Адрамантаваная печ уратуе ад пажару — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Адрамантаваная печ уратуе ад пажару

18 сентября 2015 - Александра Джежора
article2010.jpg


Не за гарамі зімовыя халады, дбайныя гаспадары загадзя заняліся падрыхтоўкай свайго жылля да ацяпляльнага сезону. Найбольш тут клопату ў вяскоўцаў, бо значная іх колькасць па-ранейшаму карыстаецца для абагрэву сваіх дамоў звычайнымі печамі. А печ, як вядома, – крыніца павышанай пажарнай бяспекі. Дарэчы, сёлета з пачатку года печы з’явіліся віной чатырох пажараў, якія здараліся ў жылых дамах і лазнях. У адным выпадку печ аказалася няспраўнай, у трох іншых пажары былі выкліканы парушэннем правілаў пажарнай бяспекі пры іх эксплуатацыі. На працягу мінулага года з-за печаў разгарэлася дзевяць пажараў, шэсць з іх – па віне неахайных гаспадароў. Самай звыклай прычынай “пячнога” пажару з’яўляецца выпадзенне вуголля з тапліўніка распаленай печы пры адчыненых дзверках.

 

Як толькі ўзімку мацнеюць маразы, выратавальнікі фіксуюць павелічэнне колькасці такіх пажараў. Бо Каб без усялякіх праблем бестурботна грэцца на печы, печ павінна быць найперш правільна складзена і быць у добрым стане. Цвёрдая ўпэўненасць некаторых  гаспадароў у тым, што “яшчэ адну зіму перазімую”, прыводзіць часам да сумных наступстваў: гараць дамы, знішчаецца маёмасць, гінуць людзі.

І калі ўжо вырашылі будаваць новую печ, што трэба рабіць яшчэ ўлетку, то ведайце, што яна будуецца на асобным фундаменце, а не складаецца проста на падлозе. Яе корпус павінен быць суцэльны, без трэшчын, атынкаваны і абелены. Атынкаваць і пабяліць трэба і дымаход на гарышчы, ды і бываць там трэба часцей, а не адзін раз за год, каб кантраляваць стан дымахода. Нагадаем, што ПУП “ЛадаБуд”, якое спецыялізуецца на аказанні паслуг па рамонце ацяпляльных печаў, мае у сваім штаце кваліфікаваных печнікоў.

І ўсё ж кожны дбайны гаспадар павінен праявіць клопат аб стане сваёй печы напярэдадні ацяпляльнага сезону. Выключэнне складаюць грамадзяне, аднесеныя да сацыяльна ўразлівай катэгорыі насельніцтва: інваліды і ветэраны вайны, інваліды, адзінокія састарэлыя грамадзяне, шматдзетныя сем’і. На рамонт печаў у дамах гэтай катэгорыі грамадзян грошы выдаткаваны з раённага бюджэту і праз ДУ “Івацэвіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” было запланавана адрамантаваць печы 42 грамадзянам. Недзе печы ўжо адрамантаваны, недзе работы ў стадыі завяршэння. Такім чынам, завершаны рамонт ацяпляльнай печы ў хаце адзінокага жыхара Івацэвічаў, 84-гадовага Дзмітрыя Васільевіча Міхінкевіча (на здымку). Цяпер у ягонай хаце будзе цёпла і ўтульна, а галоўнае – бяспечна. Старасць павінна быць бяспечнай, нават калі яна адзінокая.

Асобна хочацца дадаць аб выкананні супрацьпажарных патрабаванняў пры эксплуатацыі печаў. У некаторых дамах парушэнняў, што называецца, цэлы букет: то легкадумны гаспадар палье дровы ў печы бензінам каб лепей гарэлі, то дроў каля печы наскладвае цэлую гару, то металічны ліст забудзе на падлозе прыбіць, а то і зусім паліць печ цэлымі днямі амаль без перапынку. У дабавак, на падлозе каля печы ці на тым жа лісце бляхі куча смецця, дзе мноства лёгкагаручых рэчаў, асабліва паперы. Так рабіць нельга.

Хочацца звярнуць асаблівую ўвагу на памяшканне гарышча. І там мноства падстаў для магчымага пажару: на падлозе – часта сена ці салома,  многія тут доўгімі гадамі захоўваюць старую  мэблю ці вопратку, розныя старыя рэчы, якія даўно адслужылі свой тэрмін. Гаспадары ведаюць, што скарыстаць іх наўрад ці калі прыйдзецца, а выкінуць шкада. А побач – дымаход. У самым лепшым выпадку – пабелены, атынкаваны, у горшым – з мноствам трэшчын, пачарнелы, напаўразбураны. Дастаткова маленькай іскрынкі і замест хаты – папялішча.

Таму, каб без праблем грэцца зімой, печ трэба эксплуатаваць, выконваючы адпаведныя правілы: не перапальвайце печ, бо гэта выклікае з’яўленне трэшчын. У моцныя маразы паліце двойчы-тройчы за дзень. Памятайце, што паліць у печы болей, чым дзве гадзіны запар нельга. Ні ў якім выпадку нельга тапіць печы з расчыненымі дзверкамі, пакідаючы пры гэтым печ без нагляду ці даручаючы  сачыць за паленнем малым дзецям, як нельга і пакідаць малых адных у пакоі, дзе паліцца  печ. Даўжыня дроў не павінна перавышаць даўжыню тапліўніка. Не забывайцеся своечасова ачышчаць дымаходы ад сажы і не распальвайце дровы з дапамогай бензіну ці саляркі. Гэта небяспечна, бо пагражае і пажарам, і апёкамі.

Патрэбна праявіць элементарную ўвагу і выконваць гэтыя правілы. Гэтым  вы зможаце прадухіліць бяду.

Валерый МОЛАШ, старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий