Асноўная прычына сёлетніх пажараў... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Асноўная прычына сёлетніх пажараў...

3 ноября 2016 - Александра Джежора
article2771.jpg

 

Сёлета  па віне неахайных курцоў у раёне адбылося ўжо  20 пажараў, пры гэтым, да прыкладу, у доме жыхара в. Дабромысль, 1970 года нараджэння, пажары з-за курэння ў ложку адбыліся двойчы: у красавіку і жніўні.

У першым выпадку агнём засталася пашкоджанай канапа, закопчаныя сцены ў пакоі.  Пажар у ягонай хаце выявіў сусед, які і выклікаў выратавальнікаў (спрацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які быў устаноўлены за сродкі Дабромысленскага сельвыканкама). Тады небарака быў выратаваны звяном газадымаахоўнай службы, ён быў моцна п’яны. А ўжо ў жніўні сітуацыя паўтарылася: зноў спрацаваў апавяшчальнік, зноў ратавальны званок у службу “101” зрабілі спагадлівыя суседзі і зноў выратавальнікі вынеслі з задымленых пакояў нецвярозага і ледзь жывога гаспадара. На гэты раз агнём аказаліся пашкоджаныя пасцельныя рэчы.

У кастрычніку пажар быў выяўлены ў двухкватэрным доме ў в. Наліўкі, у кватэры мясцовага жыхара. Электразабеспячэнне кватэры адключана, апавяшчальніка няма. Затое гаспадар вельмі любіць курыць у ложку на добрым падпітку. Пажар  выявілі суседзі.  Разам з сынам пагарэльца патушылі пасцельныя рэчы, матрац. Пажарныя аварыйна-выратавальныя падраздзяленні да месца здарэння не выклікаліся.

Зноў жа ў кастрычніку ў райбальніцу патрапіў і жыхар аг. Святая Воля, 1953 г.н., з дыягназам “атручэнне прадуктамі гарэння, алкагольная інтаксікацыя”. Высветлілася, што вечарам 21 кастрычніка  яго выратаваў сусед, які, увайшоўшы ў задымлены пакой, знайшоў непрытомнага гаспадара на ложку. Неадкладна выклікаў медыкаў, самастойна ліквідаваў гарэнне пасцельных рэчаў. І тут прычына здарэння банальная: курэнне,  лежачы ў ложку ў стане моцнага алкагольнага ап’янення.

Як бачна, трагедый тут удалося пазбегнуць. Але часам падобныя абставіны заканчваюцца бядой, як гэта было сёлета ў вёсках Дубітава, Жытлін і Міхнавічы. Такім чынам, з пачатку года ўжо трое нашых землякоў сталі ахвярамі пажару па прычыне курэння ў ложку (самаму старэйшаму быў 51 год, а самаму малодшаму – 44 гады). Параўнальна маладыя, працаздольныя мужчыны, усе трое нідзе не працавалі і на момант узнікнення пажараў знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

А калі прыкласці сюды спаленыя хлявы і іншыя гаспадарчыя пабудовы, дзе полымя пажару разгарэлася ад кінутых тут незатушаных  акуркаў ці запалак зноў жа абыякавымі курцамі. А колькі прагарэлых коўдраў, пакрывалаў патушылі ў сем’ях тых жа п’яных курцоў самастойна?

На жаль, не ўсе  курцы ўсведамляюць, што могуць падвяргаць  небяспецы не толькі сябе асабіста, а і жыцці тых, хто жыве пад адным дахам ці за сцяной у суседняй кватэры. Ведайце і памятайце, што тэмпература на канцы прыпаленай цыгарэты ніяк не меней за 300 градусаў, а гэтага дастаткова, каб загарэлася пры дакрананні ўсё тое, што можа гарэць.

Меркаванне, што са мной такое здарыцца не можа,  даволі трывала замацавалася ў свядомасці некаторых грама-
дзян. Тыя ж выпівакі рэдка могуць прылічыць сябе да катэгорыі п’яніц і нават імкнуцца пераканаць іншых, што яны куды больш абачлівыя і дбайныя. На самай справе ўсё інакш. Усе падзеі з курцамі адбываюцца па прынцыпу “з агнём жарты кароткія”. Некаму лёс дае магчымасць выправіць становішча пасля чарговага паратунку, а для некага паратунак увогуле не прыходзіць ніколі. Задумайцеся нарэшце аб кошце і сэнсе жыцця.

Жывіце бяспечна. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Валерый Молаш, старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Івацэвіцкага РАНС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий