, склікаючы сваіх сяброў  “на тэрміновую пасадку для выезду на пажар”.

Добрыя веды прадэманстравалі выхаванцы садк, а адказваючы на пытанні інспектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС,і падчас правядзення конкурсу загадак. Важна адзначыць, што кожны, хто даваў правільны адказ быў заахвочаны празам – дзіцячай размаляванкай. Той, хто быў самым актыўным, у якасці супер-прыза атрымаў  тэматычную брашуру “Вучым правілы бяспекі разам”.  Тут вызначыўся Яраслаў Люшкевіч.

Вось так, агульнымі намаганнямі і робіцца ўсё для таго, каб дзеці толькі гулялі ў пажарных, а не станавіліся прычынай і ахвярай розных надзвычайных сітуацый.  

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий