Бяспека на жніве – справа кожнага — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Бяспека на жніве – справа кожнага

28 июля 2015 - Administrator
article1848.jpg

 У гаспадарках раёна ідзе жніво. Але ў клопаце пра ўбраныя гектары і намалочаныя тоны ніяк нельга забываць і на бяспеку, тым болей – пажарную.

Цікавячыся, як выконваюцца патрабаванні Правіл пажарнай бяспекі падчас уборачнай кампаніі, мы наведалі некаторыя сельгаспрадпрыемствы раёна. Першым аб’ектам нашай увагі стаў СВК “Любішчыцы”. Тут непадалёку ад самога аграгарадка тры камбайны “Палессе”. Камбайны пры гэтым не забяспечаны надзейным прыкрыццем на выпадак узгарання – няма ні спецыялізаванай, ні прыстасаванай тэхнікі для тушэння агню. На полі мы сустрэлі галоўнага агранома гаспадаркі М. Р. Рыбака. Па яго словах, уласная пажарная аўтацыстэрна няспраўная і ў СВК прынята рашэнне звярнуцца па дапамогу ў райаддзел па НС. Усе камбайны забяспечаны парашковымі вогнетушыцелямі (па чатыры на кожным). Тут жа і два МАЗы, задзейнічаныя на адвозцы зерня з-пад камбайнаў. У вадзіцеляў і камбайнераў цікавімся навыкамі па скарыстанні вогнетушыцеля і наогул дзеяннямі пры пажары. Свае веды і дасведчанасць нам прадэманстраваў вадзіцель Руслан Балабанаў. Шкада, што такія веды ўласцівы далёка не кожнаму ўдзельніку жніва.

Зрэшты, адпаведна патрабаванням Правілаў пажарнай бяспекі, якія былі прыняты летась у ліпені, кожны работнік, задзейнічаны на ўборцы, павінен прайсці навучанне па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму, чаго ў дадзенай гаспадарцы на момант пачатку жніва не зроблена.  Вось і атрымалася, што аператары зернесушыльнага комплексу Мікалай Снітко і Аляксандр Гаўрылік увогуле не ўмеюць скарыстаць вогнетушыцель. На тэрыторыі зернесушыльнага комплексу дапускаецца курэнне, аб чым яскрава сведчаць шматлікія акуркі, абгарэлыя запалкі.
На рапсавым полі філіяла “Дабромысль” ААТ “Брэст-травы” працавалі два камбайны. Кожны з камбайнаў забяспечаны толькі двума парашковымі вогнетушыцелямі, а яшчэ ёсць каністра з вадой і пясок … у вядры (колькі яго там можа змясціцца?!). У дабавак вогнетушыцель замацаваны ў гарызантальным становішчы. Ёсць і па дзве рыдлёўкі, толькі на адным з камбайнаў яны з даволі нязручнымі, сукаватымі чаранкамі, праржавелыя. Стрэлка манометра аднаго з вогнетушыцеляў трывала замацавалася на чырвоным дзяленні манометра, што выклікае абгрунтаванае сумненне ў яго спраўнасці. Вогнетушыцель другі завешаны ўвесь рамянямі, што ўскладняе яго бесперашкоднае прымяненне. Горш за тое, што амаль усе механізатары і вадзіцелі не ўмеюць карыстацца вогнетушыцелям. Таму ранкам наступнага дня з камбайнерамі і іх памочнікамі былі праведзены заняткі па навучанню іх правілам пажарнай бяспекі на жніве. У філіяла ёсць уласная аўтацыстэрна, толькі помпа з яе яшчэ рамантуецца...

Наведалі мы ў той жа дзень і збожжасушыльны комплекс у Дабромыслі. Аператар КЗС Аляксандр Янкоўскі быў на сваім працоўным месцы і расказаў нам ледзь ці не ўвесь алгарытм дзеянняў пры пажары. А вось курэнне і тут дапускаецца па-за вызначанымі месцамі. Неадкладнага рамонту патрабуе маланкаахова на шэрагу будынкаў зернесушыльнага комплексу. Дэтальнага рамонту патрабуе ўся сістэма электразабеспячэння зернесушылкі: не замацаваныя і не закрытыя накрыўкамі электраразмеркавальныя каробкі, не зачыненыя плафонамі лямпачкі, не замацаваныя і злучаныя скруткай электрапровады.

Паблізу Вялікай Гаці на ячменным полі працавалі два камбайны “Палессе” СВК “Святая Воля”, тут жа МАЗы-самазвалы для адвозу зерня, трактар МТЗ з бочкай, запоўненай вадой, са спраўнай помпай і шлангам. Абодва камбайны забяспечаны неабходнай колькасцю вогнетушыцеляў, ёсць каністры з вадой, скрыні з пяском, рыдлёўкі. Усе  камбайнеры, іх памочнікі і вадзіцелі маюць пэўны запас ведаў па скарыстанні парашковых вогнетушыцеляў і іншых дзеянняў у выпадку загарання тэхнічных сродкаў.

Шэраг недахопаў былі выяўлены падчас рэйдаў у СВК “Косава”, дзяржаўным прадпрыемстве “Эксперыментальная база “Майск,” СВК “Пагор’е”.
Кіраўнікам, усім адказным асобам сельгаспрадпрыемстваў і ўсім задзейнічаным на ўборцы, перапрацоўцы і захаванні збожжа трэба ўхіліць усе парушэнні, якія так ці інакш складаюць умовы для з’яўлення на палях і зернесушыльных комплексах некаторых гаспадарак магчымага пажару. Трэба, нарэшце, стварыць надзейную заслону ад агню і сельскагаспадарчай тэхніцы, і збудаванням, і самому ўраджаю.
Віталій Дыдышка, намеснік начальніка  райаддзела па НС.
Валерый Молаш, старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС.
Комментарии (0)
Добавить комментарий