Аб гатоўнасці школ і садкоў да навучальнага года — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Аб гатоўнасці школ і садкоў да навучальнага года

21 августа 2014 - Александра Джежора
article1205.jpg

Лічаныя дні засталіся да пачатку новага навучальнага года і школьны званок зноў пакліча хлопчыкаў і дзяўчынак за парты. Цікавячыся станам проціпажарнай бяспекі школ і дзіцячых садкоў напярэдадні новага навучальнага года супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях  наведалі шэраг устаноў адукацыі раёна.

 Так, у ДУА “Квасевіцкая СШ” па школе і яе двары правяраючых  суправаджаў намеснік дырэктара па гаспадарцы Аляксандр Бурвін. Ён і паведаміў  аб няспраўнасці пажарных гідрантаў, што месцяцца на тэрыторыі школы, хоць яны і знаходзяцца на абслугоўванні Івацэвіцкай ЖКГ. Ёсць на школьным двары і пажарны рэзервуар для мэт пажаратушэння, ён запоўнены вадой, маецца абазначэнне, а вось знак пажарнай бяспекі, які вызначае месцазнаходжанне гідранта,  патрабуе неадкладнай замены. На школьным двары знаходзіцца  шэраг гаспадарчых пабудоў. Хлеў, у якім знаходзіцца воз (у школы ёсць свой конь) вось-вось паваліцца, пры гэтым нахілены ён у бок праходу на прышкольны сельгасучастак (на здымку 1). Неабходна да пачатку навучальнага года альбо адрамантаваць гэтую аварыйную пабудову, альбо зусім знесці.

У школе падчас гутаркі з тэхперсаналам, супрацоўнікі цікавіліся ведамі работнікаў  адносна дзеянняў пры пажары і правілах карыстання парашковым вогнетушыцелем. Атрымалі станоўчыя адказы, але жанчыны разгубіліся, шукаючы адказ на пытанне: ці можна гэтакім вогнетушыцелем тушыць электраабсталяванне пад напругай.

Зусім адваротнае пачулі супрацоўнікі ад абслугоўваючага персаналу Квасевіцкага дзіцячага садка. Тут пры адказе парушаецца паслядоўнасць дзеянняў з вогнетушыцелем,  і хоць работніцы сада лічаць такое канкрэтнае патрабаванне не вельмі важным, яны памыляюцца, бо менавіта ад правільных і своечасовых дзеянняў залежыць эфектыўнасць і хуткасць ліквідацыі магчымага ўзгарання. На час  прыезду дзіцячы садок быў зачынены на двухтыдневы рамонт.

У ДУА “Косаўская СШ” супрацоўнікаў  сустрэў выконваючы абавязкі дырэктара ўстановы. Наведалі бібліятэку, дзе актыўна ішла выдача вучэбнікаў. Высветлілася, што бібліятэкар зусім не ўмее карыстацца вогнетушыцелем, які стаіць тут жа, у куце. Гэтага пярвічнага сродка пажаратушэння яўна недастаткова для памяшкання,  моцна загружанага гаручымі рэчамі і праз некаторы час бібліятэкарка знайшла другі вогнетушыцель, які быў застаўлены стопкамі кніг. Вельмі важна, каб вогнетушыцелі пастаянна знаходзіліся на відных, лёгкадаступных месцах, абазначаных адпавядаючымі знакамі пажарнай бяспекі. Не ўмее карыстацца вогнетушыцелем і вахцёр, ад дзеянняў якой у выпадку ўзнікнення нейкага здарэння залежыць вельмі  многае. У актавай зале ёсць вуглекіслотны вогнетушыцель, яле ён не забяспечаны раструбам для накірунку тушачага рэчыва і таму асаблівай карысці ад яго не будзе.  Яшчэ два вогнетушыцелі стаяць амаль на лесвіцах, якія вядуць да выхаду з актавай залы, гэта значыць замінаюць на шляхах эвакуацыі.  Верагодна, што да пачатку заняткаў усе сродкі пажаратушэння ў школе зоймуць свае належныя месцы. Спадзяёмся, што будзе наведзены належны парадак і ў памяшканні школьнай сталярнай майстэрні, якое літаральна загрувашчана рознымі дошкамі (на здымку 2 ).

 Неабходна правільна устанавіць дзвярныя даводчыкі для самазакрывання дзвярэй і гэтым самым забяспечыць іх спраўнасць, бо замацаваныя такім чынам,  яны могуць служыць толькі металічным дэкорам на дзвярных праёмах і не болей таго, а павінны выконваць канкрэтныя функцыі.

 Варта болей ўвагі надаваць інфармацыйным стэндам па бяспецы, бо ў сярэдзіне жніўня на стэндах знаходзяцца памяткі аб паводзінах падчас галалёду і бяспецы ў зімовы перыяд.

У ДУА “Яслі-сад г. Косава” загадчыца дашкольнай установы Надзея Максіменка з трывогай гаворыць пра недастатковы ціск вады ў сістэме ўнутранага супрацьпажарнага  водазабеспячэння. Не забяспечана працаздольнасць пажарнага крана на другім паверсе (ПК №4), бо тут ствол не прымацаваны да рукава, а ў выпадку надзвычайнага здарэння на яго прыкрутку пойдзе дадатковы час. Работніцы  харчблоку далі вычарпальныя адказы пра  дзеянні пры пажары і правіламі карыстання вогнетушыцелямі.

А вось работнікі  ў ДУА “Гошчаўскі дзіцячы сад” наадварот не здолелі даць правільныя адказы.  Затое не было падчас маніторынгу  заўваг у ДУА “Гошчаўская СШ”. Вось толькі вялізныя кветкі на калідоры – гэта, несумненна, прыгожа, толькі  яны займаюць палову калідора, а гэта шлях эвакуацыі.

Некаторыя  прадстаўнікі школьнага калектыву  ў ДУА “Стайкаўская СШ” не ведаюць сваіх дзеянняў падчас магчымага пажару і не ведаюць правілаў карыстання вогнетушыцелем, як не ведаюць і нумару выкліку выратавальнікаў. Той жа вогнетушыцель у кабінеце хіміі замацаваны проста на дзвярной каробцы, што недапушчальна. У кабінеце фізікі корпус электравыключальніка не мае накрыўкі, а ў электрашчытку ў калідоры наогул скарыстўваюцца самаробныя засцерагальнікі – “жучкі” (на здымку 3).

Усё гэта тоіць небяспеку.

Памяшканні ДУА “Стайкаўскі дзіцячы сад”  агледзелі разам з намеснікам загадчыцы па гаспадарцы Яўгеніяй Лукоўскай. Адразу кінуўся ў вочы абгарэлы перахаднік у электраразетцы, праз які падключаюць электрапрыборы, тут жа пакінуты ўключаным у разетку хоць і не працуючы тэлевізар. Падалося, што тут,  наогул,  спрабуюць жартаваць з электраабсталяваннем, інакш як можна расцаніць сітуацыю ў пральні, дзе прасуюць бялізну электрапрасам, а спецыяльная незгаральная падстаўка для яго знаходзіцца ў другім месцы, не закрытыя накрыўкамі электраразмеркавальныя каробкі? У гэты ж час работніцы дзіцячага садка не ведаюць, ці можна скарыстаць парашковы вогнетушыцель для ліквідацыя гарэння электраабсталявання.

У гэткую ж тупіковую сітуацыю патрапілі і прадстаўнікі абслугоўваючага персаналу ДУА “Зеленаборскі дзіцячы сад”, якія лічаць, што ў выпадку пажару трэба званіць па нумары “103”.

Ужо зусім хутка калідоры дзіцячых устаноў адукацыі ажывяцца звонкімі дзіцячымі галасамі. Для таго, каб гэтыя галасы былі толькі радаснымі і не ператвараліся ў дзіцячы плач, трэба каб найперш кіраўнікі школ і дзіцячых садоў, а таксама і ўсе тыя, хто мае прамое дачыненне да гэтых устаноў, адчувалі персанальную адказнасць за бяспеку   дзяцей на працягу нават тых 45-ці хвілін школьнага ўроку, а не адмахваліся ў час праверкі іх ведаў пажарнай бяспекі парыруючы, што мяне гэта не датычыцца. Усе мы ў адказе за нашых дзяцей.

Рэйдавая група:

Віталій Дыдышка,

першы намеснік начальніка райаддзела па НС.

 Аляксандр Міскевіч,

старшы  інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па НС.

 Валерый Молаш,

старшы  інспектар ГПіН  райаддзела па НС.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев