"За бяспеку - разам!" — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


"За бяспеку - разам!"

11 ноября 2015 - Александра Джежора
article2059.jpg


Яшчэ адна сустрэча івацэвіцкіх выратавальнікаў з вяскоўцамі на тэму пажарнай бяспекі ў рамках пажарна-прафілактычнай акцыі “За бяспеку – разам!” прайшла ў вёсцы Турная.  Неабходнасць яе арганізацыі і правядзення абгрунтавана колькасцю пажараў на тэрыторыі Святавольскага сельвыканкама, у склад якога уваходзіць і вёска Турная. Апошні пажар тут адбыўся яшчэ ў маі,  ён меў трагічны зыход: з-за неахайнасці пры курэнні ў ложку загінуў мясцовы жыхар працаздольнага ўзросту.

 

На сустрэчу з жыхарамі Турной прыехалі першы намеснік начальніка райаддзела па НС Віталій Дыдышка, старшы  інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС Валерый Молаш, а таксама старшыня Святавольскага сельвыканкама Анатолій Шчурко. Вяскоўцы сабраліся каля магазіна. 

 

Гаворка на гэтым сходзе ішла не толькі аб строгім і няўхільным захаванні проціпажарных правіл, але і аб пільнасці і абачлівасці падчас курэння і карыстання іншымі крыніцамі агню. Аб катэгарычнай забароне на курэнне ў памяшканні. Тут адна з бабуль паскардзілася на мужа, бо ёй даводзіцца сачыць за ім пастаянна, літаральна ходзячы за ім па пятах. Сам дзядуля, відаць, не лічыць свае дзеянні рызыкоўнымі ў адносінах і да сябе самога, і да сваёй жонкі. Віталій Аляксандравіч сканцантраваў увагу прысутных на правілах пажарнай засцярогі каля распаленых печаў, уключаных электраабагравальнікаў і наогул – электрабытавых прыбораў. Бо часта дзеці прывозяць у вёску бацькам свае старыя тэлевізары, халадзільнікі і іншае, а сабе набываюць новае, болей дасканалае. А тыя ж прывезеныя электапрыборы часам становяцца прычынай узгаранняў у дамах састарэлых бацькоў.

Была закранута і неабходнасць устаноўкі ў сваіх хатах аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, бо, як высветлілася, у некаторых вяскоўцаў яны хоць і стаяць, але не заменены ў іх батарэйкі сілкавання, а значыць і карысці з іх ніякай. Асобна ішла гутарка аб паленні смецця на падворках і выпальванні сухой расліннасці. Вяскоўцаў у сваю чаргу турбаваў лёс абгарэлага дома, дзе загінуў чалавек і ў якога нама спадчыннікаў. Драўляны дом з абгарэлымі вокнамі стаіць на ўездзе ў вёску і адразу наводзіць на сумныя думкі – лічаць турнянцы.

У завяршэнне сходу  Віталій Дыдышка адказаў на пытанні вяскоўцаў. Усе прысутныя на сходзе пры гэтым атрымалі тэматычныя буклеты і памяткі.

 

Валерый МОЛАШ, старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадкасцю райаддзела па НС. 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий