АПА – необходная рэч у кожным доме — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


АПА – необходная рэч у кожным доме

11 ноября 2013 - Александра Джежора
article698.jpg

Факты, калі аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі падчас пажару выратоўваюць людзям жыцці рэгіструюцца ў нашай рэспубліцы амаль штодня. Не выключэнне  і наш раён.

З пачатку года ў дамах і кватэрах грамадзян устаноўлена 1140 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. З іх у дамах адзінокіх пажылых грамадзян – 35 прыбораў хуткага выяўлення пажараў, у дамах адзінокіх інвалідаў 1 і 2-й груп – 8 апавяшчальнікаў, 10 апавяшчальнікаў усталявана ў дамах і кватэрах адзінокапражываючых грамадзян і 12 – у дамах шматдзетных сем’яў. Акрамя таго 4 апавяшчальнікі ўстаноўлены ў дамах ветэранаў ВАВ. У нашым раёне першым у рэспубліцы пачалі усталёўваць так званыя падвоеныя ці спараныя апавяшчальнікі, а яшчэ ёсць і такое, калі сігнал апавяшчальніка выводзіцца на дыспетчарскія пункты падраздзяленняў МНС.

22 кастрычніка ў першай палове дня здарыўся пажар у вёсцы Скураты, у доме Леаніда К., 1960 г.н. Гаспадар жыве адзін, нідзе не працуе, перабіваецца тым, што дадуць вяскоўцы калі некаму нешта дапаможа зрабіць, часта і многа курыць, злоўжывае спіртнымі напоямі. Неаднойчы ў хаце Леаніда з прычыны яго неахайнага курэння ўжо здараліся рознага роду ўзгаранні. Нездарма ў ягонай хаце сумеснымі намаганнямі райаддзела па НС і мясцовага сельвыканкама быў устаноўлены апавяшчальнік. Аднак і пасля гэтага ў жылым пакоі на падлозе каля ложка безліч абгарэлых запалак і акуркаў (на здымку).

У той дзень мужчына зноў быў нецвярозы, закурыў цыгарку і лёг на ложак. Хутка заснуў. Прачнуўся ад пранізлівага сігнала апавяшчальніка і адчуў, што нібы пяршыць у горле. Спахапіўся і пабачыў, што гарыць коўдра. Тут жа выцягнуў яе на вуліцу, кінуў у двары, а сам расчыніў у хаце дзверы, форткі. Падбег сусед, разам з ім і залілі гарэўшую коўдру вадой. Затушылі. На гэты раз абышлося, а калі ўлічыць, што апавяшчальнік устаноўлены пасля шэрагу гарэўшых падушак, коўдраў і матрацаў, то становіцца неяк трывожна. Здзіўляе толькі, што трывога за жыццё небаракі ўзнікае ў акружаючых яго людзей і тых, хто па патрабаванні службы павінен клапаціцца аб бяспецы людзей, толькі не ў самого курца-пагарэльца. Добра, што ў хаце быў апавяшчальнік.

Аднак гаспадары некаторых дамоў з апавяшчальнікамі ставяцца да ўласнай бяспекі абыякава і за гэта расплочваюцца. Дастаткова ўзгадаць сакавіцкі выпадак у в. Магіліцы, дзе ў хаце мясцовага жыхара, 1958 г.н. быу ўстаноўлены спараны з суседам апавяшчальнік. З-за частага задымлення падчас неахайнага курэння гаспадара апавяшчальнік часта рэагаваў пранізлівым звонам адразу ў двух дамах. Тады суседзі прыбягалі, тушылі тое, што загаралася (здаралася і такое), праветрывалі пакоі і, вядома, не абыходзілася ад крытычных, ушчувальных прамоў. Мужчыне надакучылі такія суседскія натацыі і ён выцягнуў з апавяшчальніка батарэйку. Вынік трагічны: у той сакавіцкі вечар апавяшчальнік быў бяссільны ўратаваць гаспадара і той загінуў у агні пажару ва ўласным доме. А трагедыі магло б і не быць.

Шаноўныя грамадзяне! Не спадзявайцеся толькі на дапамогу дзяржавы, а калі заўважылі, што з-за адпаведнага спосабу жыцця вашаму сваяку проста неабходны аўтаномны пажарны апавяшчальнік, то не пашкадуйце грошай – купіце і ўстанавіце яго. Магчыма, ён неаднойчы ўратуе жыццё вашаму старому, хвораму і нямогламу альбо фізічна здароваму, але трапіўшаму ў спіс тых, каго можна аднесці да групы рызыкі, родзічу. Памятайце, што няма нічога даражэй за жыццё і захавайце жыццё блізкаму чалавеку.

Валерый Молаш, старшы  інспектар ГП іН  райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий