Да халадоў трэба рыхтавацца загадзя — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Да халадоў трэба рыхтавацца загадзя

10 августа 2016 - Александра Джежора
article2619.jpg

 Набліжаецца ацяпляльны сезон. Прыйшоў час паклапаціцца аб стане ацяпляльных прыбораў. У некага ў доме гэта газавае абсталяванне, а для большасці вяскоўцаў крыніцай цяпла ў зімовую сцюжу  па-ранейшаму застаецца звычайная ацяпляльная печ.

Да рамонту печы, а тым болей да пабудовы новай трэба прыступаць загадзя, а не цягнуць да халадоў. Калі вырашылі пабудаваць новую печ, то ведайце, што яна будуецца на асобным фундаменце, яе корпус павінен быць суцэльным, атынкаваным і пабеленым. Тыя ж работы прарабіце і з дымаходам на гарышчы. Дарэчы, недапусціма выкарыстоўваць у якасці дымахода металічныя, керамічныя ці асбеста-цэментныя трубы. Абавязкова прадбачце пры пабудове новай печы проціпажарныя адступкі ад корпусу самой печы да драўляных канструкцый: перакрыцце і сцены. І варта часцей бываць на гарышчы, аглядаць дымаход: як толькі на пабелцы заўважыце чорныя плямы, пакінутыя праходзячым дымам праз трэшчына, якія з цягам часу могуць з’явіцца, тэрмінова ліквідуйце іх і пабяліце нанава. Не ператварайце гарышчы сваіх дамоў у склады непатрэбных рэчаў. Увогуле, усё згаральнае не проста захоўвайце падалей ад дымахода, а лепей не пакідайце на гарышчы.

Суцэльным, без трэшчын утрымоўвайце і корпус печы незалежна ад яе прызначэння: ацяпляльная ці варачная. Мэблю устанавіце не бліжэй за паўметра ад корпуса печы, не сушыце на печах адзенне і абутак. У моцныя маразы не дапускайце перапалу печаў, што цягне за сабой заканамернае з’яўленне трэшчын. Паліце печы двойчы-тройчы на дзень, а не адзін раз і працяглы час. Не спяшайцеся зачыняць заслонку дымавой трубы пакуль не пераканаецеся, што ўсё канчаткова дагарэла. Асабліва будзьце пільнымі, калі паліце торфабрыкетам. А вось дзверкі тапліўніка наадварот патрэбна зачыняць, калі паліцца ў печы, каб пазбегнуць выпадзення гаручага вуголля. У дабавак на згаральнай падлозе перад тапіўнікам неабходна прыбіць металічны ліст памерам 50х70 см. Дарэчы, з 8-мі пажараў, зарэгістраваных сёлета ў раёне па віне пячэй толькі ў двух выпадках печы былі няспраўнымі. Прычына астатніх банальная: пакінутая распаленая печ без нагляду і з расцыненымі дзверкамі. А таму не забудзьцеся на тое, што нельга пакідаць печ, калі ў ёй паліцца, без нагляду, даручаць сачыць за паленнем у печы малым дзецям, ды і ўвогуле пакідаць дзяцей адных у тым пакоі, дзе паліцца ў печы.

Ніколі не распальвайце дровы ў печы з дапамогай бензіну і іншых лёгкаўзгаральнах вадкасцяў. Скарыстайце для распалу паперы, бярозавую кару, кавалачкі гумы. Небяспечна паліць у печах дровамі, якія па даўжыне перавышаюць даўжыню тапліўніка. Рэгулярна ачышчайце тапліўнік ад попелу і выносьце яго не бліжэй за 15 м. ад пабудоў уласных і суседскіх, для большай упэўненасці закідайце снегам (калі ёсць) альбо заліце вадой. Некаторыя практыкуюць збіраць попел на працягу зімы, каб потым скарыстаць яго, як угнаенне на агародзе. Для збору часам прыстасоўваюць мяшкі ці нейкія скрыні са згаральных матэрыялаў, што надзвычай небяспечна, бо ў попеле могуць застацца тлеючыя вугольчыкі і тады да вогненнай бяды рукой падаць.

Рэгулярна на працягу ацяпляльнага перыяду ачышчайце ад сажы і дымаходы пячэй: сажа, што там накопліваецца, мае ўласцівасць загарацца, а гэта падстава для з’яўлення трэшчын у дымаходзе.

Як сведчыць статыстыка, небяспеку тоіць у сабе і парушэнне эксплуатацыі газавых ацяпляльных прыбораў. Каб пазбегнуць бяды ў выглядзе выбуху ці атручэння чадам, неабходна пераканацца, што запорныя сістэмы на падаючым і зваротным трубаправодах да катла адчынены, а разам адчынены і ўсе запорныя  устройствы, усталяваныя ў сістэме ацяплення. Кандэнсат з ніжняга кармана дымавой трубы для катлоў, працуючых з натуральнай цягай, неабходна зліць. Уважліва агледзьце агалоўкі дымаходаў, каб пераканацца, што яны не абледзянелі і не закупораныя чым-небудь. Не разагравайце замерзлыя трубы  адкрытым агнём (гэта можа прывесці да пажару): карыстайцеся гарачай вадой ці пяском. У час палення катла пастаянна кантралюйце ціск – калі ён расце і набліжаецца да максімальна дапусцімага, то неабходна адразу ж перастаць паліць і ўдаліць з катла ўсё паліва.

Таксама ў зімовыя маразы нельга скарыстоўваць для абагрэву кватэр газавыя пліты з гаручымі камфоркамі: адкрытае полымя выпальвае кісларод і яго становіцца недастаткова для нармальнага рэжыму работы гарэлак. З-за недахопу кіслароду газ згарае часткова, у выніку чаго і ствараецца чад.

Будзце пільнымі, абачлівымі і асцярожнымі. Своечасова рыхтуйцесь да  ацяпляльнага сезону.

 

Валерый  Молаш, старшы  інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий