…Запалкамі авалодаў лёгка — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


…Запалкамі авалодаў лёгка

13 июля 2017 - Administrator
article3290.jpg
Амаль апоўдні 11 ліпеня здарыўся пажар на падворку жыхаркі аг. Святая Воля. Тут літаральна ў адно імгненне запалаў буйным полымем драўляны гаспадарчы хлеў. Віноўнік здарэння – сын гаспадыні Міша, 2009 года нараджэння, які сёлета скончыў два класы мясцовай Святавольскай базавай школы.

У сям’і трое малалетніх дзяцей. Двое малодшых на той час знаходзіліся ў Велікагацкім дзіцячым садзе, а старэйшы Міша заставаўся дома адзін. Праўда, маці час ад часу адпрошвалася з працы, прыбягала дадому, каб праверыць, чым займаецца яе сынок. Першы раз яна з’явілася дома а дзясятай гадзіне: Міша сядзеў за камп'ютарам і гуляў. Потым яна прыйшла дамоў амаль у адну гадзіну дня каб пакарміць сына. У гэты час загарэўся хлеў. Аб пажары маці паведаміў сам Міша. Як пазней высветлілася, Міша ўзяў запалкі на кухні і, гуляючы з імі ў хляве, падпаліў салому. Паспрабаваў яе патушыць, а потым пабег дамоў і паклаў запалкі на месца. Як гром сярод яснага неба для маці прагучала: “Мама, наш хлеў гарыць!”

Аб небяспецы пакідаць дзяцей без нагляду прадстаўнікамі службы МНС сказана і напісана даволі шмат. Для вучняў ДУА “Святавольская БШ” у маі быў праведзены тэматычны кіналекторый “Азбука бяспекі”. Аналагічнае мерапрыемства праведзена крыху раней з выхаванцамі ДУА “Велікагацкі дзіцячы сад”. Аднак гэтага недастаткова, калі аналагічная выхаваўчая работа адсутнічае з боку бацькоў. Усе дарослыя павінны памятаць аб закліку выратавальнікаў “Хавайце запалкі ад дзяцей!”. Чарговы раз нагадваем: ніколі не пакідайце малых дзяцей без нагляду. Усвядомце, што аднымі забаронамі многага нельга дабіцца, а таму выхоўвайце дзяцей асабістым прыкладам і нястомна тлумачце сваім малым сынам і дочкам, што агонь – не цацка, а страшэнная небяспека. Забараніце дзецям без дарослых хадзіць да вадаёмаў і ў лясы, папярэдзьце іх, што небяспечна гуляць на тэрыторыі жывёлагадоўчых фермаў і механічных майстэрань, у сенасховішчах, у неэксплуатуемых збудаваннях, нежылых дамах.

Гэта ўжо другі пажар сёлета ў нашым раёне па прычыне дзіцячага свавольства з агнём. Першы быў зарэгістраваны якраз 1 чэрвеня ў в. Коланск, дзе гаспадарчая пабудова загарэлася па віне 12-гадовага хлопчыка, прыехаўшага сюды на канікулы з Міншчыны.
На працягу ўсяго лета выратавальнікі праводзяць прафілактычную акцыю “Канікулы без дыму і агню!” Разам абаронім дзяцей ад небяспечных забавак!
В. Молаш, ст. інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий