Чарговая і першая ў гэтым годзе ахвяра пажару — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Чарговая і першая ў гэтым годзе ахвяра пажару

26 января 2016 - Александра Джежора
article2210.jpg


На працягу мінулага 2015 года ў населеных пунктах нашага раёна было зарэгістравана 58 пажараў, што на тры вогненныя здарэнні меней, чым у 2014 годзе. Ахвярамі пажараў сталі пяць чалавек, а на працягу 2014 года ў агні і дыме загінулі 8 нашых землякоў. Чацвёра загінуўшых сталі ахвярамі ўласнай неабачлівасці, абыякавасці пры карыстанні агнем падчас курэння.

Дарэчы, менавіта па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём адбылося 27 пажараў, з іх віноўнікамі дзесяці  ўзгаранняў аказаліся неахайныя курцы. Печы і іншыя ацяпяльныя прыборы выклікалі 12 пажараў (у 2014 годзе – 16), аднак толькі ў двух выпадках печы былі няспраўнымі. У дзесяці іншых уладальнікі печаў груба ігнаравалі патрабаванні правілаў пажарнай бяспекі.  У выніку парушэння правілаў тэхнічнай эксплуатацыі электраабсталявання ці электрапрыбораў разгарэлася 9 пажараў.  Двойчы летась “чырвоны певень” сыходзіў з дзіцячых рук.

Матэрыяльны ўрон ад леташніх пажараў склаў болей за два  мільярды рублёў.

Найбольш пажараў зарэгістравана ў райцэнтры – сем выпадкаў,  і шэсць пажараў адбылося ў Целяханах. Да найбольш гаручых населеных пунктаў можна аднесці аграгарадкі Быцень (3 пажары), Любішчыцы (4 пажары), Святая Воля (4 пажары), вёску Рудня (3 пажары). На працягу мінулага года не рэгістравалася  пажараў у Косаве і вёсках Дабромысельскага сельвыканкама. Па адным пажары здарылася на тэрыторыях  Волькаўскага сельвыканкама (в. Волька), Амельнянскага (в. Глінная) і Яглевіцкага (в. Яглевічы) сельвыканкамаў, а таксама ў агр. Аброва. З дзесяці населеных пунктаў Стайкаўскага сельвыканкама два пажары зарэгістравана толькі ў агр. Гошчава.

Дарэчы, ёсць у раёне і такія населеныя пункты, дзе пажараў, на шчасце, не адбывалася на працягу апошніх дзевяці-дзесяці гадоў. І хоць гэта найперш маленькія вёсачкі з невялікай колькасцю жыхароў, аднак гэта даволі станоўчы рэзультат абачлівасці яе жыхароў. Да такіх вёсак можна аднесці Даргужы, Куляшы, Хадоркі, Лазаўцы, Сакоўцы, Коханава, Ёдчыкі, Альшаніца, пас. Югалін.

У  студзені бягучага года адбылося  шэсць узгаранняў. А сярод белага дня 18 студзеня здарыўся пажар у вёсцы Дубітава, у хаце мясцовага жыхара, 1965 года нараджэння. Гаспадар дома загінуў. Абставіны, якія выклікалі пажар, высвятляюцца.

Валерый  Молаш, старшы  інспектар групы  прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий