Беражыце лес ад пажару! — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Беражыце лес ад пажару!

6 августа 2015 - Александра Джежора
article1865.jpg

Па прагнозам сіноптыкаў сярэдняя тэмпература жніўня чакаецца на 1-3 градусы вышэй кліматычнай нормы. Асаблівая спёка нас чакае ў першай дэкадзе месяца. На гэтыя выхадныя прагназуюць +36.

Спякотнае, без дажджоў надвор’е стварае яўную пагрозу ўзнікненню пажараў у лясах і на тарфяніках, а вецер спрыяе хутчэйшаму распаўсёджванню агню. На працягу мінулага месяца пажарныя аврыйна-выратавальныя падраздзяленні райаддзела па надзвычайных сітуацыях здзейснілі не адзін выезд на ліквідацыю гарэння лесу, тарфяной глебы, сухой травы.

    Выратавальнікамі было ліквідавана гарэнне лесу паблізу вёсак Краглевічы і В. Целяханская Вулькаўскага лясніцтва Целяханскага лясгасу. Не аднаго дня работы выратавальнікаў, работнікаў ішых прадпрыемстваў  каштавала тушэнне тарфяніку ва ўрочышчы “Заялоўе” на плошчах СВК “Косава”, на землях Любішчыцкага сельвыкнкама паблізу пасёлка Майск, на землях, якія належаць фермерскай гаспадарцы каля вёскі Уласаўцы, на плошчах, што належаць СВК “Мічурынск” і знаходзяцца каля вёскі Гошча, іншых месцах.  Ліквідавана гарэнене травы паблізу вёсак Сярадава і Панкі, аграгарадка Святая Воля, шэрагу іншых населеных пунктаў.

      Зафіксаваны выпадкі ўзгарання травы ўжо і ў бягучым месяцы. Толькі 3 жніўня выратавальнікі ПАВЧ №1 г. Івацэвічы патушылі гарэўшую траву каля дачнага пасёлка паблізу  вёскі Аляксейкі і каля маста паблізу райцэнтра ў нікірунку вёскі Панкі.

    Нагадваем жыхарам раёна, што па-ранейшаму дзейнічае забарона на наведванне лясоў. Таму усім тым, хто пажадае пайсці ў лес пазбіраць грыбы ці ягады, найперш трэба наведаць лясніцтва па месцы жыхарства ці там, дзе вы збіраецеся пайсці ў лес, каб атрымаць адпаведны інструктаж аб захаванні патрабаванняў правіл пажарнай бяспекі і зарэгістравацца.

Варта падвоіць свае пільнасць і ўвагу, калі знаходзіцеся ў лесе, на лузе ці тарфяным полі. Памятайце, што сухі, як порах тарфянік можа ўспламяніцца імгенна, а патушыць яго магчыма праз некалькі дзён, тым болей, калі гарэнне акажацца не выяўленым у яго пачатковай стадыі. Перасохлае дробнае сучча, імхі і леташняе апалае лісце ў якасці лясной падсцілкі таксама можа загарэцца ад маленькай, нават непрыкметнай іскрынкі. А тушыць лясны пажар ой як складана!

Выявіўшы гарэнне травы, лясны альбо тарфяны пажар неадкладна тэлефануйце ў службу выратавання па тэлефонах 101 ці 112, паведаміце аб гарэнні, а потым самі прыміце меры па ліквідацыі гарэння і то ў выпадку, калі яно не набрала моцы. Калі ёсць верагоднасць рызыкі для  ўласнага жыцця, то тэрмінова пакіньце небяспечнае месца.

Будзьце пільныя, уважлівыя і абачлівыя з агнём і яго крыніцамі ў такую анамальную гарачыню.

 

Валерый  Молаш, старшы  інспектар групы  прапаганды і ўзаемадзеяння з   грамадскасцю райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий