Дом застаўся без даху... — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Дом застаўся без даху...

15 января 2015 - Александра Джежора
article1445.jpg


За мінулы год  у населеных пунктах раёна зарэгістравана 15 выпадкаў пажараў з прычыны неправільнай эксплуатацыі ці няспраўнасці ацяпляльных прыбораў. Найчасцей гэта — печы. Колькасць такіх пажараў пастаянна ўзрастае прамапрапарцыянальна паніжэнню слупка тэрмометра. Менавіта тады ўладальнікі печаў пачынаюць іх эксплуатаваць на ўсю моц, не зважаючы ўвагі на нейкія непаладкі альбо парушэнні. Тады часта проста ігнаруюцца і элементарныя патрабаванні правілаў пажарнай бяспекі.

У першыя дні Новага 2015 года адбылося два пажары, віной якіх сталі звычайныя печы. Так, ужо ў  палове дзясятай гадзіны вечара 1 студзеня здарыўся пажар у вёсцы Вулька-Целяханская. У гэты дом час ад часу наведваюцца гаспадары з Ленінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Печ, якая пабудавана каля 20-ці гадоў таму, эксплуатавалася апошнім часам рэдка і на яе стан ніхто не зважаў увагі. А тут прыкметна пахаладала. Гаспадары пратапілі печ, а самі накіраваліся да сваякоў у Целяханы. Падчас вяртання іх чакаў даволі непрыемны сюрпрыз у выглядзе прагараў драўляных канструкцый перакрыцця дома каля дымаходу.  Сам дымаход не быў атынкаваны, даўно не ачышчаўся ад сажы, больш таго: у корпусе з’явіліся трэшчыны. Усё гэта ва ўмовах моцнага прапалу і паспрыяла ўзнікненню пажару.

А вось у Старажоўшчыне драўляны дом застаўся, што называецца, без даху пасярод зімы. Агонь, які таксама сышоў з печы, знішчыў шыферны дах і пашкодзіў перакрыццё. І тут сітуацыя аналагічная папярэдняй, толькі матэрыяльны ўрон значна большы. Самі гаспадары жывуць у Косаве.

Нагадаю, што ў моцныя маразы печы трэба паліць двойчы-тройчы на дзень, а не адзін раз працяглы час. Сачыце за спраўнасцю сваіх печаў пастаянна. Падвойце свае пільнасць і абачлівасць, калі не паспелі па нейкіх прычынах своечасова правесці рамонт печаў. Памятайце, што няспраўныя печы эксплуатаваць забаронена. Усё згаральнае (найперш вопратка і пасцельныя рэчы, мэбля) павінны быць аддаленыя хоць бы на паўметра ад корпусу печы.

А самае галоўнае: не пакідайце распаленыя печы без нагляду і не паліце печы з расчыненымі дзверкамі. На падлозе не складвайце дровы перад тапліўнікам. У пакоі, дзе паліцца печ, не пакідайце адных малых дзяцей і не дазваляйце ім самастойна распальваць у печах ці сачыць за іх паленнем. І ніякіх лёгкаўзгаральных вадкасцяў каля печы, якія можна было б скарыстаць для распалу! Не паліце печы дровамі, даўжыня якіх перавышае даўжыню тапліўніка.

 Печ павінна быць крыніцай цеплыні і ўтульнасці у вашай хаце, а не крыніцай пажару.

Засцеражыце сябе і сваё жыллё ад пажару!

 

Валерый  Молаш, старшы інспектар групы прапаганды і навучання райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий