І зноў пажар... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


І зноў пажар...

14 октября 2013 - Administrator
article633.jpg

 Вечарам 9 кастрычніка здарыўся пажар у жылым доме аднаго з жыхароў  в. Горталь. Суседзі выклікалі выратавальнікаў. Але яшчэ да іх прыезду аднасяльчане Мікалай Шульга і Мікалай  Крыўко адважыліся прайсці ў хату.

Там, у моцна задымленым пакоі  яны знайшлі гаспадара, які спаў на гарэўшым металічным ложку, удваіх падхапілі яго і вынеслі на свежае паветра. Між тым сам гаспадар, як ні ў чым не бывала, крыху пастаяўшы на вуліцы,  зноў пайшоў у задымленую хату і ўлёгся на той самы гарэўшы ложак. Менавіта тут пад’ехалі выкліканыя суседзямі выратавальнікі мясцовага пажарнага аварыйна-выратавальнага паста. Звяном газадымаахоўнай службы небарака зноў быў вынесены на вуліцу. Выкліканая “хуткая дапамога” адвезла яго да пляменніцы ў Целяханы. 
 

Дарэчы, па словах пацярпелага, у той дзень ён разам з аднавяскоўцам хадзіў у лес, вярнуўшыся дамоў, пілі віно, потым сябар пайшоў, а гаспадар уключыў тэлевізар, закурыў, улёгшыся на ложак, і заснуў. 

Жыве 49-гадовы мужчына адзін у  драўлянай хаце, са слоў суседзяў, многа курыць і злоўжывае спіртнымі напоямі, нідзе не працуе.

Амаль штогод у Горталі здараюцца пажары па аналагічнай прычыне, на якіх гібнуць людзі. Былі выпадкі, калі гінулі адразу па два чалавекі. 

Валерый МОЛАШ, старшы інспектар ГпіН райаддзела па НС.

Комментарии (0)
Добавить комментарий