Дамы зімоўкі — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Дамы зімоўкі

21 февраля 2018 - Александра Джежора
article3774.jpg

 У Беларусі сёлетняй зімой арганізавана болей за 120 дамоў зімоўкі. Па словах спецыялістаў, сутнасць гэтай інавацыйнай формы сацыяльнага абслугоўвання састарэлых грамадзян заключаецца ў тым, што двое-трое людзей сталага ўзросту (звычайна суседзі ці аднавяскоўцы) аб’ядноваюцца  для сумеснага пражывання ў зімовы перыяд у адным з належачых ім дамоў, дзе іх абслугоўвае сацыяльны работнік.

Два такія  дамы зімоўкі ўтвораныя і ў нашым раёне: у вёсцы Альшаніца і аг. Аброва. У Альшаніцы адзінокая Лізавета Міхайлаўна Шчурская, 1929 г.н. перабралася на зімовы перыяд у хату да адзінока пражываючай Аляксандры Міхайлаўны Шыманчык, якая маладзейшая за сваю сяброўку амаль на 10 гадоў. Печ у іхняй цяпер ужо агульнай хаце спраўная, грэе добра, пры яе першапачатковай пабудове былі выкананы ўсе асноўныя патрабаванні  пажаранебяспечнасці, корпус печы суцэльны, гладка атынкаваны і акуратна пабелены. Дымаход на гарышчы таксама атынкаваны і пабелены. Цалкам адпавядае патрабаванням правілаў пажарнай бяспекі і электраправодка. У хаце чыста прыбрана, цёпла і ўтульна. Устаноўлены тут і аўтаномны пажарны апавяшчальнік (на ўсялякі пажарны выпадак).

Часта наведвае гэтых дзвюх бабуль і прадстаўнік Інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па НС Аляксандр Міскевіч. Цікавіцца станам печы і электрапрыбораў, спраўнасцю АПА, нагадвае аб пільнасці, абачлівасці і асцярожнасці пры паленні ў печы і наогул пры карыстанні агнём, аб мерах супрацьпажарнай бяспекі і мерах засцярогі ў зімовы перыяд, а таксама знаходзячыся на вуліцы.

Дзве адзінокія бабулі аб’ядналіся і ў Аброве: у сваёй хаце 80-гадовая Марыя Мікалаеўна Лучыц прыняла старэйшую на пяць гадоў Ульяну Мікалаеўну Негуляеву. Вось так і бавяць доўгія зімнія вечары разам цяпер ужо зусім не адзінокія бабулі. І пануе ў іх хатах давер і ўзаемадапамога.

Валерый Молаш, старшы інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

Комментарии (0)
Добавить комментарий