Бяспечнае свята - шчаслівы год — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Бяспечнае свята - шчаслівы год

24 декабря 2013 - Александра Джежора
article787.jpg

Пры ўстаноўцы навагодніх ёлак і правядзенні святочных  маскарадаў неабходна строга выконваць патрабаванні правілаў пажарнай бяспекі.

Найперш, чым устанаўліваць ёлку у школе ці дзіцячым садку, у  Доме культуры, узгадніце месца з прадстаўніком дзяржпажнагляду.

Ёлку ўстанавіце на ўстойлівай падстаўцы, каб яе галінкі і вярхушка не краналіся сцен, столі і мэблі і  далей ад ацяпляльных прыбораў (печаў, батарэй цэнтральнага ацяплення і г.д.). У грамадскіх месцах ёлку дазволена ўстанаўліваць не вышэй другога паверха, а ў драўляным будынку – толькі на першым. Гэтае памяшканне павінна мець не меней за два выхады, якія недапушчальна загрувашчваць нейкімі рэчамі, а дзверы замыкаць. Тут жа павінен знаходзіцца неабходны набор сродкаў пажаратушэння, а ўсе задзейнічаныя ў мерапрыемстве павінны ўмець правільна ім карыстацца.

У час правядзення мерапрыемства разам з дзецьмі пастаянна павінны знаходзіцца дарослыя (настаўнікі, выхавацелі). Дзяжурным трэба мець пры сабе спраўныя электраліхтары на выпадак адключэння электраэнергіі.

Дома таксама не пакідайце дзяцей адных каля елкі, а тым болей – пры уключанай елачнай ілюмінацыі.

Дарэчы, скарыстоўвайце толькі электрагірлянды завадской вытворчасці і не дапускайце самаробак. У выпадку якіх-небудзь непаладак  тэрмінова выключыце гірлянду і не ўключайце, пакуль не ліквідуеце няспраўнасць. Калі набываеце новую гірлянду, то спытайце ў прадаўца сертыфікат якасці.

У святочнай зале забараняецца цалкам выключаць святло, пакідаючы толькі ілюмінацыю, карыстацца каля елак хлапушкамі, бенгальскімі агеньчыкамі і іншай піратэхнікай, а тым болей  курыць, карыстацца запалкамі і запальніцамі.

Апошнім часам перавага надаецца штучным ёлкам. Аднак памятайце, што яны таксама пажаранебяспечныя.

Калі ўсё ж ёлка ці электрагірлянда загарэліся, то не губляйцеся. Перш-наперш адключыце гірлянду ад электрычнасці. Сінтэтычную ёлку адразу ж накрыйце грубай тканінай (падыдзе коўдра, пакрывала), бо тушыць яе вадой не рэкамендуецца. Сапраўдную ёлку з лесу тушыце любымі падручнымі сродкамі (заліце вадой, скарыстайце вогнетушыцель). А яшчэ заўсёды памятайце тэлефонны нумар службы выратавання “101”, дзе вас не пакінуць сам-насам з бядой і абавязкова дапамогуць.

 

Валерый МОЛАШ, старшы інспектар ГПіН райаддзела па НС.                                             

 

 

 

 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий