Фінальная гульня — Івацэвіцкі веснік - газета Івацэвіцкага раёна || Ивацевичский район


Фінальная гульня

article3158.jpg

 У Актавай зале ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” прайшоў ХХIII раённы конкурс юных знаўцаў пажарнай справы сярод вучняў пачатковых класаў.

 Апошнім часам удзельнікамі конкурсу з’яўляюцца чацвёртакласнікі. Нагадаю, што фінальнай дзіцячай супрацьпажарнай гульні на сцэне папярэднічалі шэсць занальных адборачных тураў. Іх пераможцы і павялі барацьбу за званне лепшай каманды юных вогнеборцаў раёна. У фінале згулялі каманды з аднолькавай назвай “Агеньчык” ДУА “Стайкаўская СШ”, ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” і ДУА “Даманаўская СШ”, каманда “Каланча” у складзе прадстаўнікоў ДУА “Аброўская СШ”, каманда “Саламандра” прадставіла ДУА “Косаўская СШ” і каманда “БЭМС” складалася з вучняў 4 кл. ДУА “Рэчкаўская СШ”.

Разам з традыцыйным конкурсам “Прывітанне” хатнім заданнем камандам адпаведна Палажэнню трэба было падрыхтаваць “Гумарэску” супрацьпажарнай тэматыкі, а таксама самаробку і сценгазету ці фотавітрыну, якія б адлюстроўвалі пажарна-прафілактычную работу прадстаўнікоў каманды ў сваёй школе, населеным пункце па месцы жыхарства “Усё пра нас”. Далей у ходзе спаборніцтваў рабятам трэба было вызначыць класіфікацыю, абазначэнне і прымяненне самых распаўсюджаных знакаў пажарнай бяспекі, скамплектаваць аптэчку з набору медыкаментаў, якая неабходна для аказання першай медыцынскай дапамогі пацярпеламу пры пажары. У складзе конкурснай праграмы была эстафета “Патушы пажар”, дзе кожнаму з шасці ўдзельнікаў каманды трэба было прарабіць нейкае дзеянне, якое адпавядае рабоце выратавальнікаў пры тушэнні пажару. Мелі магчымасць праявіць свае здольнасці і веды асноў бяспечнай жыццядзейнасці і капітаны каманд у адпаведным конкурсе, адказваючы на пытанні проціпажарнай віктарыны. Астатнія пяць прадстаўнікоў каманд у гэты час шукалі адказы на пытанні-тэсты. Усе гэтыя заданні сумарна і вызначалі пераможцаў згодна набраных балаў.

Такім чынам перамогу, набраўшы 36,5 балаў конкурснае журы прысудзіла камандзе “Агеньчык” ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”. Камандзе-пераможцы прадастаўлена магчымасць здзейсніць экскурсію па Івацэвічах на сапраўднай пажарнай машыне.

Увогуле, астатнія прызавыя месцы таксама занялі “Агеньчыкі”: каманда Стайкаўскіх школьнікаў заняла другую ступеньку пераможнага п’едэсталу, а Даманаўскія юныя вогнеборцы занялі ганаровае трэццяе месца.

Каманды-пераможцы ўзнагароджаны Граматамі арганізатараў конкурсу: райаддзела па НС і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Кожны ўдзельнік атрымаў падарунак.

Кожны прадстаўнік каманды, якія па выніках спаборніцтваў не  ўвайшлі ў тройку лідараў атрымали заахвочваючыя прызы.

Адзначаны Граматай і іпадарункам  лепшы капітан каманды. Ім журы абрала Мікіту Лучыца, капітана каманды “Каланча” ДУА “Аброўская СШ”. За свае артыстычныя здольнасці Граматай і падарункам таксама адзначана Дзіяна Пархомік з каманды Стайкаўскай СШ.

Валерый  Молаш, старшы інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий