Два пажары ад навальніцы — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Два пажары ад навальніцы

article3320.jpg

 У пятніцу, 21 ліпеня стыхія абрушылася на шэраг населеных пунктаў целяханшчыны. Тут пацярпелі вёскі Амяльная, Глінная, Коланск (сарваны шыфер з пабудоў, паламаныя і выкарчаваныя дрэвы), моцна пацярпелі сельгаскультуры на палетках сельскагаспадарчых ААТ і фермераў. Асабліва лютуе сёлетнім летам навальніца. Так, толькі 25 ліпеня на працягу сутак зарэгістравана чатыры пажары па прычыне ўдару маланкі: па адным пажары ў Бярозаўскім і Пружанскім раёнах, адразу два пажары ў нашым раёне.

Першы пажар здарыўся каля трох гадзін дня на падворку пенсіянеркі з в. Гічыцы, дзе загарэўся драўляны гаспадарчы хлеў, агонь перакінуўся на суседнюю дашчаную пабудову. У выніку агнём знішчаны дах і перакрыццё будыніны, пашкоджаны сцены.

Увечары навальніца зноў вярнулася на тэрыторыю нашага раёна і ўжо на пачатку адзінаццатай гадзіны вечара запалала буйным полымем гаспадарчая пабудова у в. Рэчкі, у гаспадарцы мясцовага пенсіянера.  І тут агонь амаль цалкам знішчыў будынак.

Нагадаю, што абараніць любую пабудову ад ўдару маланкі можа і павінен спраўны маланкаадвод. Усталяваць маланкаахову трэба вясной, да пачатку маланкавага перыяду і як толькі высахне глеба. У раёне гэтыя работы выконвае вытворчы ўчастак добраахвотнага пажарнага таварыства. Кошт аднаго маланкаадвода вагаецца ў памеры ад 150-ці да 200 рублёў у залежнасці ад зрасходаванага матэрыялу. Пры гэтым гараджане болш абаронены падчас навальніцы, чым жыхары вёсак, бо тут амаль паўсюдна ёсць маланкаахова. На жаль,  ад маланкі гінуць і людзі. Каб пазбегнуць бяды, трэба выконваць  меры бяспекі ў навальніцу. Узгадаем іх. Дома патрэбна адключыць усе электрапрыборы ад электрасеткі, зачыніць вокны і форткі, спыніць паленне дроў у печах і камінах. Небяспечна карыстацца тэлефонамі як праваднымі, так і мабільнымі.

Хавацца ў лесе патрэбна пад невялікімі дрэвамі з густой кронай, кустамі. Дарэчы скарыстаць арэшнікі, бо ў іх амаль ніколі не трапляе маланка. Бадай самымі маланканебяспечнымі дрэвамі з’яўляюца дуб, сасна, таполя, асіна, а вось у бярозу,  ліпу і клён маланка б’е значна радзей. Таксама небяспечна сядзець каля кастра (дым ад яго электраправодны). Не можа гарантаваць бяспеку палатка з яе металічнымі канструкцыямі. Не забывайцеся, што маланка можа патрапіць у адно і тое ж месца некалькі разоў.На адкрытай мясцовасці (поле ці лузе) небяспечна ўзвышацца і тым самым аказацца самым высокім прадметам, бо маланка цаляе менавіта ў іх. Трэба прысесці ў нізіне, накрыцца чым-небудзь, выключыць тэлефон, адкінуць падалей металічныя прадметы, калі яны ёсць (найперш гэта прадметы сельгасінвентара). Металічныя ўпрыгожанні, кшталту ланцужкоў, пярсцёнкаў, бранзалетаў з гадзіннікам неабходна зняць і пакласці ў кішэню. Памятайце, што ў навальніцу нельга бегчы, хадзіць басанож. Памятайце таксама і аб электраправоднасці вады і ў навальніцу трымайцеся падалей ад вадаёмаў, не купайцеся. Калі ехалі на мапедзе, матацыкле, веласіпедзе, скутары і г.д., то тэрмінова спыніцеся і на час навальніцы адыдзіце ад іх падалей. А вось калі навальніца спасцігла вас у аўтамабіле, то ў ім і заставайцеся: гэта бяспечна з-за гумы на колах аўто. Толькі зачыніце вокны, убярыце вонкавую антэну, вуключце радаёпрыёмнік ці магнітолу. Пры гэтым стаўце сваё аўто падалей ад высокіх дрэў, электрычных слупоў і апор ліній электраперадач, рэкламных шчытоў, ад старых, хісткіх будынкаў.  

Валерый  Молаш, старшы інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 


Комментарии (0)
Добавить комментарий