Адразу дзве лазні пацярпелі ад пажараў... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Адразу дзве лазні пацярпелі ад пажараў...

2 ноября 2015 - Александра Джежора
article2050.jpg

У першым выпадку ў другой палове дня загарэлася цагляная лазня з дашчаной прыбудовай на падворку пенсіянеркі з агр. Святая Воля. Вынік пажару – пашкоджаныя дах і перакрыццё будынка.  Як высветлілася, тут жа была ўсталявана варачная пліта, якую гаспадыня эксплуатавала, а ў небяспечнай блізкасці да яе, гэта значыць – да агню, знаходзіліся гаручыя рэчы. Ад прамога ўздзеяння агню на драўляныя рэчы апошнія і загарэліся.

Блочная лазня гарэла і ў прыватным сектары аднаго з жыхароў райцэнтра. З улікам шчыльнай забудовы гэты пажар выклікаў абаснаваную трывогу ў суседзяў. У выніку пажару агонь пашкодзіў двухскатны дах, унутранае аздабленне. І тут віной стала печ, а дакладней – металічная дымавая труба, якая нават не была абкладзена цэглай. На гарышчы гаспадар захоўваў дошкі, якія сутыкаліся з металічнай трубой. Пад час моцнага яе нагрэву шуганула полымя пажару.

Пажары ў лазнях здараюцца на працягу усяго года і прывязкі да ацяпляльнага сезону яны не маюць. Але ж першапрычынай здарэння з’яўляецца печ. Менавіта ад печы скача агонь пажару часам і ў жылых дамах. У прыватнасці – у зімовы перыяд. Таму напомнім, што недапушчальна паліць ў печы з расчыненымі дзверкамі і пакідаць распаленую печ без догляду. Пакідаць малых дзяцей адных у пакоі, дзе паліцца ў печы – небяспечна. Для падпалу не скарыстоўвайце лёгкаўзгаральныя рэчы, кшталту бензіну, бо гэта можа абярнуцца моцнымі апёкамі рук і твару, якія цяжка вылечваюцца і часам патрабуюць  пластычных аперацый. Ніколі не скарыстоўвайце дровы, даўжыня якіх перавышае даўжыню тапліўніка. Крэслы, канапы, ложкі і іншую мэблю адсуньце ад печаў не бліжэй за паўметра. Не перапальвайце печы, лепей паліце некалькі разоў за дзень па паўтары гадзіны, не болей, а не адзін раз, але працяглы час. Попел і тлеючае вуголле не збірайце ў мяшкі і скрыні, каб  скарыстаць у якасці ўгнаення, бо там можа застацца тлеючае вуголле і тады да бяды адзін крок. Высыпайце попел падалей ад пабудоў і стажкоў, на ўсялякі выпадак не паляніцеся заліць вадой, прысыпаць зямлёй, а то і закідаць снегам. Калі на падлозе ёсць металічны ліст, то не накрывайце яго дыванамі і не складваце на яго дровы. Калі бляшанага ліста няма, то тэрмінова прыбіце. Не загрувашчвайце непатрэбнымі рэчамі гарышчы сваіх дамоў. Ведайце, што ў выпадку пажару ўсё гэта – дадатковая “ежа” агню, што значна ўскладняе тушэнне такога пажару. Пастаянна сачыце за станам дымахода на гарышчы, заўважылі трэшчыну – неадкладна ліквідуйце. Не спяшайцеся зачыняць пячную заслонку: пераканайцеся, што дровы ці торфабрыкет канчаткова перагарэлі.

Нагадваем, што ў раёне працягваецца рэспубліканская пажарна-прафілактычная акцыя “За бяспеку – разам”. Паважаныя жыхары раёна! Зрабіце ўсё неабходнае, каб ваша жыллё было бяспечным.

Валерый МОЛАШ, старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС.

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий