Бяспечнае лета - лепшы адпачынак — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Бяспечнае лета - лепшы адпачынак

article2508.jpg


У раёне праходзіць рэспубліканская пажарна-прафілактычная акцыя «Каникулы без дыма и агня!», накіраваная на папярэджанне пажараў і іншых надзвычайных здарэнняў па віне альбо з удзелам дзяцей.

Супрацоўнікі  раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях  наведваюцца ў госці да хлопчыкаў і дзяўчынак у лагеры, нагадваюць аб правілах бяспечных паводзін. Канешне, слухаць проста лекцыю аб бяспецы з сухімі лічбамі і фактамі – не цікава нават даросламу чалавеку, таму івацэвіцкія выратавальнікі імкнуцца да розных іншых формаў давядзення да свядомасці дзяцей карыснай інфармацыі.

Менавіта з гульняў проціпажарнага накірунку распачалася сустрэча выратавальнікаў з дзецьмі, якія папраўляюць сваё здароўе у абласным дзіцячым  рэабілітацыйным цэнтры “Сасновы Бор”, што знаходзіцца ў аднайменным пасёлку. Тут праходзяць аздараўленне болей за сто дзяцей розных узростаў з усіх куточкаў вобласці.  Насамрэч, і для гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак даволі захапляючай аказалася гульня “Збіраемся ў лес”, яшчэ рабяты праявілі актыўнасць у конкурсе загадак і супрацьпажарнай віктарыне. Узнагарода тым, хто здолеў праявіць свае эрудыцыю і дасведчанасць – тэматычная літаратура кшталту “Геаметрыя бяспекі”, буклеты-памяткі аднайменнай акцыі. Хаця не абыйшлося і без павучальных гутарак наконт бяспечнага карыстання крыніцамі агню, бытавымі газавымі і электрычнымі прыборамі, паводзін у выпадку пажару. Выратавальнікі перасцераглі рабят і на выпадак знаходжання каля вадаёмаў, у лесе, трапіўшы пад навальніцу.  Замацаваць сказанае дзецям дапамаглі тэматычныя відэафільмы.

 Ну і традыцыйна, галоўны момант для дзяцей – прымераць вопратку пажарнага, пакіраваць струменем вады з сапраўднага пажарнага ствала.

Усё тое, што выратавальнікі перадаюць дзецям, павінна гарантаваць ім не толькі цудоўны летні настрой падчас адпачынку, але і бяспечную будучыню наогул!

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий